Понедельник, 22 января 2018

Участники любительского объединения «Медовая светлица» поделились секретами красоты и здоровья

1 201

Ужыванне прадуктаў пчалярства і расталай вады – вось асноўная складаючая здаровага ладу жыцця, які вядуць удзельнікі аматарскага аб’яднання “Мядовая  святліца”, што дзейнічае пры Палацы культуры. Пераважная большасць наведвальнікаў аб’яднання – маладыя людзі, якія да правільнага харчавання дадалі яшчэ і аздараўленне парай. Менавіта ў лазні і давялося іх застаць.

—Быць здаровым, — пераканана кіраўнік аб’яднання Іна Такарэўская, — дазволіць толькі вядзенне здаровага ладу  жыцця.  Нам дапамагаюць мёд і іншыя прадукты пчалярства, вада, фізічныя практыкаванні і лазневыя працэдуры.медовая баня

На думку членаў аб‘яднання, найперш пачынаць патрэбна з выключэння ўсялякай “хіміі” з прадуктаў харчавання. Многія з прыхільнікаў такога ладу жыцця наогул не купляюць тую прадукцыю, дзе змяшчаюцца фарбавальнікі і ўзмацняльнікі смаку, прадукты з вялікім тэрмінам захоўвання. Вядома, зараз гэта вялікая рэдкасць. Таму тая ж Іна Такарэўская, напрыклад, па малако ездзіць выключна да гаспадыні, якая трымае кароўку, хлеб купляе толькі бездражджавы, а мяса і каўбасныя вырабы ў магазіне не купляе наогул. Зрэдку дазваляе сабе мясную страву, якую гатуе сама і толькі з мяса свойскай жывёлы.

—У сваім харчаванні, — дзеліцца кіраўнік аб’яднання, — стаўку на мяса я наогул не раблю. У прадуктах пчалярства ёсць, што неабходна для арганізма, утрымліваюцца тыя ж аміна-кіслоты і бялкі, што і ў мясе. І, што не малаважна, мёд, пярга і пылок ніколі не ўступаюць у канфлікт з арганізмам і поўнасцю ім засвойваюцца.

Асаблівы падыход у аматараў “Мядовай святліцы” і да вады. А калі больш дакладана – менавіта да расталай вады, якая прайшла замарозку. Лічыцца, што тады яна ачышчаецца ад прымесяў, у ёй сціраецца ўся назапашаная  інфармацыя, аднаўляецца структура малекулы вады. Нездарма, дарэчы, такую ваду называюць гаючай. Аднак, каб яна прыносіла бясспрэчную карысць, прыхільнікі  аздараўлення перад тым, як яе выпіць, прыблізна шклянку вады выліваюць з пластыкавай бутэлькі, у якой яна растала. Тое ж робіцца і з рэшткамі вады, дзе, на іх на думку, і застаецца ўсё шкоднае.

—Гэта неверагодна, — прызнаецца нядаўні студэнт Сяргей. – Пасля некалькіх месяцаў прыёму расталай вады ў мяне зніклі праблемы з работай страўнікава-кішэчнага тракту і паменшылася вага.

Каб пераканацца ў тым, якія цуды творыць вада з мёдам, удзельнікі “Мядовай святліцы” далі такую параду: у шклянцы талай вады тэмпературы цела развесці лыжку мёду і выпіць раніцай нашча. Тое ж варта зрабіць вечарам.

—Вы заўважылі, якія мы бадзёрыя? — усміхаюцца аматары прадуктаў пчалярства. – Гэта ўсё карысная для здароўя вада!

Каб замацаваць цуда-эфект, Іна Такарэўская разам з аднадумцамі рэгулярна наведваюць лазню. А там, разгарачыўшыся, могуць даць нырца і ў снег! Дзеля добрага самаадчування варта пайсці і на гэта – перакананы ў “Мядовай святліцы”.

Галіна Каляда.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *