Воскресенье, 24 июня 2018

Ветеран Антон Пилипчук: «Я, как и отец, защищал Родину»

1 009

Антон Антонавіч Піліпчук па натуры будаўнік. Фермы, лазню, свіран, зернесушылку, крыты ток у сваіх родных Сілічах, а ў суседніх Рудніках — многія жылыя дамы і жывёлагадоўчы комплекс пабудаваны з яго непасрэдным удзелам.

— На вайне столькі давялося разбураць, на такую разруху наглядзеўся, што, калі вярнуўся, нясцерпна захацелася аднаўляць, рамантаваць, паднімаць з руін,— расказвае ён. Ужо будучы на заслужаным
адпачынку  Антон Антонавіч пабудаваў і дом для адной са сваіх дачок у Пружанах. Усю сталярку ў ім зрабіў уласнымі рукамі. І знарок адзін пакой зладкаваў асабіста для сябе і сваёй Зіны. Маўляў, калі на старасці гадоў стане зусім цяжка, пераедзем з жонкай у горад. Але Зіновія Васільеўна чатыры гады, як памерла. Цяпер на зіму да дачкі Антон Антонавіч пераязджае адзін.

Іх бацькоўскі дом быў спалены фашыстамі, як і ўся родная вёска, у 1942-м годзе. Вялікая сям’я — сямёра дзяцей, бацька з маці і бабуля — мусілі туліцца па суседніх вёсках. Але пасля вызвалення раёна вярнуліся да сваіх гнёздаў. Выкапалі ў родным двары зямлянку. І Антон пайшоў вызваляць ад фашысцкай нечысці Заходнюю Еўропу. Ён быў старэйшым з братоў, хаця не споўнілася яшчэ і 18 гадоў.

Першы бой артылерыста Антона Піліпчука адбыўся ў Польшчы, непадалёку ад Варшавы. У час яго загінуў наводчык і замковы (так называлі намесніка наводчыка) Піліпчук быў назначаны на яго месца.
Потым былі яшчэ баі і наступленні.

— Я не думаў пра страх,— успамінае Антон Антонавіч.— Толькі аб адным маліўся: каб ці лёгка параніла, ці забіла насмерць. Вельмі баяўся цяжкага ранення, каб не застацца на ўсё жыццё калекам без рук і ног…

Одэр фарсіравалі тры разы: супрацьлеглы варожы бераг упарта супраціўляўся. Вакол пантонаў уздымаліся фантаны ледзяной вады. Здавалася, пераплыць раку немагчыма. Антону пашанцавала. Але толькі ён ступіў на зямлю, як асколак секануў па галаве. Каб на сантыметр ніжэй,— вынес бы вока, а крыху мацней,— знёс бы чэрап,— зазначыў потым у шпіталі ўрач.

На шчасце, раненне аказалася не цяжкім. І праз тры тыдні юнак зноў ваяваў, ужо ў самым фашысцкім логаве

— Берліне.

— Бой ішоў літаральна за кожны дом, кожны метр зямлі,— расказваў ветэран.— На полі было зусім па-іншаму. Там камандзір карэкціраваў агонь. А тут стралялі і ззаду, і спераду…

Пасля капітуляцыі Берліна іх часць накіравалі на вызваленне Чэхаславакіі. Вялікую Перамогу Антон святкаваў у Празе. А праз некалькі дзён вызваліцеляў сустракала Венгрыя.

— І хутка — новы загад: на японскі фронт,— працягвае свае ўспаміны Антон Антонавіч.— Аднак Японія капітулявала, і мы павярнулі на Каўказ: спачатку служыў у Махачкале, потым — Буйнакску.
«З вайны» салдат вярнуўся ажно ў 1950-ым.

Па дарозе сустрэў земляка. Да Сіліч дабіраліся разам. Калі здалёк паказаліся вясковыя хаткі, сэрца юнака зайшлося ад болю: родная вёска паднялася з попелу!
— Пазнаеш, дзе твая хата? — спытаў таварыш.

Яны падыйшлі бліжэй, і Антон адразу паказаў на новы зруб, які ўзвышаўся на месцы былога папялішча.
Юнаку толькі-толькі споўнілася 24 гады. Мары і спадзяванні былі самыя светлыя і чыстыя. Так і атрымалася: ён хутка жаніўся. У іх з Зіновіяй Васільеўнай нарадзілася трое дачок. Пабудавалі новы дом…
Вайна моцна кранула абедзьве іх сям’і: у Зіны расстралялі бацьку,— ён пахаваны разам з іншымі аднавяскоўцамі ў брацкай магіле каля Сіліч. Сястра Антона Люба была вывезена ў фашысцкае рабства ў Германію…

У гады першай сусветнай вайны ваяваў і быў адзначаны медалём «За храбрасць» яго бацька. Малодшы Антон Піліпчук сваёй самай дарагой узнагародай лічыць медаль «За адвагу», які атрымаў за той бой на Одэры..
Ганна Хадаровіч. Аляксандр Мелеш (фота).

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *