Воскресенье, 20 мая 2018

Каждый третий пожар в Пружанском районе происходит в сельской местности

1 408

Нядаўна ў вёсцы Кавалі здарыўся пажар, прычынай якога стаў звычайны «жучок» у засцерагальніку электрашчытка. Такая вось эканомія ў некалькі тысяч рублёў прывяла да страт не на адзін мільён рублёў.  Трэба сказаць, што выпадкі такіх негаспадарлівых адносін да сваёй маёмасці не адзінкавыя. Напрыклад, з пачатку года супрацоўнікамі райаддзела па надзвычайных сітуацыях былі правераны 552 домаўладанні, і практычна ў кожным чацвёртым выяўлены парушэнні, у асноўным нездавальняючага стану электраправодкі і печак. Нехта з уладальнікаў атрымаў папярэджанні, а камусьці давядзецца заплаціць штраф.  У адзін з такіх рэйдаў трапілі і мы.рейд МЧС 2

Мэтай нашага абследавання сталі некалькі вёсак Пружанскага сельсавета. Спачатку разам са старшынёй сельвыканкама мы заехалі ў Сланімцы. Як гаворыць У.А.Яцкевіч, часцей вогненныя здарэнні адбываюцца менавіта ў тых се-м’ях, дзе злоўжываюць спіртным. Іх сядзібы адразу кідаюцца ў вочы: бязладдзе ў душы — бязладдзе на двары. Таму мы загадзя ведалі, што можна ўбачыць у хаце. Здзівіла толькі рэакцыя гаспадара, які, падобна, зранку прыклаўся да бутэлькі. Інжынер інспекцыі дзяржпажнагляду М.Р.Філімовіч зрабіў мужчыне заўвагу за ўстаноўленыя «жучкі». На што апошні адказаў, што яму грошай не хапае на… лекі, не тое што на аўтаматычныя  засцерагальнікі.

Застаецца здагадвацца, якое лякарства трэба штодня гэтаму чалавеку, які нават свой пашпарт з цяжкасцю адшукаў.

Аднак не толькі такія небаракі і іх лад жыцця становяцца прычынамі ўзгаранняў. Не менш трывог узнікае і наконт вядзення гаспадаркі ў шматдзетных сем’ях. У вёсцы Гарадняны мы наведалі адну такую сядзібу.

Восенню інспектары пабывалі ў гэтым доме, імі было дадзена ўказанне замяніць элемент сілкавання ў аўтаномным пажарным апавяшчальніку. У лютым прыбор у разабраным выглядзе ляжаў на прыпечку…рейд МЧС 3

Нагадаем, што аўтаномныя пажарныя апавяшчальнікі шматдзетным се-м’ям ставяцца бясплатна, за кошт раённага бюджэту. Але ў некаторых  не знаходзіцца нават сіл, каб мяняць у іх батарэйкі. Дакладней кажучы, жадання.

— На адным з вясковых сходаў давялося пачуць аднаго з прадстаўнікоў гэтай катэгорыі: маўляў, чаму нам і батарэйкі не даюць бясплатна,— расказвае М.Р.Філімовіч.— Ствараецца ўражанне, што толькі дзяржава павінна несці адказнасць за іх дзяцей.

Хаця ёсць і іншыя прыклады. Мы пабывалі ў яшчэ адной  шматдзетнай сям’і ў Сланімцах. Такой жа — ды не такой: у хаце парадак, дзеці дагледжаныя, у добрым стане электраабсталяванне, зроблена газавае ацяпленне, за якім устаноўлены належны кантроль. Ці дорага абыходзіцца такі парадак? «Дзеці даражэй»,— зазначае маці.

Ёсць яшчэ адна катэгорыя вяскоўцаў, якой удзяляецца значная ўвага з боку пажарнай службы. Гэта адзінока пражываючыя састарэлыя.

Падтрымліваць парадак у дамах і на сядзібах многім проста не хапае сіл. Па меры магчымасці дзяржава таксама аказвае ім дапамогу, але трэба і родным праявіць нейкі клопат. А вось ён бачны не ўсюды.

Усё жыццё выхоўвала дзяцей 80-гадовая жыхарка в.Гарадняны, аднак зараз яны раз’ехаліся і забыліся пра тое, што маці патрэбна дапамога. Толькі добрыя людзі ўзялі на сябе такі клопат: прывозяць бабульцы хлеб, ваду, бо калодзеж няма каму адрамантаваць. Тое ж тычыцца і печкі ў хаце, якая толькі цудам трымаецца за дах і сцены. Старшыня сельвыканкама параіў састарэлай адправіцца ў Сухопальскую бальніцу сястрынскага догляду, але яна наадрэз адмовілася: раптам сынок прыедзе і яе не застане…

Ці трэба рабіць нейкія высновы? Хацелася б, каб чытачы зрабілі іх для сябе самастойна. Ніхто не навучыць жыць, захоўваючы элементарныя правілы бяспекі, пакуль сам не зразумееш іх важнасць. І добра, калі гэта адбудзецца не пасля таго, як пагуляе агонь.

Алег Сідарэнка.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *