Воскресенье, 25 февраля 2018

Заяц, Волк, Сорока, Ёрш. О происхождении популярных пружанских фамилий рассказывает историк Вера Терехова

1 218

Цяперашні брастаўчанін Іван Мікалаевіч Заяц неяк расказваў: “Калі я служыў у арміі, мне прапаноўвалі змяніць прозвішча. Маўляў, ну што гэта за прозвішча такое, давай  хоць бы Зайцавым цябе зробім”.

А ён ім у адказ: “Дзед мой – Заяц, бацька – Заяц, дык і я ім буду!”

Вось так і жыве на зямлі гэты род, моцна трымаецца за свае карані і дарожыць той маральнай асновай, якую некалі заклалі продкі. І яго прадстаўнікі не камплексуюць, што прыліплі да зайца словы “касы”, “хітры”, “вушасты”, а яшчэ ў вядомай песеньцы ён – “трусишка-зайка серенький”, яго, безбілетнага “зайца”, ганяюць кантралёры ў аўтобусах…заяц

Але як  усё ж узніклі прозвішчы Заяц, Зайцаў, Зайко, Зайкоў, Зайкоўскі, Заянчкоўскі, Заенчукоўскі? На мой розум, дык наўрад ці ў аснову пакладзена назва менавіта гэтага звярка. Паспрабуем, як кажуць, капнуць глыбей. Слова “зайяти” ў далёкім мінулым азначала “пераскокваць”, у літоўскім варыянце “заи” – “скакун” (прыгун), “заиети” – “скакаць” (прыгать). Такім чынам, мне здаецца, вышэй азначаныя прозвішчы даваліся людзям за здольнасць хутка рухацца, скакаць.

Магчыма, што ў аснову некаторых са згаданых прозвішчаў лягло царкоўна-славянскае слова “заяти”, якое азначала “заняць, узяць у пазыку”.

Разам з тым трэба пагадзіцца, што многія прозвішчы сапраўды ўзніклі ад назваў жывёл, птушак, насякомых, рыб. Напрыклад, Волкаў. Назва драпежніка “волк” (у беларусаў з цягам часу замест “л” з’явілася “ў” – воўк)  паходзіць ад дзеяслова “валачыць”, г.зн. цягнуць, красці. Воўк – люты драпежнік, скрытны, нястомны і вельмі  разумны і асцярожны. Нездарма кажуць: воўка ногі кормяць. У пошуках здабычы ён гатовы прабегчы за адну ноч дзясяткі кіламетраў, каб толькі “ўвалачыць” нешта. Шэры разбойнік вельмі чуйны, асцярожны – “стары воўк знае толк”.

Надзвычай папулярным у старажытных славян было імя Волк, якое сімвалізавала сілу, смеласць, вынослівасць, хітрасць.

Стараславянскае  слова “волчык” азначала яр, роў,  які быў паўкруглы ў сваім пачатку і паступова пашыраўся да вусця. Магчыма, людзі, якія жылі каля такіх мясцін, атрымалі прозвішчы Волчык, Волчак, Валчок.

Іншая справа – Валкагон. Так называлі егера, спецыяліста па паляванні на ваўкоў.

Прозвішчы Бірук, Бірукоў узніклі ад слова “бірук”, якое азначае “воўк-адзіночка”. У пераносным сэнсе – нелюдзімы чалавек.

На першы погляд здаецца, што  прозвішча Аберган з’яўляецца нямецкім па сваім паходжанні. Сапраўды, “обер” з нямецкай – галоўны, “ган” – певень. Калі яго скалькіраваць – літаральна перакласці слова па яго частках, то атрымліваецца “галоўны певень”. Але я звярнула ўвагу, што ў вёсцы Асошнікі нашага раёна людзі вымаўляюць: “Абераган”, што сугучна слову “абярэг” – у славян гэта прадмет, які аберагае ад няшчасця. Чалавеку, які бароніць, ахоўвае, сапраўды магла быць дадзена такая мянушка, якая з цягам часу перайшла ў прозвішча.

Магчыма, Абераган ведаў пра прадметы, якія прыносілі ўдачу ці, наадварот,  наклікалі бяду. Напрыклад, нашы далёкія продкі не адмаўляліся з’есці пячонку мядзведзя, каб быць больш дужымі, уткнуць у валасы  вароніна пяро для даўгалецця і мудрасці, насіць клык дзіка на грудзях для смеласці і г.д.

Прозвішчы Сарока, Сарокін, Сарачук, хутчэй за ўсё, першапачаткова ўтварыліся як абазначэнне колькасці шкурак куніцы і собаля,  якой хапала, каб пашыць адзін сарок. Сарок – старажытнае футра (“сарочка”). Продкі людзей, якія атрымалі гэтыя прозвішчы, маглі мець дачыненне да шыцця футравага адзення. Калі ж звязваць прозвішчы з птушкай сарокай, дык гэта маглі быць людзі, якія хутка разносілі навіны (“сарока на хвасце прынясла”), без перастанку трашчалі.

Нічога агульнага з “крысами” не маюць прозвішчы Крысько, Крысевіч, Крысеня. У іх аснове  даволі рэдкае імя Крысан, якое ўтварылася ад лацінскага  Крыскент – “растучы”.

Першапачатковае значэнне слова “ёрш” – цвік, шып, калючка. А рыбу так ахрысцілі менавіта з-за наяўнасці ў яе гэтых калючак. Прозвішчы Ёрш, Яршоў людзі атрымалі за яршыстасць, за сваю з’едлівасць.

А на якія думкі наводзіць вас прозвішча Прусак? Прусаком у нас называюць таракана. Такую мянушку мог атрымаць вусаты, палахлівы і шустры мужычок. А яшчэ прусам называлі і іншае насякомае – кабылку, шкодніка збожжа. Так што гэты мужычок мог быць яшчэ і шкодным.

Аднак найбольш верагодна, што прозвішча Прусак паходзіць ад заходнебалцкага племені прусаў. Валынская летапіс паведамляе, што ў 1276 годзе пад націскам крыжакоў у раёне Гародні, Слоніма, Камянца, Турыйска з’явіліся плямёны прусаў і борцяў, якія з цягам часу былі ўцягнуты ў працэс асіміляцыі.

З прыходам прадстаўнікоў племені борцяў на Пружаншчыне маглі  з’явіцца прозвішчы Бартасевіч, Бартош, Бартноўскі, Бортнік, Барташэвіч. Хаця іх можна звязаць і з  бортніцтвам – заняткам па зборы дзікага мёду, лясным пчалярствам.  Гэтыя прозвішчы маглі паходзіць таксама ад старабеларускага слова “бартас” – вусач, барадач.

Вера Церахава.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *