Четверг, 21 июня 2018

Почти 40 лет ученик собирался высказать благодарность любимой учительнице

1 520

Гэта маленькая газетная нататка – мая даўняя мара. Ужо амаль сорак гадоў, як я скончыў пружанскую СШ №3,  і ўсе гэтыя гады перыядычна ўзнікала неабходнасць выказаць гэтыя велізарныя словы падзякі свайму любімаму педагогу, жанчыне, проста добраму чалавеку — Надзеі Іванаўне Казлоўскай.happy-8-marth

З пазіцыі пражытых гадоў шматлікае пераасэнсоўваецца, адбываецца пераацэнка жыццёвых каштоўнасцей. Ніколі не быў выдатнікам (роўна як і «двоечнікам»),  але на яе ўрокі заўсёды прыходзіў з жаданнем. Толькі праз некаторы час зразумеў, што Надзея Іванаўна давала нам не толькі праграмны матэрыял. Яна рыхтавала нас да жыцця, вучыла мэтанакіраванасці і прыстойнасці.

Памятаю, як мы, яшчэ зялёныя дзеці, сарамліва апускалі галовы, слухаючы яе аповяды пра каханне Наташы Растовай, як па-іншаму глядзелі на бярозы пасля ясенінскіх вершаў, як у думках «прымяралі»  на сябе мужнасць маладагвардзейцаў Фадзеева і шолахаўскага салдата Сакалова…  Яна паціху падыходзіла да таго, хто ў нечым правініўся,  і  ціха, па-матчынаму пыталася: «Ну які ж з цябе атрымаецца мужык?» І для большасці з нас  гэта было больш балючым за «двойку» ці  лаянку.

Памятаю яе кранаючыя аповяды пра пасляваеннае дзяцінства, пра самыя смачныя бульбяныя лупіны. Не па прымусе, а з цікавасцю хадзіў на яе факультатывы па рускай мове і літаратуры. Спазняўся на ўсе аўтобусы, ішоў потым пешшу ў вёску, але хадзіў. Памятаю яе  жартаўлівыя пажаданні: «Дзеці! Трэба заўсёды казаць прыгожа і правільна, а не так: сядзеў у пальтэві, на першым радэві, у кінэві».

Пэўна, галоўнае, што мне тады падабалася ў ёй, — Надзея Іванаўна давала магчымасць выказацца кожнаму, яна непадробна жадала пачуць меркаванне кожнага. Яна ставіла нас на месца літаратурных герояў,  пытаючы:  а ты як бы сябе паводзіў? А за гэтым жа крыецца перспектыва наступнага самасцвярджэння.IMG_0005 обр

Калі Надзея Іванаўна аднойчы перад класам зачытала мае школьныя сачыненні, гатовы быў скрозь зямлю праваліцца. Навошта? Гэта ж толькі мой маналог…  А ці не гэта потым навучыла па жыцці рэзаць праўду-матку і зрэдку выліваць пачуцці ў вершах? Яна магла спакойна адасобіцца з нашымі дзяўчатамі і пагутарыць пра нешта жаночае, часам цэлы ўрок услых чытаць, разважаць з намі на любую цікавую тэму.

Хай не пакрыўдзяцца на мяне іншыя мае настаўніцы. Але Надзея Іванаўна была заўсёды вельмі жаноцкая, стройная, ніколі не дазваляла сабе зайсці ў клас абы як апранутай. Адны наймаднейшыя чырвоныя высокія боты чаго вартыя былі, а прычоска, а касметыка…

Па-рознаму склаліся лёсы нашых выпускнікоў, але вынік Вашай працы можна падсумаваць словамі вядомага Э.Хабарда: «Настаўнік, які можа даць сваім выхаванцам здольнасць знаходзіць радасць у працы, павінен быць увенчаны лаўрамі». Шчыра жадаю, каб кожнаму з сённяшніх маладых настаўнікаў  была дадзена такая адзнака.

За ўсё, за ўсё дзякуй, Надзея Іванаўна, якая падарыла надзею! З жаночым  вясновым святам Вас. Добрага Вам здароўя, душэўнага спакою, хай яшчэ многія гады гучыць на пружанскіх вуліцах Ваша ціхае,  ласкавае: «Добры дзень!».

Ваш удзячны вучань  Аляксандр Іванавіч Неміровіч,

кандыдат сельскагаспадарчых навук, супрацоўнік рэспубліканскага аб’яднання «Белнасенне».

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *