Среда, 30 сентября 2020

Состоялась первая сессия районного Совета депутатов 27 созыва

1 274

У мінулы чацвер адбылася першая сесія раённага Савета дэпутатаў 27 склікання.

Згодна з законам, адкрыў яе старшыня Пружанскай раённай тэрытарыяльнай камісіі па выбарах дэпутатаў раённага Савета дэпутатаў 27 склікання А.М.Лаптановіч. Ён праінфармаваў  аб выніках  выбараў, якія адбыліся 23 сакавіка, зазначыўшы, што ў раённы Савет выбраны дэпутаты па ўсіх 34 выбарчых акругах.

Першым у парадку дня стаяла пытанне аб старшыні раённага Савета дэпутатаў. Дэпутат, намеснік старшыні райвыканкама М.П.Кудравец прапананаваў на гэтую пасаду кандыдатуру Марыі Васільеўны Сцепанюк, якая ўзначальвала раённы Савет дэпутатаў папярэдняга склікання. Прапанову падтрымаў старшыня абласнога Савета дэпутатаў С.Д.Ашмянцаў. Яны сказалі нямала добрых слоў аб дзелавых якасцях Марыі Васільеўны.

Выбранне старшыні праходзіла закрытым галасаваннем, у выніку якога ўсё 32 прысутныя дэпутаты аднадушна аддалі свой голас за М.В.Сцепанюк.

З новым выбраннем на высокую пасаду  павіншаваў Марыю Васільеўну  старшыня райвыканкама М.М. Серкоў. Ён выступіў з прамовай перад дэпутатамі, засяродзіўшы  іх увагу на  пытаннях, над вырашэннем якіх   давядзецца сумесна працаваць выканаўчай уладзе і дэпутацкаму корпусу раёна.

Вытворчыя паказчыкі першых двух месяцаў года паказваюць, што ў цэлым добра працуюць і сельскагаспадарчая, і прамысловая галіны, на запланаваным узроўні падтрымліваецца заработная плата. Аднак поспехі не павінны супакойваць, наперадзе, зазначыў старшыня райвыканкама, — шмат цікавых і перспектыўных праектаў, ажыццяўленне якіх выведзе раён на больш высокі ўзровень развіцця, галоўнай мэтай якога з’яўляецца павышэнне зарплаты, паляпшэнне дабрабыту нашых жыхароў.

Па прапанове М.В.Сцепанюк сесія зацвердзіла намеснікам старшыні раённага Савета дэпутатаў А.А.Кудрэйка – дэпутата па Сухопальскай выбарчай акрузе №31.

Сфарміраваны таксама чатыры пастаянныя камісіі райсавета: камісія па пытаннях мясцовага кіравання і самакіравання, дэпутацкай этыцы (5 чалавек, старшыня камісіі С.М.Ханавец – дэпутат па Мокраўскай выбарчай акрузе №15); камісія па бюджэту, пытаннях эканомікі і сферы вытворчасці (10 чалавек, старшыня  Д.М.Красевіч – дырэктар ААТ “Пружанскі кансервавы завод”); камісія па пытаннях сацыяльна-культурнай сферы і сацыяльнай  абароны грамадзян (9 чалавек, старшыня А.А.Кудрэйка); камісія па аграрных пытаннях і экалогіі (9 чалавек, старшыня М.С.Жогал – дырэктар ААТ “Пружанскі льнозавод”).

Сесія зацвердзіла склад прэзідыума раённага Савета дэпутатаў,  у які, акрамя старшыні і намесніка старшыні райсавета, увайшлі старшыні пастаянных камісій, а таксама дэпутаты М.П.Кудравец і Д.У.Чайкоўскі.

Дэпутаты зацвердзілі план работы раённага Савета на гэты год, а таксама прынялі шэраг рашэнняў па ўнесеных на разгляд сесіі іншых пытаннях.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *