Вторник, 22 сентября 2020

Почему церковные звонари не болеют сердечными болезнями? История звона Оранчицкого храма в материале посвященном памяти звонаря Ивана Петруковича

3 170

Як і песенны фальклор,  перазвон – чыста народнае і захоўваемае простымі людзьмі мастацтва, якое перадавалася з пакалення ў пакаленне. У кожным храме стагоддзямі ствараліся свае традыцыі звону. Па аповядах беларускіх вернікаў, сярод званароў былі непараўнальныя майстры-віртуозы, самазабыўна аддадзеныя і мастацтву звону, якое ва ўсёй сваёй музычнай прыгажосці раскрывалася ў Велікодны тыдзень.

Ніякія гістарычныя, палітычныя і канфесійныя падзеі не маглі перашкодзіць «жывучасці» званоў. Уявіць сабе было немагчыма, што прыйдзе час – і званы, якія ашчадна назапашваў і захоўваў беларускі народ, замоўкнуць, што іх будуць знішчаць.2008 год

У выніку разбуральных падзей палітычнай гісторыі ХХ стагоддзя ў большасці прыходаў званарская пераемнасць перапынена, традыцыі згублены назаўжды. Прычын таму некалькі, але галоўныя – фізічнае знішчэнне царкоўнага кліру, у тым ліку званароў, адсутнасць званоў у храмах, забарона звону.

З Іванам Іванавічам Петруковічам, званаром Крыжаўзвіжанскай праваслаўнай царквы, я пазнаёмілася ў 2006 годзе, калі па блаславенні Мітрапаліта Мінскага і Слуцкага Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі Філарэта прыехала вывучаць званы і традыцыю звону ў вёску Аранчыцы.

Уявіце сабе, дзякуючы Івану Іванавічу не згубілася ў гэтым храме майстэрства звону! Тут званілі тым жа «матывам», як і да вайны. І сёлета Інстытут культуры Беларусі на адным з пасяджэнняў будзе разглядаць пытанне пра занясенне традыцыі званарства гэтага храма ў спіс нематэрыяльнай духоўнай спадчыны Беларусі. Усяго такіх храмаў 23. Усе знаходзяцца ў заходніх рэгіёнах рэспублікі, якія з 1921 па 1939 гады адносіліся да Польшчы. У Пружанскім раёне такі храм адзін.

«Родныя» званы Аранчыцкай царквы былі эвакуяваны ў Расію ў 1915 г. у сувязі з пачаткам першай сусветнай вайны. Скончылася вайна, аднавіліся набажэнствы, але…  без званоў. А які ж храм без звону?

Час быў цяжкі. Але ў 1928 годзе настаяцель храма айцец Мікалай Станкевіч заклікаў вернікаў вёскі да збору сродкаў на звонавы набор. Святар пачаў перапіску з фірмай па ліцці братоў Фяльчынскіх, а пазней заключыў дамову. У табліцы, якую выслаў ліцейшчык, паказваліся адліваемыя наборы мажорных і мінорных танальнасцей.IMG_0933_8176

Айцец Мікалай заказаў пяць званоў розных танальнасцей па прапанаванай табліцы. Захаваныя дакументы паказваюць, з якой увагай царкоўны служыцель ставіўся да вонкавага афармлення набываемых званоў (дакладна пазначыў, дзе і якія павінны быць адлюстраваны абразы, тэкст).

На самым вялікім звоне быў зроблены надпіс: «З ліярні братів Фельчинських в Перемишли. СІИ КОЛОКОЛА ПРІОБРЕТЕНЫ УСЕРДІЕМ ПРИХОЖАН ДЛЯ ОРАНЧИЦКОЙ ЦЕРКВИ, ПРИ СВЯЩЕННИКЕ НИКОЛАЕ СТАНКЕВИЧЕ И КТИТОРЕ ПАВЛЕ ВАСИЛЮКЕ». З працілеглага боку — «СЕЛО ОРАНЧИЦЫ ГРОДНЕНСКОЙ ГУБЕРНІИ ПРУЖАНСКОГО У. ЛЕТА ОТЪ РОЖДЕСТВА ХРИСТОВА 1928 МАЯ 9 ДНЯ. СВЯТОЕ ВОСКРЕСЕНИЕ ТВОЕ СЛАВИМЪ, КРЕСТУ ТВОЕМУ ПОКЛОНЯЕМСЯ, ВЛАДЫКО».

У выніку працяглай перапіскі 21 сакавіка 1928 г. быў выстаўлены рахунак на адліўку пяці званоў вагой: 1) 305,5 кг; 2) 157 кг; 3) 102 кг; 4) 55 кг; 5) 36,5 кг і камплект мацаванняў на агульную суму 6 тысяч 760 злотых. Адлітыя званы дастаўлены на чыгуначную станцыю Аранчыцы.

Іван Іванавіч Петруковіч  нарадзіўся ў 1934 годзе ў вёсцы Хомна і з дзяцінства з бацькамі наведваў царкву в. Аранчыцы. Сям’я была вялікая – дванаццаць душ.

Калі пачалася вайна і бамбілі Брэст, у хаце выляцелі шыбы, а вечарам тут былі ўжо немцы. Эсэсаўцы ўварваліся ў бацькоўскую хату, сям’я цудам выратавалася. Потым маці з дзецьмі пераехала ў Аранчыцы да бабулі.

Іван Іванавіч памятае, як у гады вайны званы закопвалі ў зямлю. Хавалі ў розных месцах: два на станцыі, адзін побач з храмам, меншыя разнеслі па хатах. Служба ў храме ішла і ў гады вайны, але «без голасу Божага».

Званар успамінаў: «Цяжка было, хлеба не было, не паспеем сабраць — ужо прыходзілі забіраць. Вайна скончылася, бацькі сяброў вяртаюцца дахаты, а мой тата згінуў без вестак, застаўся я сіратой».

У 1945 годзе званы вярнулі на званіцу. У царкве прыслужваў Міхаіл, ён біў у званы і часта клікаў юнага Петруковіча: «Іван, давай вучыся!». Тады Ванюша і далучыўся да гэтай справы.

Адслужыў Іван Іванавіч у войску, працаваў электрамеханікам на птушкафабрыцы. Хоць тады і не дазвалялі наведваць храм, але ўсё роўна хадзіў. Неяк звярнуўся да яго бацюшка з просьбай правесці ў царкву святло. Іван Іванавіч разам з братам гэта зрабіў у вольны час, бясплатна «ў славу Божую».

У 1960-ыя гады прыйшоў цяжкі час: храмы ў акрузе зачынялі, святароў абкладалі падаткамі, забаранялі  вянчаць, хрысціць, адпяваць нябожчыкаў. Службу ў святы пачыналі з пяці раніцы, каб потым калгаснікі паспявалі на працу. Званіць забаранілі. У святы ля храмаў дзяжурылі настаўнікі, дружыннікі, міліцыянеры, каб не пусціць туды моладзь. Але, дзякуй Богу, гэта ў мінулым.

Мяне, як даследчыка, які займаецца вывучэннем званоў, цікавіла традыцыя звону гэтага храма. Ведала, што звоняць тут зусім не так, як вучылі  мяне ў Мінскай школе званароў. Узнікла нямала пытанняў да званара.IMG_0938_8181

Мы падняліся на высокую званіцу. Званар адчыніў усе аканіцы, адразу падзьмуў моцны вецер. Мне падумалася: а як, калі на вуліцы мароз мінус 30 градусаў? А на званіцы яшчэ і скразняк, паспрабуй, пазвані мінут пятнаццаць!

Іван Іванавіч упэўнена ўзяў у правую руку вяровачкі ад малых званоў, у левую – ад сярэдніх. А пачаў звон ударамі нагой па драўлянай педалі. Гучна і мякка загуў, заспяваў вялікі звон. Тым часам у думках Іван Іванавіч чытаў малітву. Гэта неспасціжная таямніца. А ўдары ў вялікі звон, аказваецца, званар сувымярае са стукам свайго сэрца! Ужо цяпер, калі мне прыйшлося пагутарыць са шматлікімі сельскімі званарамі Беларусі, разумею, што захоўвае іх Бог у добрым здароўі доўгія гады. Не ведаюць яны ні інфарктаў, ні інсультаў.

На званіцы храма ўсё зроблена вельмі прафесійна. Вяровачкі, выведзеныя на педаль, дазваляюць «шкадаваць» звон, ён не разаб’ецца ад моцнага ўдару. Сапраўды, расколіна на звоне можа з’явіцца вельмі лёгка. У шматлікіх  цэрквах гэта адбываецца і цяпер з-за няўмення, бо ў зване ёсць пэўнае «бойнае» месца, у якое толькі і можна рабіць удар.

Вось што распавёў мне званар: «Не было каму званіць, а трэба, каб чулі, што правіцца служба ў царкве. Я раней званіў, але трохі. А як ужо навучыўся, так і падабаецца, і для здароўя добра пастаяць пад званамі. Адчуваю, як ад званоў штосьці ідзе… неяк здаравей сябе адчуваю. На абедню звонім ва ўсе званы. Пасля службы ў нашым храме званілі толькі ў тым выпадку, калі везлі нябожчыка ці на хросны ход. Робім падчас малітвы «Верую» 12 удараў у вялікі звон…».

Мы паспелі зафіксаваць у тэлеперадачы «Існасць» у 2011 годзе званарскае майстэрства Івана Іванавіча, а цяпер завяршаецца мантаж фільма «Колокола и колокольные звоны», які рыхтуе інфармацыйнае агенцтва Беларускай Праваслаўнай Царквы. Адзін з герояў фільма — аранчыцкі званар.

У сёлетнім сакавіку  Івану Іванавічу Петруковічу споўнілася б 80 гадоў. Ён не дажыў да юбілею зусім крыху: другога студзеня пайшоў з жыцця. Ды супакоіць яго Усяміласцівы Бог у паселішчах праведных і прабачыць яму грахі вольныя і міжвольныя! Вечная яму памяць.

Званарскае паслушэнне на званіцы храма працягнуў родны брат званара Павел Іванавіч Петруковіч. Хай больш ніколі не замоўкнуць царкоўным званам храма вёскі Аранчыцы, хай  яны  суцяшаюць і цешаць нашы душы, утрымліваюць ад граху,  заклікаючы да нашага сумлення.

Алена Шацько, кандыдат мастацтва-знаўства, этнамузыка-знаўца-кампанолаг, сапраўдны член Асацыяцыі звонавага мастацтва Расіі (Мінск).

На здымку: званар Іван Петруковіч (фота 2008 года).

Один комментарий

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *