Воскресенье, 27 сентября 2020

Семинар для слушателей Института государственной службы прошел в Пружанском районе

1 446

Тэма прасоўвання прадукцыі беларускіх прадпрыемстваў на замежныя рынкі на прыкладзе нашага раёна цікавіла слухачоў факультэта  павышэння кваліфікацыі Інстытута дзяржаўнай службы, якія на мінулым тыдні наведалі Пружаншчыну.IMG_1415_8736

Гасцей са сталіцы, якія  ўключаны ў рэзерв кадраў на пасады саветнікаў замежных устаноў нашай краіны па гандлёва-эканамічных пытаннях, на пад’ездзе да г.п.Ружаны сустрэў старшыня райвыканкама М.М.Серкоў. На чале з ім дэлегацыя наведала замак Сапегаў, дзе азнаёмілася з гісторыяй раёна і перспектывамі ў сферы турызму. Затым адбыўся пераезд у санаторый “Ружанскі”. Гасцям паказалі новую водаспелеалячэбніцу, расказалі пра развіццё экспарту паслуг. Лічбы, якія паведаміў дырэктар санаторыя Г.А.Сысой, уразілі: валютная выручка за мінулы год тут склала 1 мільён 934 тысячы долараў ЗША. Адметна, што гэта на 831 тысячу долараў больш, чым у 2012 годзе.

Пра тое, што ў санаторыі ўмеюць аказваць якасныя медыцынскія паслугі і паспяхова іх развіваць, сведчыць і колькасць адпачыўшых летась – 9355 чалавек, з якіх 3923 замежныя грамадзяне.

Па дарозе ў райцэнтр дзяржаўныя служачыя наведалі Навасёлкаўскі вучэбна-педагагічны комплекс, а ў Пружанах – Лядовы і Водны палацы. Як вядома, гэтыя спартыўныя ўстановы карыстаюцца попытам. Сведчаннем чаму платныя паслугі, якіх у мінулым годзе Водны палац аказаў на суму звыш 2,3 мільярда рублёў, а Лядовы – 615 мільёнаў.IMG_1432_8753

Аднак, відаць, найбольш цікава дэлегацыі было пабываць на ААТ “Пружанскі льнозавод” і “Пружанскі малочны камбінат”. Асабліва пасля таго, як старшыня райвыканкама з гонарам заявіў, што гэтыя лепшыя прадпрыемствы ўзначальваюць адны з лепшых кіраўнікоў наогул нашай краіны – М.С.Жогал і У.М.Мікіціч. Чаму льновалакно пружанскай вытворчасці карыстаецца такім попытам за мяжой, можна было пераканацца…  навобмацак, што і не прамінулі зрабіць члены дэлегацыі. Дарэчы, толькі летась ільновалакна ў Кітай і іголкапрабіўнога палатна ў Расію пружанцы экспартавалі на суму звыш 1,6 мільёна долараў ЗША.

Акрамя знаёмства з вытворчымі памяшканнямі малочнага камбіната, госці ацанілі і смакавыя якасці пружанскага сыру, якога тут вырабляюць каля трыццаці відаў. Да дырэктара У.М. Мікіціча і начальніка сыраробчага цэха А.М.Карсюк было шмат пытанняў. Цікавіла і якасць, і кошт прадукцыі. Як заўважылі сапраўдныя гурманы, у прыватнасці, пружанскі сыр па французскіх тэхналогіях нічым не саступае  аналагу, калі не ўлічваць, вядома, яго значна ніжэйшы кошт. Таму і не дзіўна, што экспарт прадукцыі камбіната за мінулы год склаў 37 мільёнаў долараў, ці 154% да ўзроўню 2012 года. Удзельная вага экспарту ў аб’ёме прамысловай прадукцыі склала 77,5%.IMG_1385_8706

Не менш цікавай аказалася экскурсія і па СТАА “ЮНІМІЛК Пружаны”, якую правёў дырэктар С.В.Няжданаў. Ён пазнаёміў прысутных з перапрацоўкай малака і расказаў пра перспектывы паставак у Расійскую Федэрацыю. Дарэчы, у Беларусі застаецца толькі да 10% вырабленай на                    “ЮНІМІЛКУ” прадукцыі. У 2013 годзе на экспарт было пастаўлена каля 62,5 тысячы тон малака.

Напрыканцы свайго візіту госці наведалі ААТ “Жураўлінае”, дзе пазнаёміліся з перспектывамі вытворчасці і рэалізацыі пладова-ягаднай прадукцыі, наведалі грамадскі цэнтр “Мікалаеўскі”.

Галіна Каляда.

На здымках: госці Пружаншчыны — на льнозаводзе і малочным камбінаце; дырэктар сумеснага беларуска-расійскага прадпрыемства «юнімілк Пружаны» С.В.Няжданаў расказвае аб перспектывах развіцця.

Фота аўтара. 

 

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *