Среда, 19 сентября 2018

Небо смелым покоряется. 23 февраля — День защитника Отечества

1 173

Для людзей, далёкіх ад авіяцыі, лічбы налёту, відаць, мала пра што скажуць.  Для верталётчыкаў, у ліку якіх падпалкоўнік В.П.Мірановіч, — гэта другое, вядомае толькі авіятарам, жыццё. На яго асабістым рахунку 1650 гадзін знаходжання ў небе, каля 700 баявых вылетаў, самы працяглы з якіх доўжыўся каля дзесяці гадзін…SAMSUNG DIGITAL CAMERA

Лётная біяграфія бартавога верталётнага тэхніка пачыналася з падзей, далёкіх ад рамантыкі. Не паспеў лейтэнант Мірановіч у далёкім 1984 годзе прыступіць у Засімавіцкім верталётным авіяцыйным палку да выканання сваіх непасрэдных абавязкаў, як яго разам з іншымі саслужыўцамі накіравалі ў Афганістан. Пра тое, што гэта была суровая школа лётнага майстэрства, гаварыць не даводзіцца. Верталётчыкі не толькі разумелі, яны бачылі: ад іх прафесіяналізму і смеласці залежаць жыцці іншых ваеннаслужачых, якіх даводзілася перавозіць і прыкрываць, выконваючы пастаўленыя задачы.

Кабул, Баграм, Кандагар, Лашкаргах… Для выканання баявых аперацый на МІ-24 даводзілася часта мяняць пункты дыслакацыі. Верталётчыкі сумесна з ваеннаслужачымі спецназа знішчалі наземныя групіроўкі баевікоў і караваны з варожай зброяй, суправаджалі савецкія ваенныя калоны.

— Падчас бою страшна не было, — успамінае Валянцін Паўлавіч. – Іншая справа, калі даводзілася бачыць труны з загінуўшымі савецкімі воінамі…

За праяўленую мужнасць і гераізм падчас дзвюх баявых аперацый: узяцце стратэгічнай вяршыні каля Паншэрскай цясніны і знішчэнне каравана з вялізнай партыяй зброі маджахедаў, — В.П.Мірановіч быў узнагароджаны ордэнамі Чырвонай Зоркі і “За службу Радзіме” 3-й ступені.

Яшчэ да адной высокай дзяржаўнай узнагароды – ордэна “Знак Пашаны”,  афіцэр быў прадстаўлены ў мірным жыцці. Тады, у першыя дні мая 1986 года, Валянціну Мірановічу разам з трыма ваеннаслужачымі з Засімавічаў давялося выконваць пастаўленыя задачы ў самым пекле катастрофы на Чарнобыльскай АЭС. Праўда, ордэн яго так і не знайшоў…

— Ордэнамі і медалямі я не пакрыўджаны, — заўважае падпалкоўнік, — па вялікім рахунку, не гэта галоўнае… У нашай службе самае важнае —  узаемавыручка, падтрымка, з’яднанасць таварышаў.

У тым ліку і гэтым прынцыпам кіруецца цяпер камандзір батальёна аэрадромнага і матэрыяльнага забеспячэння 181 баявой авіябазы В.П.Мірановіч. І хоць сам падпалкоўнік ужо не ўдзельнічае ў палётах, непасрэдна ў іх падрыхтоўцы, забеспячэнні жыцця-дзейнасці авіябазы прымае непасрэдны ўдзел. А значыць, ад яго рашэнняў па-ранейшаму залежыць боегатоўнасць часці.

А яшчэ ён актыўна ўдзельнічае ў грамадскім жыцці  Новых Засімавічаў і таксама карыстаецца аўтарытэтам. Нядаўна калегі і аднавяскоўцы вылучылі яго кандыдатам у дэпутаты раённага Савета дэпутатаў.

Галіна КАЛЯДА.

 На здымку: падпалкоўнік В.П.Мірановіч.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *