Понедельник, 18 июня 2018

О происхождении популярных пружанских фамилий рассуждает историк Вера Терехова

1 984

Звярнуцца да гэтай  тэмы мяне навёў на думку адзін выпадак: чалавек паскардзіўся, што ён саромеецца ўласнага прозвішча Козел. Маўляў, яно цяпер гучыць як лаянка і ад яго варта пазбавіцца…

Што тут можна ска-заць? Сапраўды, для кагосьці прозвішча – як брэнд, звязаны са знакамітымі людзьмі, заўсёды на слыху, для іншых жа, як для ўладальніка прозвішча Козел, — прадмет смутку. Але ж прозвішча,  як і час, не выбіраюць.козлік

Сучасны беларускі фонд прозвішчаў фарміраваўся на працягу многіх стагоддзяў. Розныя фактары паўплывалі на тое, што ў генетычных адносінах  наша сістэма прозвішчаў  з’яўлялася і з’яўляецца неаднароднай і ўключае беларускія, польскія, рускія, украінскія, яўрэйскія, балтцкія, нямецкія, цюркскія і іншыя  набытыя элементы. Многія мянушкі трансфармаваліся ў прозвішчы, а мянушкі, як вядома, паходзілі  нярэдка ад фізічных асаблівасцей чалавека, у тым ліку і ад дэфектаў і калецтва. Што паробіш: недахопы заўсёды былі  навідавоку, больш прыкметнымі, чым вартасці. Аднак гэта зусім  не азначае, што сённяшні чалавек, напрыклад,  з прозвішчам Байбак – гультай, ён можа быць добрым, умелым працаўніком, а Маўчун – празмерна гаваркім…

Пры змене прозвішча варта быць асцярожнымі: у кожнае закладзена энергетыка, і пазбавіцца яе – значыць, згубіць нейкую радавую падтрымку. А ведаць сваіх продкаў, ганарыцца і прымнажаць гонар сваёй сям’і,  адметнасць якой — прозвішча, — гэта патрэба кожнага чалавека.

Далёка не ўсе прозвішчы сёння можна патлумачыць, — многія з іх з’явіліся вельмі даўно, іх першапачатковы сэнс згубіўся, дакапацца да каранёў надзвычай складана. Аб паходжанні некаторых прозвішчаў можна толькі здагадвацца. Таму, калі каго-небудзь не будуць задавальняць мае тлумачэнні, не варта крыўдзіцца, паспрабуйце самі дакапацца да ісціны. Прозвішчаў, звязаных са словамі “казёл”, “каза”, на Пружаншчыне многа: Козел, Казлоў, Казловіч, Казлоўскі, Казляк, Казюлін, Казадой, Казарэз, Казадоеў, Казялко, Козін, Казлецкі, Козіч, Казінец, Казей, Казлюк, Казбярук, Казбяровіч…

Быў час, калі багацеі, не саромячыся, давалі сваім халопам дзівосныя імёны і  мянушкі, якія потым насіла не адно пакаленне, але ўжо ў якасці прозвішчаў. І, гаворачы словамі паэта, “вядзецца так спакон вякоў – заўсёды бэсцілі казлоў”…  У народзе кажуць: “упарты як казёл”, “адлупцаваць як сідараву казу”  і г.д.

Ёсць біблейскае паданне аб існаванні ў яўрэяў асаблівага абраду. У вялікі святочны дзень, дзень ачышчэння, прыводзілі двух казлоў і кідалі жэрабя, якога з іх прынесці ў ахвяру, а якога – адпусціць. Першага ахвяравалі за грахі, а на галаву другога галоўны свяшчэннік ускладаў рукі і пасля споведзі ўсяго  народа  праганяў жывёліну ў пустыню. “І панясе казёл на сабе, — гаворыцца ў кнізе Левіт, — усё беззаконне ў зямлю непраходную…”

Так з’явілася біблейскае выказванне “казёл адпушчэння”, якое ўжываецца ў сэнсе: чалавек, на якога пастаянна звальваюць чужую віну.

Казёл, каза сталі тымі жывёламі, якіх не паважаюць такія “жыхары” хаты і падворка, як дамавік, лазнік, авіннік, лясун, таму казла трымалі ў гаспадарцы ў якасці абярэга ад гарэз нячыстай сілы. Згодна з павер’ямі нашых продкаў, калі ў хляве ёсць каза ці казёл, яны не дазволяць ведзьме забраць у каровы малако ці  хлеўніку замучыць коней: “Чорт казла не любіць, дамавік яго не церпіць”.

У славянскай традыцыі каза – сімвал урадлівасці, і яна абавязкова прысутнічае ва ўсіх  абрадах на Каляды і Масленіцу.

А ўсё вышэй пералічаныя прозвішчы маглі з’явіцца ад рознага роду “казлоў”:

казламі маглі называць работнікаў на казлавых млынах-ветраках;

-продак уладальніка такога прозвішча мог быць казляром – язычніцкім святаром;

-нехта мог хварэць падаграй, якая па-беларуску называлася казінец. Людзям, якія няпэўна ступалі па зямлі, падрыгваючы адной ці абедзвюма нагамі,  давалі такую мянушку і прыгаворвалі: “Скача, нібы казінец у ногі ўбіўся”;

казберуком называлі падносчыкаў цэглы на будаўніцтве, якія карысталіся  “казой” – заплечнымі насілкамі для пераносу грузу;

-чалавеку надакучліваму, лісліваму давалі мянушку Казуля. Мянушка звязана са словам “казяўка”, якая, калі паўзе па скуры, непрыемна казыча цела;

казей – чалавек, які рабіў казеін – клей, бялковае рэчыва, якое ўтваралася пры стварожванні малака.

Прозвішчы Казадой, Казадоеў маглі з’явіцца ад назвы птушкі казадоя, якую даўным-даўно яшчэ называлі драмлюгай. Птушка, імкнучыся быць  менш заўважанай, прыкрывала вочы, як бы  драмала, хоць на самой справе ўважліва назірала, што адбываецца навакол. Чалавека з такімі схільнасцямі маглі называць драмлюгай-казадоем.

Існуе і іншая версія. Прозвішча Казадой, як, дарэчы, і Казарэз, утварылася шляхам зліцця назоўніка “каза” і дзеяслоўнага кораня (дой – даіць, рэз – рэзаць). Продкі Казадоя маглі быць даярамі, Казарэза – тымі, хто рэзаў коз.

Яшчэ адзін цікавы факт. У 1887 годзе М.І.Навіковым была выдадзена так званая “бархатная кніга” пад назвай “Родословная книга князей и дворян российских и выезжих”, складзеная ў 1687 годзе. Хоць гэтая кніга і не вызначаецца гістарычнай дакладнасцю, у ёй сцвяржаецца, што прозвішча Казадоеў паходзіць ад знакамітага лівонскага продка, якога звалі Кос фон Дален.

З усяго сказанага вышэй можна зрабіць выснову, што “казёл” у абліччы чалавека зусім не рагатая жывёліна з доўгай прамой поўсцю. Чалавеку з прозвішчам Козел няма ніякіх падстаў саромецца свайго прозвішча.

Вера Церахава.

(Працяг будзе).

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *