Среда, 19 сентября 2018

Механизатор Сергей Сахарук за показатели в работе получил автомобиль

1 909

У аграгарадку Кляпацкі добра ведаюць братоў Сахарукоў. Тры з іх працуюць механізатарамі ў ААТ «Жураўлінае», а двое набылі прафесію будаўніка. Сяргей у шматдзетнай сям’і нарадзіўся трэцім па ліку. Бацька Сцяпан Якімавіч усё сваё жыццё прысвяціў нялёгкай механізатарскай працы. Для маленькага Сяргея было вялікім шчасцем пасядзець у кабіне трактара і пракаціцца па вясковай вуліцы разам з бацькам. А калі бацька браў яго ў поле, то гэта было найвялікшай падзеяй для хлопчыка. Сяргей і цяпер добра памятае бацькавы рукі, якія заўсёды пахлі саляркай.Сахарук 3

Калі надышоў час вызначацца з выбарам прафесіі, хлопец  доўга не вагаўся. Спачатку ў Брэсце набыў прафесію вадзіцеля, а потым атрымаў пасведчанне механізатара.

Сяргей Сахарук паспеў папрацаваць на палетках роднай гаспадаркі яшчэ да службы ў войску, а пасля дэмабілізацыі зноў вярнуўся ў свой працоўны калектыў.

— Першай машынай, на якой давялося працаваць, быў трактар «МТЗ-82», — успамінае Сяргей Сцяпанавіч. — Выконваў розныя работы як на палетках, так і фермах.

Восем сезонаў падчас жніва шчыраваў на камбайне, некалькі з іх — разам з пляменнікам Віталем.

Цяпер за механізатарам замацаваны трактар «МТЗ-1221» і кормаўборачны камбайн «Ягуар-850».

Вясной падчас пасяўной заняты сяўбой шматгадовых траў і кукурузы, а пачынаючы з мая — працуе на нарыхтоўцы кармоў. Спачатку ўбірае «Ягуарам» шматгадовыя травы, а потым кукурузу.

Сяргей Сцяпанавіч неаднойчы станавіўся пераможцам і прызёрам раённага спаборніцтва сярод механізатараў, якія працавалі на сяўбе яравых культур. Вось і летась ён быў трэцім.

На кормаўборачным камбайне «Ягуар-850» механізатар адпрацаваў усяго толькі тры сезоны. Апошні з іх стаў для яго сапраўды зоркавым. Па выніках рэспубліканскага спаборніцтва механізатар з ААТ «Жураўлінае» стаў пераможцам  на нарыхтоўцы травяністых кармоў. У якасці ўзнагароды Сяргей Сцяпанавіч атрымаў Ганаровы дыплом і аўтамабіль «Джылі-SC7».

На нарыхтоўцы кармоў працаваць нялёгка. З гэтым згаджаецца і сам механізатар. Рабочы дзень пачынаецца вельмі рана і заканчваецца познім вечарам. На адпачынак застаецца зусім мала часу. Нават па хатняй гаспадарцы ўпраўляецца ў асноўным жонка. Але на дасягнутым Сяргей Сцяпанавіч спыняцца не збіраецца. Ён рыхтуе ў гэтыя зімовыя дні свой «Ягуар» да новых выпрабаванняў.

На здымку: камбайнер кормаўборачнага камбайна «Ягуар-850» С.С.Сахарук з новенькім аўтамабілем.

Мікола Архуцік. Фота аўтара.   

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *