Среда, 19 сентября 2018

Забытая гісторыя Слабудкі: На зломе эпох (Заканчэнне)

1 309

У канцы 1980 – пачатку 1990-х гг. у рэспубліках СССР узмацніліся цэнтрабежныя працэсы, якія прывялі да распаду дзяржавы. Апошняй спробай рэаніміраваць савецкі лад быў жнівеньскі путч 1991 г., пасля якога краіна няўхільна стала рухацца да свайго зыходу з палітычнай арэны, што было афіцыйна зафіксавана ў Белавежскіх і Алма-Ацінскіх пагадненнях у снежні 1991 г.

У гэты час узброеныя сілы, як і ўся краіна, перажывалі цяжкія часы. Развал Савецкай Арміі прывёў да скарачэння войскаў і масавага звальнення афіцэраў, страты многімі людзьмі жыццёвых арыенціраў.  1. панэльныя дамы ў Слабудцы. Фота 2012 г.

З утварэннем незалежнай Рэспублікі Беларусь на базе Беларускай ваеннай акругі былі створаны нацыянальныя ўзброеныя сілы. З 1 чэрвеня 1993 г. пераемнікам  28-й агульнавайскавой арміі стаў 28-ы армейскі корпус, з 17 снежня 2001 г. – Заходняе аператыўнае камандаванне.

У перыяд распаду СССР у Слабудцы назіралася перанасычанасць войскамі. Тут знаходзіліся розныя вайсковыя адзінкі, у тым ліку выведзеныя з краін былога сацыялістычнага лагера ў Еўропе. Да пачатку 1990 г. у гарнізоне былі раскватараваны часці і падраздзяленні акруговага і армейскага падначалення: 954-ы разведвальны артылерыйскі полк, 801-ы рэактыўна-артылерыйскі полк, 1257-ы асобны пантонна-маставы батальён, выведзены з Чэхаславакіі ў чэрвені 1989 г., 2-і дывізіён 105-й брыгады супрацьпаветранай абароны з комплексам С-125, 1-ы батальён сувязі 86-й Ваўкавыскай брыгады сувязі (вузлавой). Летам 1991 г. з Баранавічаў у Слабудку прыбыў 1199-ы рэактыўна-артылерыйскі полк, а  1 жніўня –1-ы рэлейна-кабельны батальён 127-й брыгады сувязі (тэрытарыяльнай)  з Венгрыі. У пачатку 1992 г. ва ўрачыстай абстаноўцы ваеннаслужачыя Слабадскога гарнізона прынялі прысягу на вернасць Беларусі. У часцях увялі вывучэнне беларускай мовы, якую многія, асаб-ліва афіцэры, не ведалі.5. ком-е 954 разведывательного арт полка

У сувязі з вялікай канцэнтрацыяй войск у гарадку востра паўстала пытанне з іх размяшчэннем. З тлумачальнай запіскі да схемы знаходжання часцей за 1991 г. начальніка  гарнізона камандзіра 954-га рэактыўнага артылерыйскага палка палкоўніка А.Г.Нілава, якую ён прадставіў камандуючаму 28-й агульнавайскавой арміі генерал-лейтэнанту П.Казлоўскаму, вынікала, што для ўладкавання сем’яў ваенных у поўным аб’ёме неабходна будаўніцтва 75-кватэрнага дома. Але палітычныя змены не дазволілі рэалізаваць праект узвядзення дадатковага  жылля.

Перанасычанасць войскамі назіралася не толькі у Слабудцы, але і паўсюдна на Беларусі. Празмерная колькасць ваенных спецыялістаў выклікала неабходнасць скарачэння ўзброеных сіл. Мерапрыемствы праводзіліся ў асноўным праз датэрміновае звальненне на пенсію афіцэраў і прапаршчыкаў. Большасць звольненых у Слабудцы засталася жыць у гарадку. Паступова гарнізон быў пераведзены на скарочаны састаў. Частку баявой тэхнікі паставілі на доўгатэрміновае захоўванне.2. 801 реап.Командир дивизиона Кондратюк И.А.

Акрамя скарачэння ваенных, пачаўся працэс расфарміравання часцей. Першым на рубяжы 1992-1993 гг. зведаў гэта 954-ы рэактыўна-артылерыйскі полк. За ім у студзені 1993 г. настала чарга 2-га дывізіёна супрацьпаветранай абароны, а потым – 1257-га асобнага пантонна-маставога батальёна і 801-га рэактыўна-артылерыйскага палка. 1-ы батальён 86-й брыгады сувязі ў 1992г. быў пераведзены ў Мінск. Многія  афіцэры і прапаршчыкі пасля яго перадыслакацыі перайшлі на службу ў 1-ы батальён 127-й брыгады сувязі, які быў расфарміраваны ў 2005 г. (частка афіцэраў адправілася служыць ў Баранавічы). У 1996г. у Слабудцы быў створаны 984-ы супрацьтанкавы артылерыйскі полк (у 2005 г. пераведзены ў Брэст). Апошнім ваенны гарадок №55 (Слабодка) у 2007 г. пакінуў 1199-ы рэактыўна-артылерыйскі полк, накіраваны ў Брэст.

Такім чынам, на працягу 1990-2000-х гг. у жыцці гарнізона адбываліся пастаянныя змены. Калі ў пачатку 1990-х гг. колькасць людзей ў ваенным гарадку была надзвычай вялікай, дык у пачатку 2000-х гг. часці ўжо мелі скарочаны штат – людзей не хапала нават на тое, каб падтрымліваць неабходны парадак, сталі трухлець казармы, памяшканні якіх стаялі паўпустыя. 3. Ветераны 233рбр. знамя 233рбр. комбриг В.А.Копыленко.2003год.4.7

Па меры скарачэння і перадыслакацыі часцей змяняўся і склад жыхароў. Звольненыя і выйшаўшыя ў запас афіцэры сталі перабірацца ў раённыя і абласныя цэнтры. Хтосьці атрымаў кватэру па чарзе, іншыя – прадалі прыватызаванае жыллё і з’ехалі. У ваенным гарадку сталі сяліцца людзі, далёкія ад арміі. Вясковыя жыхары з ахвотай пераязджалі ў былы гарнізон, дзе, нягледзячы на цяжкія постсавецкія гады, захоўваўся адносны парадак, існавалі камфортныя бытавыя ўмовы. З’явіліся перасяленцы з іншых рэгіёнаў Беларусі, а таксама Украіны, Расіі, Казахстана. Гэтыя працэсы змянялі дух гарадка. Ён страціў нейкую асаб-лівую аўру, уласцівую толькі ваенным паселі-шчам, дзе ўсе звязаны карпаратыўнай прыналежнасцю і асобай ментальнасцю.

З 2007 г. “ваенны гарадок Слабодка” перастаў быць гарнізонам і перайшоў пад юрысдыкцыю Пружанскага раёна. Сярод мясцовых жыхароў быў праведзены своеасаблівы “рэферэндум” па пытанні далейшага лёсу гарадка – стаць часткай г.Пружаны ці апынуцца ў Пружанскім сельсавеце, аб’яднаўшыся ў адзінае цэлае з вёскай Слабудка, якая на працягу амаль стагоддзя існавала каля гарнізона, як асобная адміністрацыйная адзінка. Паколькі жыхары  вёскі валодаюць некаторымі сацыяльнымі льготамі, вынік быў прадказальны. З таго часу населены пункт стаў адзіным аб’ектам пад назвай “вёска Слабудка”.6. бат-н 127-й бригады связи. 2003

Трэба адзначыць, што змяненне статусу гарадка і дэмаграфічная сітуацыя ў ім не спрыялі станоўчым зменам. Як толькі гарадок пакінула апошняя вайсковая часць, пачалося марадзёрства. Стала рабавацца абсталяванне казармаў і сховішчаў, здымаліся і вывозіліся бетонныя агароджы, выкопваліся кабелі сувязі, выдзіралася электраправодка і лініі асвятлення. Любыя металічныя канструкцыі і прадметы пападалі ў рукі здатчыкаў металалому. Нарабаванае ў Слабудцы (і не толькі) прымалася на бескантрольных пунктах прыёму металаў.4. ТОрж-й вынос знамени 573 отд разв арт див-на

Адначасова з рабаваннем Слабудкі на рэштках могілак першай сусветнай вайны бесперашкодна сталі займацца вандалізмам “чорныя капальнікі” і ствараўся вялікі сметнік. Безумоўна, руйнаванне спадчыны папярэдніх эпох пачалося не сёння. Першыя знішчэнні адбыліся ў 1970-я гг., потым – пасля развалу СССР. Так, у 1992 г. на хвалі антыкамунізму знеслі помнік У.Леніну. Затым невядома куды зніклі помнік артылерыстам і скульптура “Два байцы”. Тое ж здарылася з прыгожай альтанкай пасярод Маргар’яну. Сам вадаём абмялеў і зарос.На таргі былі выстаўлены аб’екты былога гарнізона – штабы, казармы, склады, вучэбныя карпусы, гасцініца, крама, кафэ і інш. Будынкі, якія не знайшлі новага гаспадара, пачалі знішчацца. Так, у 2010 г. быў страчаны ўнікальны помнік ХІХ ст., так званы дом афіцэрскага саставу №2 (“Бярозка”). Восенню 2011 г. узарвалі старадаўнюю казарму — сімвал былога воінскага гонару Слабудкі. Яе падрывалі на працягу двух месяцаў, але будынак, узведзены больш за 100 год назад, працягваў стаяць, нягледзячы на яго нібыта “аварыйнасць і трухлявасць”. Потым амаль год з казармы вывозілі цэглу. Тое, што не забралі ваенныя, мясцовае насельніцтва і дачнікі, было звалена ў яму і сажалку Маргар’ян…

 Замест эпілогу

Прайшло амаль 120 гадоў з той пары, як з’явіўся ваенны гарадок каля Пружан. За гэты час адбылося шмат падзей, змянілася многа пакаленняў. Аднак сярод слабудчан і жыхароў іншых рэгіёнаў Беларусі яшчэ ёсць тыя, хто ведае аб мінулым гарнізона і лёсе людзей, якія жылі тут некалі, зберагае рэдкія дакументы, здымкі, рэчы. Менавіта іх дапамога дазволіла аднавіць многія забытыя старонкі гісторыі Слабудкі. Сярод іх – В.А.Малыха, М.Я.Бацэнка, Г.Д.Кандрацюк, А.М. і Г.М.Філаненкі, В.А.Іванова, У.І.Аркадзьеў, Л.Г.Сямёнава, Б.Чатырбок, І.І.Чыж, А.Ю.Ледзянёва, Л.І.Руцкая, В.Ф.Курбатава, М.Я. Заікіна, Н.Ф.Краўчук, Н.А.Ісачэнка, В.В.Падкаура, І.П.Крупскі, І.У.Сядова і інш., а таксама былыя ваенныя, чый лёс быў звязаны са Слабудкай.

Нягледзячы на тое, што ўжо шмат страчана і адышло ў нябыт, з песімізмам глядзець у будучыню нельга. Жыццё працягваецца. Сёння не пустуе дзіцячы садок, якому ўжо споўнілася 65 год (а будынку больш за стагоддзе). У 1994 г. з’я-вілася новая школа, дзе вучацца дзеці са Слабудкі і ваколіц. У былой “ваеннай” частцы вёскі бытавыя ўмовы нічым не адрозніваюцца ад гарадскіх. Акрамя ўжо звыклага газу, кругласутачнай гарачай вады і цяпла ў кватэрах, працуе кабельнае і спадарожнікавае тэлебачанне, хуткасны Internet. Пабудавана крама, уладкавана дзіцячая пляцоўка, заасфальтаваны вуліцы.

Аднак сучаснасць не можа існаваць без традыцый, без духоўнасці, без павагі да сваёй сям’і, родных мясцін, дзяржавы. Захаваць унікальныя аб’екты ў Слабудцы неабходна, таму што яны – яркае сведчанне выдатных і трагічных старонак гісторыі Бацькаўшчыны. Рэшткі ваеннага гарадка – гэта сапраўдны музей пад адкрытым небам, дзе на прыкладзе рэальных помнікаў можна вывучаць гісторыю. Сёння, калі вялікая ўвага надаецца патрыятычнаму выхаванню, аднаўленню і захаванню гісторыка-культурнай спадчыны, неабходна ўзяць будынкі пад ахову. Слабудка можа стаць сапраўдным ўпрыгажэннем Пружаншчыны, важнай кропкай на яе турыстычнай карце. Таму што яна ўтрымлівае арыгінальныя і амаль адзінкавыя на прасторах СНД помнікі ваеннай архітэктуры  ХІХ-ХХ стст., польскіх і савецкіх часоў. Гарадок звязаны з падзеямі, якія з’яўляліся ключавымі ў сусветнай гісторыі, і выдатнымі асобамі. Да таго ж каля Слабудкі знаходзяцца тры буйныя некропалі – месцы жалобы і памяці для людзей з розных краін свету. У адрозненне ад многіх турыстычных аб’ектаў у нашым раёне Слабудка мае выгаднае размяшчэнне – недалёка ад райцэнтра на аўтадарозе Пружаны – Запруды. У вёску пастаянна ходзіць рэйсавы аўтобус, а ў 6 км знаходзіцца чыгуначная станцыя Аранчыцы. Помнікі і будынкі, якія пакуль існуюць у Слабудцы, не знаходзяцца ў аварыйным стане, але патрабуюць неадкладнага ўмяшальніцтва для іх захавання. Пасля пэўных укладанняў іх можна выкарыстоўваць як базу для стварэння асаблівага музейна-патрыятычнага комплексу (аналагаў якога не існуе ў Беларусі) ці цэнтра адпачынку, дзе могуць існаваць: музей баявой славы (пэўныя напрацоўкі ў збіранні экспанатаў ужо ёсць), турыстычныя маршруты па месцах пахаванняў, аб’ектах часоў першай сусветнай вайны і ракетных войск стратэгічнага прызначэння, гасцініцы, ціры, спартыўныя пляцоўкі. Развітая інфраструктура можа спрыяць з’яўленню ваенна-патрыятычных класаў у школе ці змен ў дзіцячым аздараўленчым лагеры, правядзенню ваенна-спартыўных гульняў, мерапрыемтваў па гістарычнай рэканструкцыі і інш.

Хочацца спадзявацца, што гісторыя Слабудкі не завершыцца яе знішчэннем, а будзе мець шчаслівы працяг.

Апрацоўка і пераклад на беларускую мову Наталлі Пракаповіч.

На здымках:

1. Панэльныя дамы і дзіцячая пляцоўка ў Слабудцы 1970-1980-х гг., фота 2012 г.

2. Камандаванне 954-га разведвальнага артылерыйскага палка, пач. 1990-х гг.

3. 801-ы рэактыўна-артылерыйскі полк. Камандзір дывізіёна І.А.Кандрацюк, фота 1987 г.

4. Ветэраны 233-й ракетнай брыгады, 2003 г.

5.  Батальён 127-ай брыгады сувязі. Фото 2003 г.

6. Урачысты вынас сцяга 573-га асобнага выведвальнага артылерыйскага дывізіёна.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *