Понедельник, 28 сентября 2020

Вера Терехова о популярных пружанских фамилиях. Продолжение

1 321

Прозвішчы Дзмітрыеў, Дзмітрэнка паходзяць ад імя Дзмітрый — той, хто мае дачыненне да Дзяметры.  Хто ж такая, гэтая таямнічая Дзяметра? Багіня Дзяметра — сястра Зеўса, багіня земляробства і ўрадлівасці. Менавіта яна,  калі верыць паданням, навучыла людзей гаспадарыць на збожжавай ніве.

Дзімітрый – царкоўна-славянскае імя. Святы Дзімітрый (пачатак 4 стагоддзя) быў рымскім праконсулам, а яго бацькі – тайнымі хрысціянамі. Хрысціянства было афіцыйна прызнана ў 325 годзе, а да гэтага часу паслядоўнікі Хрыста  цярпелі ганенні. Знаходзячыся на такой высокай пасадзе, Дзімітрый  пачаў адкрыта прапаведаваць новую веру, за якую ў рэшце рэшт прыняў пакутніцкую смерць.demeter04

Славянскія воіны лічылі вялікамучаніка Дзімітрыя сваім ахоўнікам.

Заўважана, што Дзмітрыі – разумныя, рашучыя, валявыя людзі, з якімі, аднак, нялёгка сябраваць. Смеласць і напорыстасць, абаянне і жорсткасць, знаходлівасць і працалюбства  дапамагаюць Дзмітрыям дасягаць прафе-сійных вышынь.

Зараз даволі рэдка сустракаецца імя Ігнат, Ігнась, так распаўсюджанае ў свой час на Беларусі. Прыйшло імя з лацінскай мовы, дзе адпавядала слову “ігнатус”, што азначае “невядомы, чужак”. Менавіта ад гэтага імя паходзяць прозвішчы Ігнатаў, Ігнатовіч, Ігнашоў, Ігнаценка.

Калі верыць даўняму паданню, Ігнацій Баганосец быў тым дзіцем, якога Ісус Хрыстос узяў на рукі і паставіў у прыклад чысціні і невінаватасці. Апосталы прызначылі яго кіраўніком царквы ў Анціохіі. Ігнацій кіраваў цэлых сорак гадоў і прапаведаваў хрысціянства. Калі яго прывялі да прыбыўшага ў Анціохію імператара Траяна, які прыняў рашэнне пакараць смерцю прапаведніка забароненай веры, Ігнацій без  страху сустрэў гэтую звестку, не адмовіўся ад хрысціянства. Цела Ігнація было кінута на з’ядзенне дзікім звярам у рымскім амфітэатры. Было гэта ў 107 годзе пасля Нараджэння Хрыстова.

Ад імя Іван і шматлікіх вытворных ад яго (Іваша, Ваня, Іванка, Ян, Янка, Януш, Ясь) утварылася мноства прозвішчаў, сярод якіх, акрамя даволі распаўсюджанага Іванова, напрыклад, Іванцоў, Іваненка, Іваніцкі, Іванчык, Івашка, Івановіч, Івашкевіч, Ванека, Януш, Янушка, Янушкевіч, Янюк, Янчук, Яскевіч, Ясько, Ясечка, Янкоўскі, Янучэня…

Іван бярэ свой пачатак ад старажытнаяўрэйскага імя Іаан – “міласць Божая”. Думаецца, для чытачоў будзе цікавай  легенда, звязаная з  Іаанам – вялікім падзвіжнікам чалавечай чысціні 8 стагоддзя, які займаў важную дзяржаўную пасаду ў Дамаску – сённяшняй сталіцы Сірыі. Яго паважалі, да яго прыслухоўваліся.  Але на яго нагаварылі, абвінавацілі ў здрадзе. Князь загадаў адсекчы Іаану руку, якая нібыта пісала паклёпніцкае пісьмо. Іаан просіць аддаць яму адсечаную кісць, прыкладае яе да рукі і слёзна просіць Маці Божую даказаць яго невінаватасць. І адбыўся цуд: адсечаная частка зраслася. Тады ў знак удзячнасці Іаан вырабіў з серабра кісць рукі і прыклаў яе да іконы, якая пачала называцца “Троеручыца”. Пазней Іаан перанёс яе ў лаўру Іерусаліма, куды і сам перасяліўся.

Тыя, хто носіць прозвішчы Ільін, Ількавец, Ільюшонак, Ільяшук, Ільяшэвіч, Ількевіч, наўрад ці сумняваюцца ў тым, што яны паходзяць ад імя Ілья. Так яно і ёсць. Ілья – старажытнаяўрэйскае імя і азначае “Божая моц”.

2 жніўня святкуецца Ільін дзень, свята ў гонар ветхазаветнага прарока, якога вельмі шануюць у народзе. Згодна з біблейскімі паданнямі, Ілья тварыў цуды, за што жывым узнёсся на нябёсы. Мяркуецца, што Ілья, акрамя апякунства над нівай і дапамогі земляробам,  выступае яшчэ і ўладаром дажджоў, маланак і грому, абараняе ад ўсялякага зла.

Назіранні сведчаць: Ілья настолькі добры, што на яго нельга доўга злавацца. Ён, хоць і ўспыльчывы, але адходлівы. Адмоўная якасць – няўменне разбірацца ў людзях, падбіраць верных сяброў.

Са святым іменем звязаны таксама прозвішчы Крыштафовіч, Крыштапчук, Крыштопчык, Крыштопа. Імя Хрыстафор (Крыштафор) складаецца з двух грэчаскіх слоў:  “Хрыстос” і “фера”, што літаральна азначае “носьбіт імя Хрыстос”.  Святога Крыштафора славяне шануюць як апекуна ад неспадзяванай смерці. Менавіта таму ён у асаблівай пашане ў вадзіцеляў машын (25 ліпеня – дзень святога Крыштафора).

Цікавае паходжанне маюць прозвішчы Лазар, Лазараў, Лазарук, Лазурэнка, у аснову якіх пакладзена старажытнаяўрэйскае імя Лазар (Элейзар) – “Бог памог”. У Бібліі Лазар – хворы жабрак, якога, згодна з легендай, Ісус Хрыстос уваскрасіў з мёртвых за яго жыццёвыя мукі. Там жа расказваецца пра тое, як аслабелы ад голаду, хворы праказай Лазар ляжаў ля варот дома багача і маліў яго, каб той хоць што-небудзь падаў яму з ежы. Але багач адмовіў нават у рэштках, якія падалі з поўнага  стала. Адсюль пайшлі  такія выразы: “бедны як Лазар”, “хворы як Лазар”, “пець лазара” (скардзіцца на лёс). У гонар Лазара  ў сярэднія вякі з’явіліся невялікія бальніцы для бедных, названых лазарэтамі.

Вера ЦЕРАХАВА.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *