Вторник, 29 сентября 2020

Как Мамай прошел. Вера Терехова о популярных пружанских фамилиях

1 376

Ад імя Лаўр (Лаўрэнцій), што літаральна азначае “лаўровае дрэва”, утварыліся такія прозвішчы, як Лаўранюк, Лаўруціч, Лаўрыновіч, Лаўрэнаў.

Лісце і галінкі лаўровых дрэў шырока выкарыстоўваліся ў хрысціян першых стагоддзяў. Паводле сведчання Рыгора Турскага (510 – 595 гг.), у яго час пад целы памерлых падсцілалі лаўровае лісце. На грабніцах і старажытнахрысцінскіх помніках часта сустракаюцца выявы лаўровых дрэў і вянкоў. А яшчэ раней, у старажатнай Грэцыі, пераможцаў Алімпійскіх спаборніцтваў ушаноўвалі лаўровымі вянкамі, падкрэсліваючы тым самым, што яго носьбіт – улюбёнец багоў.

Не выключана таксама, што гэтыя прозвішчы маглі мець дачыненне да грэчаскага слова “лаўра” – назвы буйных мужчынскіх праваслаўных манастыроў, якія падпарадкоўваліся  найвышэйшай царкоўнай уладзе – Сіноду. Прозвішча мог атрымаць чалавек, які меў нейкія адносіны да лаўры.

Цэлы шэраг сённяшніх  нашых прозвішчаў  мае цюрскае паходжанне. У іх ліку – Мамановіч, Мамайка.

Мамон ці Мамона ў некаторых старажытных народаў – назва бажаства багацця, упамінаецца ў Евангеллі: “Не можаце служыць Богу і мамоне”. Выраз “служыць мамоне” ўжываецца ў значэнні  “клапаціцца пра багацце, матэрыяльныя каштоўнасці, быць у палоне матэрыяльнай асалоды”. Недарэмна ж словам “мамон” у простым народзе называлі ненажэрныя вантробы, пуза. Мамона ў хрысціянскіх тэкстах – злы дух, які ўвасабляе скнарлівасць, хцівасць, ганебныя патрэбнасці.мамай

Мамай – асабістае прозвішча  цюрскага паходжання. Так называлі дужага, але някемлівага, няўмелага чалавека. Існуе прымаўка: “Пуста, як  Мамай прайшоў”. Захавалася яна з часоў татарскага нашэсця, з часоў, калі самым магутным ханам Залатой Арды быў Мамай. Ён вылучаўся асаблівай жорсткасцю і спусташальнымі набегамі. Як вядома, войскі гэтага хана былі разбіты ў верасні 1380 года на Кулікоўскім полі. Чалавек, які застаўся ў Беларусі пасля нашэсця татар, мог займець прозвішча Мамайка. Дарэчы, у Вялікім Княстве Літоўскім адным з самых знакамітых быў род Глінскіх, заснавальнікам якога лічыўся ўнук залатардынскага хана Мамая  — Лекса. З 1507г. ваеводай Навагрудскім быў Іван Львовіч Глінскі, якога называлі Мамаем. Магчыма, Мамайка быў чалавекам, які служыў у гэтага Глінскага.

На Пружаншчыне даволі распаўсюджаныя такія прозвішчы, як Мартынаў, Мартынчук, Мартынюк, Марціновіч, Мартысюк, Марцінкевіч, Мартысевіч…  Яны паходзяць ад лацінскага імя Марцін – “належачы Марсу – богу вайны”, “ваяўнічы”.

Напэўна, усім вядома  гістарычная асоба  Марціна Лютэра. Прафесар багаслоўя ва ўніверсітэце горада Вітэнберг, вучоны манах, ён у 1517 годзе выступіў супраць бессаромнага продажу  індульгенцый – грамат аб дараванні грахоў. Яго выступленні ўскалыхнулі ўсю краіну, Лютэр быў абвінавачаны ў ерасі і пракляты  папам. Імператар, які стаяў на баку папы, выклікаў Лютэра на з’езд князёў. Ад яго рашуча патрабавалі адмовіцца ад сваіх  поглядаў, але “вераадступнік” заняў цвёрдую пазіцыю і заявіў: “На гэтым я стаю і не магу інакш!” Імператар зрабіў спробу арыштаваць Лютэра, але на яго абарону сталі рыцары, а адзін з князёў схаваў яго ў сваім замку.

Не выключана таксама, што першапачаткова згаданыя прозвішчы пайшлі ад назвы месяца мартынус – рускі март, наш – сакавік.

Зададзімся пытаннем: што агульнага ў прозвішчаў Нікалаеў і, напрыклад, Калюховіч? На першы погляд – нічога. Аднак гэта не так. Такія прозвішчы, як Нікольскі, Нікалаеў, Нікалаенка, Нікалаюк, Мікалайчук, Мікус, Мікулік, Калюта, Калюга, Калюховіч, на думку вучоных, маюць агульнае паходжанне – ад грэчаскага імя Нікалас. “Ніке” азначае “перамога”,  “лаос” – народ, а літаральна – пераможца народаў. Ад гэтага імя з’явіліся такія формы, як Нікола, Мікола, Коля, імя Мікула – старажытнабеларускі варыянт Міколы.

У праваслаўных хрысціян шануецца асоба  свяціцеля Мікалая. Ён нарадзіўся ў ІІІ стагоддзі ў Малой Азіі, рос у дабрачыннай хрысціянскай сям’і. Яшчэ маладым стаў свяшчэннікам, робячы мноства добрых спраў для сваёй паствы. Падчас ганенняў на хрысціянства свяціцель Мікалай быў пасаджаны ў цямніцу, дзе падтрымліваў вязняў. Пасля вызвалення зрабіў шмат добрых спраў і цудаў: малітвамі выратаваў  свой горад ад голаду, ратаваў тапельцаў і незаконна асуджаных. Памяць пра свяціцеля Мікалая адзначаецца два разы на год – 19 снежня і 22 мая. На гэты час прыходзіцца народнае свята ў гонар Мікалая Угодніка, якога з-за створаных ім цудаў называюць цудатворцам.

Ад лацінскага імя Пракофій (Пракоп) пайшлі прозвішчы Пракаповіч, Пракапеня, Пракопчык, Пракапец, Пракоп’еў, Пракапчук, Пракапюк. Імя гэтае перакладаецца як “стаячы наперадзе, апярэджваючы, першы сярод роўных”. Слова “пракопас” азначае выняты, аголены меч, падрыхтаваны для барацьбы.

Вера ЦЕРАХАВА.

(Працяг будзе).

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *