Среда, 26 сентября 2018

Семья Андрея и Юлии Скобля началась с любви

1 437

Усё пачынаецца з любві. Не важна, да каго — бацькоў, мужа, дзяцей, проста людзей…

Мы сядзім з маладой мамай Юляй Скобля на яе ўтульнай кухні і размаўляем пра жыццё. Побач тапочуць, раз-пораз умешваючыся ў размову, галоўная маміна гордасць і любоў — сын Максім і дачка Алінка. Тату не да размоў: ён вучыцца, каб атрымаць допуск для абслугоўвання працуючага на газавым паліве КЗС. Заўтра экзамены.

Юля з Андрэем — аднавяскоўцы. Пажаніліся пяць гадоў таму. Андрэй працаваў у ААТ «Агра-Калядзічы» электрыкам. Юля яшчэ вучылася ў Ваўкавыскім педагагічным каледжы. Праз год яна закончыла каледж і адразу паступіла на завочнае аддзяленне Мазырскага ўніверсітэта. Факультэт — замежных моў.

Нараджэнне першынца не з’явілася перашкодай для вучобы маладой мамы. І на першую сесію, і на другую Скоблі ездзілі ўсёй сям’ёй: тата ўмела спраўляўся з пялюшкамі-распашонкамі, калі сыну было ўсяго тры месяцы, а тым больш, калі споўнілася паўгода. Стараста курса Юля, каб не падвесці сям’ю, усе экзамены здавала з першага заходу.

Без акадэмічнага водпуску абышліся яны і потым, калі нарадзілася Алінка. На гэты раз мама ўжо не брала дзяцей з сабою: і чатырохмесячную дачку, і паўтарагадовага сына спакойна пакінула на тату. Балазе, вопыту ў Андрэя было дастаткова. Ды і свякроў з маці, якія жывуць тут жа, у Калядзічах, таксама ніколі не адмаўляліся дапамагчы.

Кожны год маладой сям’і быў адзначаны нейкай шчаслівай адметнасцю. У 2008-ым Скоблі пераехалі ў новы дом. З закладкі фундаменту ведалі, што будуецца ён знарок для іх. Сумняваліся: пабудова шчытавая, а раптам будзе холадна? Цяпер не могуць нарадавацца: усе пакоі ўжо абжыты, нават у траскучыя маразы тут было цёпла, побач — садок, школа, Дом культуры, магазін…

Мінулым летам прасторны двор Юля з любоўю засадзіла кветкамі. Андрэй у вольны ад работы час збіраецца майстраваць малыя архітэктурныя формы і акультурваць калодзеж.

Дарэчы, нядаўна яго павысілі ў пасадзе: цяпер Андрэй — інжынер-электрык. Юля мужам ганарыцца: ён карыстаецца ў роднай гаспадарцы павагай і аўтарытэтам. І не толькі як добры працаўнік і сем’янін. Практычна ніводны канцэрт мастацкай самадзейнасці ў Калядзіцкім Доме культуры не абыходзіцца без удзелу лепшага вясковага спевака Андрэя Скоблі. А Юля, безумоўна, па меры магчымасці таксама стараецца быць побач з ім.

Бягучы год прынёс Скоблям новыя прыемнасці. Самая галоўная з іх: мама абараніла дыплом аб вышэйшай адукацыі. З гэтай нагоды ў сям’і было наладжана сапраўднае свята. Але не паспелі закончыцца віншаванні, як Юля здзівіла родных яшчэ адной навіной: пайшла вучыцца ваджэнню аўтамабіля.
Хто сказаў, што ў вёсцы сумна?— здзіўляецца жанчына.— Сумна бывае, калі ў сэрцы няма любві да жыцця.

Ганна Хадаровіч. Аляксандр Мелеш (фота).

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *