Суббота, 22 сентября 2018

Анатолий и Елена Халецкие: с надеждой на себя и на любовь

1 446

Сустрэча з сям’ёй Халецкіх была для мяне выпадковай. Аднак адна фраза, кінутая гаспадаром Анатолем Антонавічам падчас кароткай сустрэчы, не давала спакою маёй журналісцкай цікаўнасці. Таму так хацелася сустрэцца зноў, каб даведацца: ну як патрэбна ладзіць адносіны ў сям’і, каб муж пабудаваў дом для і ў гонар сваёй жонкі?SAMSUNG DIGITAL CAMERA

Анатоль Антонавіч адразу расстаўляе ўсе кропкі над “і”:

—Наша сям’я маладая, ёй усяго тры гады. Аднак дзяцей у мяне чацвёра: сын студэнт і дачка старшакласніца ад першага шлюбу, сын Алёны – маёй цяперашняй жонкі, і наша агульная з ёю дачка – Ганна Марыя.

Пра апошнюю — размова асобная. Дзіця, як удакладняе Алёна Сяргееўна, надзвычай жаданае. Бо, калі жанчына адважваецца на такі адказны крок у жыцці, як нараджэнне другога дзіцяці ў трыццаць шэсць гадоў, і калі розніца ва ўзросце дзяцей — сямнаццаць, гэта гаворыць пра многае…

Анатоль і Алёна  пазнаёміліся пяць гадоў таму. Яна была ўжо шмат гадоў у разводзе, ён  знаходзіўся ў стане канчатковага разрыву адносінаў з жонкай. Менавіта тады накіраваліся яны ў адну камандзіроўку: Алёна — як рэнтген-лабарант, а Анатоль — як вадзіцель перасоўнага рэнтгенкабінета.

Умовы, як успамінаюць, былі спартанскія: патрэбна было самастойна клапаціцца і пра начлег, і пра харчаванне. Таму, калі ўвішны мужчына неўзабаве замарынаваў шашлык і, каб яго прыгатаваць, тут жа, на ўлонні прыроды, развёў агонь, Алёна раптам падумала: такая мужчынская ініцыятыва нават цікавая.

Прайшло няшмат часу, калі яны абодва раптам зразумелі: разам ім камфортна. Анатолем больш ніхто не кіраваў, а Алёна, нарэшце, адчула, што такое надзейнае мужчынскае плячо. Яны пачалі жыць разам. Думалі, марылі, дзейнічалі аднолькава.

Само сабой прыйшло рашэнне будаваць агульны дом. Жаданне было такім моцным, што давялося забыць і пра адпачынак, і пра сустрэчы з сябрамі. Эканомілі кожную капеечку, укладваючы яе ў агульную справу. Зразумеўшы, што даводзіцца выкідваць грошы на вецер, перарабляючы за наёмнымі будаўнікамі, з апошнімі давялося развітацца. Будаваць дом гаспадар стаў самастойна. Дазваляў рэжым работы (на той час працаваў Анатоль у прыватніка) і раней атрыманыя навыкі. Так, маючы вялізнае жаданне і залатыя рукі, з дапамогай крэдытных сродкаў свой дом Халецкія пабудавалі амаль за два гады. Купілі некаторую мэблю, на што яшчэ хапіла грошай, і перайшлі сюды жыць.

-У першую ж ноч у сваім новым доме, — расказвае Алёна, — Анатоль прапанаваў распісацца. Божухна, мы настолькі былі захоплены будаўніцтвам, што раней аб гэтым нават не думалі. А праз некаторы час, адпрасіўшыся ненадоўга з работы, ён забраў мяне, і мы паехалі ў ЗАГС. Мы распіса-ліся так хутка, што ніхто і не заўважыў. Нават заручальныя пярсцёнкі не было часу выбіраць. Так і носім цяпер срэбныя.

А неўзабаве сям’я Халецкіх дабілася галоўнай перамогі: у іх нарадзілася светленькая кучаравая дзяўчынка, пра якую так марылі. Імя для яе мама з татам выбіралі па святцах і гараскопе адначасова. Спыніліся на двайным – Ганна Марыя. Аказалася, яшчэ і бабулям дагадзілі (адна з іх — Ганна, другая, зразумела, Марыя). І хоць часцей даво-дзіцца бацькам звяртацца да дачушкі карацей – проста Ганначка, яны бясконца дзякуюць Богу за гэты цуд.

Цяпер жыццё ў гэтай маладой сям’і будуецца па сваіх правілах, заснаваных на багатым жыццёвым вопыце і з улікам ранейшых памылак. Абавязкі па дому ніхто не дзеліць на мужчынскія і жаночыя.  Добраўпарадкаванне тэрыторыі каля іх прыгожага дома — таксама справа агульная. Летам усёй сям’ёй Халецкія кветкі садзяць, зімой туі і пладовыя дрэўцы навагоднім убраннем упрыгожваюць. Ну, а каб вылавіць вялізнага карпа ці белага амура з сажалкі, і шматлікія сябры могуць дапамагчы. Галоўнае, ёсць у сям’і поўнае паразуменне.

— Так хочацца, — дзеліцца планамі гаспадыня, — каб, нарэшце, мой Анатоль адпачыў. За тое, што нам такі дом пабудаваў, хацелася б арганізаваць яму паездку ў Егіпет. А зрэшты, застаецца толькі прасіць у Бога добрага ўсім нам здароўя. Астатняе — асілім!

Галіна Каляда.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *