Пятница, 25 мая 2018

Власти и представители христианских конфессий обсудили духовные проблемы Пружанщины

1 332

Старшыня райвыканкама М.М.Серкоў сустрэўся са святарамі хрысціянскіх канфесій, якія ёсць на тэрыторыі раёна. Удзел у сустрэчы таксама прынялі намеснік старшыні райвыканкама М.П.Кудравец, старшыня раённага Савета дэпутатаў М.В.Сцепанюк і начальнік фінансавага аддзела Н.М.Красоўская.IMG_1748_

Гутарка з духоўнымі пастырамі прайшла за круглым сталом у салоне-гасцёўні Палаца культуры. Падчас шчырага дыялогу кіраўнік раёна хацеў даведацца аб праблемах, з якімі сутыкаюцца святары Пружаншчыны, і па магчымасці затым дапамагчы іх вырашыць. Паколькі леташняе супрацоўніцтва паміж служыцелямі культа і ўладамі, на думку Міхаіла Мікалаевіча, аказалася не надта плённым.

Пачалася размова з планаў раённага маштабу. Безумоўна, у першую чаргу, планы на бягучы 2014-ы звязаны з тым, што ён аб’яўлены ў краіне Годам гасціннасці. Улады Пружаншчыны звязваюць з ім у першую чаргу планы культурнага развіцця. І Міхаіл Мікалаевіч выказаў спадзяванне, што ў выніку пружанцы яшчэ больш будуць ганарыцца сваім краем.IMG_1766

Разам з тым засмучальным застаецца той факт, што насельніцтва Пружаншчыны штогод меншае: сёння ў раёне не пражывае і 50 тысяч чалавек. Гэта павінна непакоіць і святароў: без прыхаджан няма прыходу. «Самая страшная загана сённяшняга грамадства — п’янства. Людзей трэба вяртаць да нармальнага жыцця», — зазначыў М.М.Серкоў. Ён перакананы, што дапамагчы тым, хто згубіўся ў жыцці, пераацаніць духоўныя каштоўнасці па  сіле святарам.

Справа ў тым, што за апошні час удалося прыцягнуць у раён шэраг інвестараў, але яны сутыкнуліся з праблемай недахопу рабочых рук, дакладней — жадаючых добра працаваць. Натуральна, востра паўстала пытанне: як выправіць сітуацыю, асабліва ў сельскай мясцовасці? Самым складаным кутком Пружаншчыны ў гэтым плане з’яўляецца Ружаншчына.

Залежнасць малога бізнэсу, на развіццё якога ў раёне  цяпер зроблена стаўка, ад сацыяльнага мікраклімату ў грамадстве, безумоўна, існуе. Таму такой актуальнай і стала ў рэгіёне гэтая праблема. «На Пружаншчыне сельскую гаспадарку развілі ўжо дастаткова: мяркуйце самі, малака,  атрыманага на мясцовых комплексах за пяць дзён, жыхарам раёна хопіць на год, хлеба, вырашчанага за сезон, — на 30 гадоў. Калі такія тэмпы на сяле захаваюцца, гады праз тры і малы бізнэс, звязаны з перапрацоўкай сельгаспрадукцыі, зможа дасягнуць такіх высокіх паказчыкаў», — выказаў свае спадзяванні М.М.Серкоў. Увогуле, паводле яго слоў, тры складаемыя, на якіх павінен трымацца ў далейшым Пружанскі раён, — вытворчасць сельскагаспадарчай прадукцыі, яе перапрацоўка і турызм. А паколькі ёсць месца для турызму (дарэчы, за мінулы год у гэтай галіне былі дасягнуты вельмі высокія паказчыкі), да супрацоўніцтва ў раён запрашаюцца толькі экалагічна чыстыя вытворчасці.IMG_1745

«Улады падтрымлівалі і будуць падтрымліваць канфесіі раёна, паколькі Царква можа даць адказы на важныя пытанні сучаснасці, — падкрэсліў кіраўнік раёна. — І сёння, як ніколі, патрэбна ваша дапамога: толькі сумеснымі намаганнямі з людзьмі, прызванне якіх несці ў масы Божае слова, праз якое вучыць міласэрнасці і правільнаму ладу жыцця, магчыма дабіцца поспехаў. У першую чаргу ў барацьбе са згубнай чалавечай прагай да спіртнога».

Святары таксама атрымалі магчымасць выказацца, не абышлося нават без спрэчак на тэалагічныя тэмы. Некалькі слушных заўваг зрабілі праваслаўныя святары Вячаслаў Левы і Аляксандр Сень. Вопытам плённага супрацоўніцтва з СШ №1 і выпраўленчай установай у Купліно падзяліўся протаіерэй Ігар Мрыхін. З’акцэнтавана была ўвага і на ўтрыманскіх пазіцыях, якія ўсё больш запаланяюць грамадства.

Пастар царквы ХВЕ  Э.М.Бойка ўзняў пытанне, якое тычылася непасрэдна галоўнай тэмы сустрэчы. У прыватнасці, Эдуарда Мікалаевіча цікавіла, чаму закрываецца наркалагічнае аддзяленне Пружанскай ЦРБ, калі праблема п’янства сёння з’яўляецца настолькі вострай. Ва ўладаў ёсць сваё меркаванне: калі не прыносяць належнага выніку медыкаментозныя спосабы лячэння алкагалізму, першымі саюзнікамі ў барацьбе з п’янствам павінны стаць святары. Тым больш, што злоўжываючыя алкаголем па-ранейшаму могуць прайсці курс лячэння — у Магілявецкай бальніцы. «П’янства — сапраўды біч сучаснага грамадства, з якім яшчэ не прыдумана дзейсных метадаў барацьбы, — выказаўся на гэты конт М.П.Кудравец. — Трэба спрабаваць аздараўляць людзей і праз пропаведзі».

Вынікам сустрэчы павінен стаць тэкставы зварот да жыхароў Пружаншчыны, які будзе распрацаваны ў бліжэйшы час.

Марына Вакульская. Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *