Вторник, 29 сентября 2020

Что в имени тебе моем? Вера Терехова о популярных пружанских фамилиях

1 596

Ва ўмовах патрыярхату,  калі мужчына быў галоўным у родзе і ў доме, імя бацькі ці дзеда з’яўлялася важным арыенцірам, які дапамагаў вызначыць месца кожнага чалавека ў грамадстве. Недарэмна ж кажам: “Па бацьку і сыну гонар”. Вось чаму мноства прозвішчаў пайшло ад асабістых, дадзеных пры хрышчэнні імёнаў.

Першымі ў гэтым радзе варта згадаць прозвішчы Адамаў, Адамчук, Адамчык, Адаменка…  Яны, безумоўна, утварыліся ад  імя Адам. Адам, калі верыць біблейскім паданням,  лічыцца  першым чалавекам сярод людзей. Ён, як вядома, разам з Евай былі выгнаны Богам з раю за тое, што, паддаўшыся спакусе, пакаштавалі забаронены плод.  Да нашага часу захаваліся прымаўкі: “у адамавы вякі” (даўно-даўно), “хадзіць у касцюме Адама” (абсалютна голым), “адамавы дзеці” (усе людзі).

Прыкмечана, што людзі, у аснове прозвішча якіх імя Адам, вельмі эмацыянальныя.  Да таго ж вызначаюцца ўпартасцю, мэтанакіраванасцю, настойлівасцю ў дасягненні мэты. Не любяць многа гаварыць, вельмі цярплівыя і кантактныя.

На Пружаншчыне нямала прозвішчаў, у аснову якіх пакладзена імя Антон, — Антонаў, Антаноўскі, Антанюк, Антоненкаў, Антановіч, Анташок, Антончык…  У старажытных грэкаў гэтае імя азначала “кветка”, у рымскага радавога імя Антанінус  было іншае значэнне — “быць наперадзе”, “той, хто першым уступае ў бой, спаборніцтвы”.антошка

На беларускай зямлі жыў адзін з першых хрысціянскіх мучанікаў Антоній, які разам з братам пацярпеў за Хрыста пры князе літоўскім Альгердзе ў 1347 годзе ў Вільні. Князь абвінаваціў братоў у адступніцтве ад паганства, яны публічна прызналі сябе хрысціянамі. Альгерд загадаў пасадзіць іх у вязніцу. А раніцай 14 (27 н.с.) краса-віка мучанік Антоній быў павешаны на дубе. Храм у гонар гэтага святога пабудаваны ў Смаргоні.

Людзі, атрымаўшыя прозвішчы ад імя Антон, могуць дасягнуць поспехаў у любой сферы. Пра іх гавораць, як аб сапраўдных прафесіяналах, не толькі дзякуючы іх таленту, але і працалюбству.

Ад старажытнаславянскага імя Багдан, якое літаральна азначае “дадзены Богам”, з’явіліся такія прозвішчы, як Багдановіч, Багданаў, Богдан, Ба-дзюлькін, Бадзіч. Цікава, што працяглы час гэтае імя ў славян было своеасаблівым іменем-замяняльнікам: утойваючы сапраўднае імя немаўляці ад  “нядобрага вока”, цікаўным адказвалі, што дзіця Богам дадзена і завуць яго Багданам. З цягам часу  імя прыжылося і яго сталі выкарыстоўваць самастойна. З’явіліся такія формы імя, як Богда, Бодзя, Бога – адсюль  і разнастайнасць прозвішчаў. Імя Багдан нярэдка давалі доўгачаканым, познім дзецям, вымаленым у Бога.

У аснове прозвішчаў Барысаў, Барысік, Барысевіч, Барыска, Борыс пакладзена імя Барыс, якое ў перакладзе з грэчаскага азначае “барэц, змагар; той, хто вядзе барацьбу”. Згодна з іншым меркаваннем, Барыс – скарочаная форма ад стараславянскага імя  Барыслаў (“змагар за славу”). Некаторыя даследчыкі сцвярджаюць, што яно мае дачыненне да  Багарыса – так звалі балгарскага цара, які хрысціўся ў 864 годзе і ўвёў хрысціянства ў Балгарыі.

Яшчэ адна гістарычная асоба – польскі воін 11 стагоддзя, вялікі гетман караля Баляслава Крывавуста Барыслаў Бяліна. Калі верыць легендзе, Барыславу ў бітве адсеклі правую руку, але мужны воін, не зважаючы на боль,  працягваў змагацца, і яго войска святкавала перамогу. За гэта кароль нібыта ўзнагародзіў яго залатой рукой, якая з’явілася на гербе Барыслава Бяліны.

Не так проста высветліць паходжанне прозвішча Венска. Даследчыкі мяркуюць, што яно ўтварылася ад старажытнага  імя Венцаслаў (дзве яго часткі літаральна азначаюць “увенчаны славай”). Праўда, існуюць і іншыя  варыянты. Напрыклад,  гэта чалавек, які даваў “вену” – выкуп за маладую, “шлюбны дар”. Венка – род гармоніка, а чалавека, які граў на ім, маглі назваць Венскам.

Гаўрыловіч, Гаўрылюк, Гаўра, Гаўрыленка, Гаўрылаў, Гавака, Гаўрыльчанка, Гаўруцікаў… Ва ўсіх іх адзін пачатак –  Гаўрыіл, старажытнаяўрэйскае  імя, якое азначае “божы  воін”. Імя было вельмі папулярным, асабліва ў простанароднай форме  — Гаўрыла.  Веруючыя глыбока шануюць архангела Гаўрыіла, пасланага да Дзевы Марыі  са звесткай аб тым, што яна народзіць Выратавальніка. У гонар гэтай падзеі дзень названа Благавешчаннем.

Лічыцца, што людзі з прозвішчамі ад імя Гаўрыіл вельмі доблесныя. Аднак, калі верыць “Всякой всячине”, не заўсёды і ім шанцавала: “Аднойчы вельмі гаваркі папугай ледзьве не загубіў кар’еру чыноўніка па прозвішчы Гаўрушкін. Цар Аляксандр І  летам часта прагульваўся міма аднаго дома, дзе ля вакна вісела клетка з папугаем, які пастаянна крычаў: “Прыйшоў Гаўрушкін, падайце гарэлкі!”. І, калі гэтага Гаўрушкіна прадстаўлялі да ўзнагароды і чыноў, імператар выкрэсліваў яго прозвішча. І толькі пасля запэўніванняў міністра, што гэты чыноўнік зусім не п’яніца, а, наадварот, вельмі дастойны чалавек, Аляксандр І  перавёў Гаўрушкіна ў наступны чын”.

На першы погляд здаецца, што такія прозвішчы, як Галаш, Галай, Галюк, Галуза, не маюць ніякага дачынення да якога-небудзь імя. Аднак памыляецеся: Галаш – размоўны варыянт царкоўнага імя Галакціён, утворанага ад грэчаскага слова “гала” – “малако”. Старажытнабеларускае слова “гала” азначала  “каменне, галька”, цяпер яно ўжываецца ў сэнсе “чыстая прастора, голае месца”.

(Працяг будзе).

 

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *