Вторник, 29 сентября 2020

90-гадовы юбіляр Канстанцін Літвінаў: «Без справы чалавек — поўны нуль»

1 590

Вясенняе сонейка прыгравае ўсё больш, ветрык калыша галоўкі пралесак, якія растуць пад акном. Сад непрыкметна набірае сок, каб буйна зацвісці і радаваць вока, напоўніць паветра дурманлівым водарам. Канстанцін Кірылавіч стаіць ля акна і радасна назірае за рухам у прыродзе, міжволі адзначае, што вось ужо і дзевяностую вясну сустрэў. Цяпер, калі за плячамі большая частка жыццёвага шляху, здаецца, настолькі ўжо хутка праляцелі гэтыя 90 гадоў, прынёсшы з сабой як, здавалася б, непераадольныя цяжкасці, так і шчаслівыя моманты…IMG_3414

К.К.Літвінаў родам з пасёлка Вялікі Бор, што на Браншчыне. У іх вялікай сям’і — усяго ў бацькоў было 11 дзяцей — ён нарадзіўся пятым. Да работы прызвычаіўся змалку: спачатку пасвіў гусей ды цялят, а гадоў з 12-ці хадзіў за бараной, касіў сена, дапамагаў бацькам па гаспадарцы. Атрымаўшы такую-сякую навуку, Канстанцін па рашэнні бацькоў у 1940 годзе накіраваўся ў Маскву вучыцца ў школе фабрычна-заводскага вучнёўства: для шматдзетнай сям’і было палёгкай, што ён аказаўся на дзяржаўным забеспячэнні.

— У 1941-м нават пашчасціла пабываць на маёўцы ў Маскве, — усміхаецца Канстанцін Кірылавіч. — Нам, вучням ФЗВ, у калоне добрае месца дасталося: удалося ўбачыць на свае вочы тагачасных кіраўнікоў дзяржавы.

Выпускніка-бетоншчыка адправілі працаваць у Данбас. Але не паспелі да доменнай печы зрабіць бетонны пад’езд, як прагучала страшная вестка: пачалася вайнаIMG_3378

Канстанцін Кірылавіч уздыхае:

— Раскідаў нашу сям’ю лёс. Яшчэ ў пачатку вайны загінуў старэйшы брат… Удзячны лёсу, што мне сустрэўся добры чалавек. Калі аб’явілі аб пачатку вайны, моладзь накіравалася дамоў. Я паспеў дабрацца толькі да Саратава, а ехаць далей не было сэнсу — родныя мясціны ўжо былі акупаваны.

Так К.К.Літвінаў стаў працаўніком тылу: уладкаваўся на цагельны завод, дзе працаваў у гарачым цэху — малады арганізм вытрымліваў цяжкія ўмовы. А неўзабаве Канстанціна мабілізавалі. У прыватнасці, у 1942 годзе Літвінаў быў накіраваны ва Ульянаўскае пяхотнае вучылішча, адкуль пасля паскоранага курсу вучобы — у запасны полк. У хуткім часе К.К.Літвінаў трапіў у 945 артылерыйскі полк, у складзе якога ў чэрвені 1943 года біў ворага на Арлоўска-Курскай дузе. У адным з баёў ён атрымаў раненне.

— Ішоў прарыў абароны,— успамінае Канстанцін Кірылавіч. — Пяхота на добры дзясятак кіламетраў вырвалася ўперад. Артылерыя сабралася на вышыні, як пачалі бамбіць немцы: зброю асабліва не пашкодзілі, а вось людскому саставу ўрон нанеслі значны.

Для байца Літвінава ўсё абышлося раненнем у плячо. Між іншым, аказалася, што яму трапілі два асколкі, але ў медсанбаце заўважылі толькі адзін. Існаванне другога высветлілася толькі ў 1988 годзе, калі Канстанцін Кірылавіч правяраўся ў рэнтген-кабінеце. Так і носіць у сабе гэты напамін пра вайну.IMG_3406

Немагчыма не згадаць, з якім асаблівым хваляваннем Канстанцін Кірылавіч успамінае сустрэчу з маці падчас вайны. Калі немцаў гналі назад, на захад, іх полк праходзіў непадалёк ад родных мясцін. Байцу далі магчымасць убачыцца з роднымі.

— Забег у хату, а маці, не кідаючы сваіх спраў ля пліты, толькі пацікавілася: «Чаго табе, салдацік? Малачка наліць?» — ад нечаканасці і доўгай разлукі не пазнала нават. Я кінуўся да яе: «Дык гэта ж я, мама!» — ад тых даўніх успамінаў у сівавалосага мужчыны на вачах заблішчэлі няпрошаныя слязінкі.

Праўда, пасля ранення вайна для К.К.Літвінава не закончылася: ён служыў у складзе ветлазарэта — спачатку займаўся стэрылізацыяй інструментаў, а затым, паказаўшы свой спрыт, розум і здольнасці да абучэння, быў дапушчаны да фельчарскіх спраў. Гэта, дарэчы, і вырашыла яго далейшы працоўны лёс.

— Вестку пра Вялікую Перамогу сустрэў у 70 кіламетрах ад Берліна. За баявыя заслугі атрымаў ордэн Айчыннай вайны ІІ ступені. Дэмабілізаваўся ў 1947 годзе. А на Пружаншчыну трапіў па запрашэнні сяброў: аднапалчане паклікалі ў Шарашова. Паверце, нягледзячы на тое, што вайна пакінула незайздросную спадчыну кожнаму савецкаму чалавек, тым не менш у нас, на Браншчыне, была такая разруха і голад, што ў заходнебеларускіх вёсках жыццё было куды больш лягчэй наладзіць.

Канстанцін Кірылавіч тут і прыжыўся. Спачатку шчыраваў у Шарашове, затым быў накіраваны ў Ялову, пасля — у Сухопаль, у калгас «Іскра», пазней — у калгас імя Калініна. Паралельна ўдасканальваў веды, набытыя падчас вытворчых спраў, у Ваўкавыскім ветэрынарным тэхнікуме. Ва ўсім наваколлі Літвінава ведалі не толькі дзякуючы яго прафесіяналізму, але і добрым адносінам да людзей. У тых мясцінах людзі старэйшага пакалення і сёння, калі ён ужо даўно на заслужаным адпачынку (а працоўны стаж склаў амаль 50 гадоў), добра памятаюць гэтага шчырага працаўніка, добрай душы чалавека, які ніколі не адмаўляў сяльчанам.IMG_3393

Разам з Марыяй Пятроўнай — добрай жонкай і працавітай калегай — выгадавалі дзвюх дачок, адукаваных, душэўных, паважлівых. Старэйшая Ала Канстанцінаўна зазначае: «Мы з сястрой заўсёды адчувалі на сабе цяжкасць іх работы. Бо працаваць ім даводзілася не толькі ў рабочы час, людзі звярталіся па дапамогу кругласутачна: прышчэпкі, ацёлы… Калі раніцай мы ўставалі, а на пліце стаяла бульба ці малочны суп — значыць, тата гатаваў, а мама — на начным выкліку».

Памятаюць Канстанціна Кірылавіча і сёння. Вось і з нагоды юбілею ён прымаў віншаванні не толькі ад родных людзей: з падарункамі і шчырымі пажаданнямі здароўя да яго завіталі старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК С.С.Лаўрыновіч, старшыня раённага савета ветэранаў М.Я. Дулько, прадстаўнік ад былога калгаса імя Калініна.

Цяпер Канстанцін Кірылавіч жыве ў Пружанах з дачкой. Дваццаць гадоў таму ён аўдавеў, перанёс два інсульты. З вышыні пражытых гадоў сёння разважае:

— Проста трэба імкнуцца жыць паўнацэнна. Галоўнае — любіць работу: без справы чалавек — поўны нуль. Нездарма кажуць, што рух — гэта жыццё.

Родныя і знаёмыя пацвярджаюць, што 90-гадовы юбіляр сапраўды заўсёды вылучаўся асаблівым жыццялюбствам, аптымізмам, прагай да жыцця, непадробнай дапытлівасцю.

З надыходам цяпла Канстанцін Кірылавіч ізноў на дварэ, пры хатніх справах: то зяцю дапамагае пчалярствам займацца, то па гаспадарцы такую-сякую работу зробіць. Словам, мужна змагаецца за жыццё.

Ніна Дыдышка, Марына Вакульская.

На здымках: віншаванні ў дзень юбілею; Канстанцін Літвінаў — вучань фабрычна-заводскага вучылішча; ветэран гартае старонкі памяці; з калектывам жывёлаводаў на ферме.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *