Четверг, 1 октября 2020

Про строительство гостиницы, арендное жилье и наведение порядка в интервью с С.М.Гуком

1 533

У рэдакцыю паступіла некалькі пытанняў да намесніка старшыні райвыканкама С.М.Гука. Сёння Сяргей Міхайлавіч адказвае на іх.

—У адным з выступленняў у газеце С.М.Гук зазначыў, што сёлета жыллёвы фонд раёна павінен «прырасці» на 20 тысяч квадратных метраў. Гэтая лічба амаль           удвая перавышае мінулагоднія заданні. Але ж актыўнага будаўніцтва жылля пакуль не назіраецца. Якім жа чынам будзе выканана запланаванае?

Генадзь Паўлавіч, г.Пружаны.

— У студзені бягучага года быў здадзены ў эксплуатацыю 40-кватэрны дом ЖБК «Палявы-12», а ў чацвёртым квартале побач з ім па планах павінен вырасці яго «блізнец»  — для членаў кааператыва «Палявы-13». Таксама на працягу года будуць узведзены 15 дамоў сядзібнага тыпу ў гаспадарках. Безумоўна, гэтыя лічбы складаюць толькі крыху больш за пятую частку ад задання. Таму асноўныя спадзяванні ўскладваем на індывідуальных забудоўшчыкаў, а гэта прыкладна каля 15 тысяч квадратных метраў жылля.

— Сяргей Міхайлавіч, ці можна так канкрэтна пралічыць за людзей іх планы, бо тут трэба браць пад увагу і так званы чалавечы фактар?

— Разумеем, што практыка не заўсёды ідзе поруч з матэматычнымі выкладкамі. Трэба ўлічваць плацёжаздольнасць забудоўшчыкаў, пытанні, звязаныя з выдзяленнем крэдытных рэсурсаў, і гэтак далей.

Але мы правялі дакладны аналіз і высветлілі, што на сённяшні дзень у раёне каля 16 тысяч кв.метраў жылля ў дамах, гатоўнасць якіх дасягае 80%. Інакш кажучы, дастаткова некалькіх месяцаў, каб справіць там наваселлі. Каб пад-штурхнуць да хуткага заканчэння будаўнічых работ, пры наяўнасці пазабюджэтных крыніц фінансавання будзем праводзіць стымулюючыя эксперыменты, накшталт мінулагодняга конкурсу-латарэі. Са свайго боку будзем аказваць усю магчымую дапамогу і тым, хто чакае банкаўскіх крэдытаў, але па нейкіх прычынах іх выдзяленне было замарожана.

Але тут трэба прымяняць не толькі «пернікі». На маю думку, станоўчыя вынікі ў плане зрушвання справы з месца маглі б даць і некаторыя абмяжоўваючыя меры. Да прыкладу, забарона выкарыстання газавага абсталявання ў будуемым доме, а таксама іншых камунікацый, або павышэнне тарыфаў на энерганосьбіты. Сёння ўладальнік прыстасаваў адзін з пакояў пад жытло і не плануе даводзіць будаўніцтва да канца, карыстаючыся на тых жа правах электраэнергіяй, вадой, каналізацыяй і газам. Хаця, зрэшты, гэта і дастаткова небяспечна. Улічваючы гэта, рыхтуем ініцыятывы па ўвядзенні адпаведных абмежаванняў на заканадаўчым узроўні.

—Дзякуючы «гасцініцы» наш райцэнтр летась трапіў у чорны спіс рэгіёнаў, якія маюць даўгабуды. Меркавалася, што будынак стане чарговым упрыгожваннем Пружан, але зараз атрымліваецца наадварот. Як доўга ён будзе псаваць выгляд нашага прыгожага горада?

В.М.Казей, г.Пружаны.гост1

— Новая гасцініца нашаму райцэнтру патрэбна як паветра. Гэта відавочна, нават без эканамічных абгрунтаванняў: дастаткова паглядзець, на колькі месяцаў наперад распісаны 23 нумары ў дзеючай гасцініцы. А з улікам развіцця гарадской інфраструктуры, павелічэння колькасці прыезджых, у гасціннасці Пружан можна ўвогуле засумнявацца.

Але завяршыць будаўніцтва не так лёгка, як падавалася спачатку. У выніку арганізацыйных змяненняў сёння ўладальнікам аб’екта выступае ААТ «Айчына» агракамбіната «Мачулішчы», які ўваходзіць у структуру Упраўлення спраў Прэзідэнта. Зараз мы падрыхтавалі зварот наконт актывізацыі мераў па пошуку крыніц фінансавання — беларускіх або замежных, а таксама прапанавалі свае варыянты давядзення справы да лагічнага заканчэння. Чакаем рашэння вышэйшай інстанцыі, таму пакуль канкрэтна лёс гэтай гасцініцы вызначыць складана.

—На вастрыні грамадскага інтарэсу зараз знаходзіцца пытанне з узвядзеннем арэнднага жылля. Ці плануецца будаўніцтва такіх аб’ектаў у Пружанах? А можа, вырашана абмежавацца пераводам службовага жылля ў арэнднае?

І.М.Слабадзянюк, в.Новыя Засімавічы.

 — З першага красавіка аўтаматычна ўвесь службовы жылы фонд пераводзіцца ў арэндны. Нельга сказаць, што механізм працуе, як гадзіннік, застаецца яшчэ шмат непаразуменняў. Зараз вядзецца пераафармленне дагавораў з наймальнікамі такога жылля, але адказаць, колькі яны будуць плаціць за арэнду, немагчыма: пакуль вызначаны тарыфы для буйных гарадоў. Адзінае, што можна паабяцаць, кошты будуць значна ніжэйшыя, з улікам колькасці насельніцтва горада і сельскіх населеных пунктаў, попыту на жыллё такога тыпу і іншых фактараў.

Наконт узвядзення арэндных дамоў зазначу, што гэта пытанне цікава і для раённых улад. Аднак фінансаванне на абласным узроўні пакуль прадугледжана на будаўніцтва аб’ектаў па дзяржзаказе або жыллёвых кааператываў. Дазволу выкарыстоўваць сродкі на будаўніцтва фонду для арэнды мы не маем. Але спадзяюся, што хутка сітуацыя зменіцца, бо ўжо летась такія дамы сталі ўзводзіць у гарадах абласнога падпарадкавання, а значыць, дойдзе чарга і да Пружан.

 

—Як абстаяць справы з рашэннем актыўна ўзяцца за навядзенне парадку ў вёсках? Маю на ўвазе знос спарахнелых і нежылых дамоў, якія псуюць выгляд практычна ўсіх сельскіх населеных пунктаў.

В.М.Мардань,

в.Клепачы.

 — Так, у мінулым годзе мы ўзяліся актыўна рэалізоўваць патрабаванні Указа №100 Прэзідэнта РБ, які дае мясцовай уладзе ўсе рычагі па навядзенні парадку ў названай сферы. На выніковым пасяджэнні па гэтым пытанні напрыканцы мінулага года былі адзначаны першыя поспехі, але я выказаў прапанову прызнаць усё-такі работу сельвыканкамаў недастатковай. Вельмі мала перададзена пустуючых дамоў у дзяржаўную ўласнасць, марудна вядзецца пошук спадкаемцаў. Хаця ў тым, што ўсе праблемныя аб’екты трымаюцца на кантролі, пераканаўся сам.

Ёсць і іншыя недапрацоўкі заканадаўства, якія вызначыліся на практыцы. Напрыклад, прадстаўнікі сельскай улады павінны знайсці ўладальніка і патрабаваць ад яго навесці парадак. Словам, правесці нейкія работы, але аб’ём іх законам не вызначаны. Гэта азначае, што ўласнік можа проста прыехаць і падмесці ганак або зруйнаваць гнілы плот, каб потым да яго працяглы час не прад‘яўлялі прэтэнзій. І так адбываецца на практыцы, што, зразумела, увогуле не мяняе карцінку.

Зноў жа будзем больш настойліва тлумачыць уладальнікам жылля іх абавязкі, рабіць гэта не адзін раз на год, а рэгулярна. Таксама хацелася б, каб былі ўлічаны і нашы практычныя меркаванні па дапрацоўцы механізму ўздзеяння.

Гутарыў Алег Сідарэнка.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *