Вясна і восень лічацца найлепшым часам для навядзення парадку на зямлі. У бягучым сезоне работы па добраўпарадкаванні на Пружаншчыне ўжо стартавалі. У рамках месячніка прывесці тэрыторыю ў належны санітарны стан павінны не толькі арганізацыі і прадпрыемствы, але і жыхары раёна.
Каб убачыць, як выглядае наш горад, якім так захапляюцца прыезджыя госці, мы адправіліся ў рэйд з начальнікам раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Б.С.Андрушкам.
— Сёлета пытанне навядзення парадку на зямлі актуальна як ніколі: у маі наша краіна будзе прымаць гасцей, якія прыедуць на Чэмпіянат свету па хакеі, а з мэтай развіцця турызму 2014-ы год увогуле аб’яўлены Годам гасціннасці, — разважае Баляслаў Станіслававіч. — Арганізацыям, у першую чаргу сельскагаспадарчым, дарожным, камунальным, прапанавалася да канца сакавіка ліквідаваць несанкцыянаваныя звалкі адходаў на падведамасных тэрыторыях, а насельніцтву — на працягу сакавіка-красавіка навесці парадак падчас суботнікаў.
Тым часам зварочваем з вуліцы Лазо да нарыхтоўчага магазіна. На пад’ездзе да яго па абодва бакі назіраецца вельмі непрывабная карціна: справа закінуты паўразбураны будынак, які належаў прыватніку ды так і не знайшоў прымянення, злева — зараснікі, дзе таксама ўтварылася звалка, і, мяркуючы па ўсім, не толькі дзякуючы жыхарам бліжэйшых дамоў, але і суседству з гаражом аптэкі: па незгарэлых адходах ад медыкаментаў нескладана здагадацца, хто распальвае тут кастры. І гэта ў некалькіх кроках ад аўтастанцыі — месца, якое ўсюды прынята лічыць тварам горада.
Баляслаў Станіславіч каменціруе:
— Так працягваецца амаль чатыры гады запар: у аддзеле ЖКГ райвыканкама кажуць, што тэрыторыя ні за кім не замацавана, таму прэтэнзій нікому не прад’явіш, а жадаючых добраахвотна навесці парадак няма.
Не ўсё так добра і на міні-рынку «Салют», як падаецца на першы погляд: парадак на тэрыторыі, у кантэйнерах для адходаў — пуста. Аднак варта заглянуць за павільёны — паміж імі і плотам нямала смецця, занесенага ветрам, якое ніхто не спяшаецца прыбіраць…
Едзем у Белавусаўшчыну, адкуль у інспекцыю паступіў трывожны сігнал.
— Вытокі праблемы там маюць тэрмін даўнасці, — мяркуе Б.С.Андрушка. — Усё пачалося з таго, як было вырашана знесці лазнева-пральны комплекс у аграгарадку. Будынак знішчылі, але па незразумелай прычыне непадалёку быў выкапаны яшчэ і катлаван.
Напэўна, гэта і справакавала людзей выкідваць адходы сваёй жыццядзейнасці не ў смеццявозку, а прыносіць сюды. У выніку прыкладна за год гэтае месца ператварылася ў несанкцыянаваную смеццезвалку. Цікава, што, паводле слоў Баляслава Станіслававіча, пасля некалькіх папярэджанняў старшыні Пружанскага сельвыканкама У.А.Яцкевіча смецце за дзень да рэйду было падпалена, а сляды гарэння засыпаны зямлёй.
Пакуль дабіраемся да наступнага месца, спрабую даведацца, ці ёсць такія, каго можна ставіць у прыклад.
— Першы час пасля адкрыцця было нямала заўваг да магазіна «Белмаркет». Але іх хутка ліквідавалі, і цяпер гэты магазін можа быць прыкладам для астатніх у плане не проста навядзення парадку, але і сартавання і захоўвання адходаў.
Нягледзячы на некаторыя праблемы, варта адзначыць кіраўніцтва ААТ «Эксперыментальная база «Белавусаўшчына» за эфектыўнае выкарыстанне земляў: пустэчы, зараснікі, старыя сады — усе тэрыторыі, якія, акрамя непрывабнага выгляду, нічога больш не давалі, былі прыведзены ў парадак і пушчаны ў севазварот. Былі, праўда, некаторыя непаразуменні з боку насельніцтва, — удакладняе субяседнік. — У Вялікіх Якавічах жыхары суседніх з фермай сядзіб выступалі супраць знішчэння дрэў, якія, на іх думку, з’яўляюцца своеасаблівай абарончай паласой ад калгаснага двара. На справе ж пад гэтымі старымі дрэвамі вяскоўцы стварылі сметнік сваіх бытавых адходаў.
Нярэдка людзі самі вінаваты, што жывуць сярод гор смецця, паколькі большасць усіх несанкцыянаваных звалак знаходзіцца непадалёку ад прыватных домаўладанняў. Гэтыя горы, на жаль, не знікаюць, а толькі разрастаюцца. Напэўна, таму, што людзі адчуваюць беспакаранасць за такія дзеянні.
Марына Вакульская, фота аўтара.