Вторник, 18 сентября 2018

Забытая гісторыя Слабудкі: Ракетны гарнізон

1 620

Летам 1966 г. з групы савецкіх  войск у Германіі ў ваенны гарадок Слабодка была пераве-дзена  233-я Свірская ордэна Багдана Хмяльніцкага ракетная брыгада, якая ўвайшла ў склад 28-й агульнавайскавой арміі (штаб у г.Гродна). Яна складалася з трох асобных ракетных дывізіёнаў – 15-га, 16-га і 33-га. Кожны з іх меў свой сцяг, пячатку і лічыўся асобнай вайсковай часцю ў складзе злучэння. На ўзбраенні брыгады былі ракеты Р-11 з дальнасцю палёту 270 км.

Ветэран ракетнай брыгады прапаршчык М.С.Чарных успамінае аб пачатку размяшчэння каля Пружан: “Мы прыбылі ў разбуранае, як пасля жорсткіх баёў, мястэчка Слабудка (застаўся некаторы беспарадак ад папярэдніх службоўцаў, да таго ж ваенныя, выведзеныя з Германіі, параўноўвалі папярэднія ўмовы службы з новымі, не камфортнымі – Заўв. аўтараў), дзе да гэтага быў вучэбны цэнтр па падрыхтоўцы малодшых спецыялістаў РВСП. На новым месцы дыслакацыі стаяла трохпавярховая цагляная казарма пабудовы царскіх часоў, салдацкая сталоўка, некалькі складскіх памяшканняў, цагляных двухпавярховых дамоў і драўляных баракаў для сем’яў афіцэраў. Усе яны патрабавалі рамонту. Акрамя таго, неабходна было нанова пабудаваць шэраг памяшканняў і сховішчаў для тэхнікі. На ўсё лета і восень 1966 г. брыгада ператварылася ў строга арганізаваную будаўнічую каманду”.1. Знамёна 233рбр.У памятника .Слободка. 80-е годы.

На самой справе стан “будаўнічай каманды” зацягнуўся на доўгі тэрмін. За той час, што існаваў ваенны гарадок, а гэта больш за 70 гадоў, ён перажыў некалькі войнаў і мноства “гаспадароў”. Яго інфраструктура не адпавядала патрабаванням часу. Печкавае ацяпленне, адсутнасць уладкаваных туалетаў і вада з калонак выглядалі анахранізмам нават у вачах не вельмі спешчаных дабротамі ваенных. М.Я.Заікіна, якая з мужам – служачым батальёна сувязі – жыла ў Слабудцы ў 1969-1971 гг., так апісвае ўмовы жыцця: “У нашым бараку, пабудаваным з дрэва, жыло некалькі сем’яў. Мы займалі аднапакаёвую кватэру з вузкай выцягнутай у даўжыню цёмнай кухняй. Вады не было, яе насілі ад калонкі і падагравалі на пліце. Жыхары карысталіся “зручнасцямі на вуліцы”. Каля высокага плоту стаяў невялікі хлеў, дзе захоўвалі дровы для печкі. У пакоі было цёмна і вільготна, дзённае святло пранікала скрозь маленькае акно”.

Безумоўна, час патрабаваў змен. Разам з уладкаваннем годнага быту ваенных неабходна было клапаціцца аб гаспадарчым забеспячэнні, таму што брыгада была ўзброена сучаснай дарагой тэхнікай, якой патрабаваліся асаблівыя умовы захоўвання, абслугоўвання і эксплуатацыі.

У час знаходжання ў Слабуд цы 233-й ракетнай брыгады адбылася сур’ёзная рэканструкцыя гарадка, і яго знешні выгляд поўнасцю змяніўся. Асноўныя будаўнічыя работы праводзіліся пад камандаваннем падпалкоўніка В.Ф.Мажаева – камандзіра брыгады з 1971 года. Вялікую падтрымку аказала камандаванне акругі на чале з генерал-палкоўнікам І.М.Траццяком, які неаднаразова наведваў гарнізон і ведаў яго праблемы. Для ўладкавання гарадка былі выдаткаваны сродкі на ўзвядзенне чатырох пяціпавярховых панэльных дамоў для сем’яў ваенных, штаба брыгады, чатырохпавярховай казармы, салдацкай сталоўкі, спартыўнай залы, каравульнага памяшкання з гаўптвахтай, сховішчаў для тэхнікі і баявога запасу ракет, кацельні, складу паліўна-змазачных матэрыялаў (ПЗМ), пунктаў обслугоўвання аўтамабіляў і спецтэхнікі, дапаможнай гаспадаркі.4. Боевые знамёна 233рбр нач. 1980хгг

Работы ішлі пяць гадоў. Змяненні таксама адбыліся ва ўладкаванні іншых часцей гарнізона – батальёне сувязі акруговага падначалення, асобным разведвальна-артылерыйскім дывізіёне армейскага падначалення, 801-ырэактыўны артылерыйскі полк якога меў на ўзбраенні пускавыя ўстаноўкі “Град”.

У выніку маштабных работ у  Слабудцы з’явілася цэнтральная кацельня і лазнева-пральны камбінат. Былі пракладзены камунікацыі ацяплення і водазабеспячэння ў жылой зоне. Замест старога Дома культуры (былы касцёл) па тыпавым праекце зрабілі новы, а на месцы знесенага будынка ўсталявалі помнік артылерыстам – бетонны пастамент з рэактыўнай пускавой устаноўкай пасляваеннага ўзору. Па перыметры пляцоўкі, у цэнтры якой стаяў помнік, паставілі сцяну з партрэтамі герояў-артылерыстаў. Каля пляца ўзвялі трыбуну і помнік У.Леніну. На стадыёне пабудавалі раздзявалку і памяшканне для спортінвентару. Дарогі ў гарадку заасфальтавалі.3. Расчет наведения стартового отделения 5-й батареи.Нач.расчета прапрощик Сивуда И.А.

Па знешнім перыметры гарнізон быў абнесены тыпавой для часцей Беларускай ваеннай акругі бетоннай агароджай, так званай “траццякоўскай” (ад прозвішча камандуючага І.Траццяка). Такім жа плотам жылая зона была аддзелена ад размяшчэння часцей. На ўездзе ў гарнізон пабудавалі новыя кантрольна-прапускныя пункты (КПП). КПП №1 стаяў насупраць школы з боку дарогі Пружаны – Запруды. У ім знаходзіўся дзяжурны па часці. Другі пункт быў пры ўваходзе з цы-вільнай зоны ў службовую, а трэці – на ўездзе ў жылую частку з боку в.Слабудка.

Разам са з’яўленнем новых аб’ектаў ішло разбурэнне старых. Былі знесены ўсе драўляныя будынкі, у тым ліку жыллё і казармы, медпункт і пошта. Аднак шэраг памяшканняў вырашана было пакінуць і прыстасаваць пад новыя патрэбы. Так, у працэсе ператварэнняў быў надбудаваны чацвёрты паверх на старой “царскай” казарме. Пры гэтым фасад пазбавілі амаль усіх дэкаратыўных элементаў. Іх збілі, каб надаць аб’екту адзіны з дабудовай “стыль”, і паклалі тоўсты пласт тынкоўкі.5. Проводы зимы. 1971-72гг

Засталіся некранутымі два жылыя дамы: у адным (былое польскае казіно) размясцілі дзіцячы садок, а ў другім, які знаходзіўся насупраць уваходу ў службовую зону, – камбінат бытавога абслугоўвання і прадуктовую краму. У ранейшым цагляным доме № 5 сталі працаваць крама “Ваенгандлю” і афіцэрскае кафэ-сталоўка. Будынак 1930-х гг., дзе калісьці жыло камандаванне, перарабілі пад вучебны корпус, а ў доме 1950-х гг., які стаяў паблізу, сталі вывучаць матэрыяльную частку ракеты 8К14. У 1974 г. з’явілася сховішча для баявога запасу 801-га рэактыўнага артылерыйскага палка. У час яго ўзвядзення была знішчана большая частка воінскіх пахаванняў першай сусветнай вайны, а надмагільныя пліты выкарыстаны для забутоўкі фундамента.

Да 1977 г. асноўнае будаўніцтва завяршылася, і 55-ы ваенны гарадок, як Слабудка значылася ў дакументах кватэрна-эксплуатацыйнай часці, стаў непазнавальнавальным. Разам са станоўчымі зменамі, якія дазволілі часткова вырашыць жыллёва-бытавыя і тэхнічна-гаспадарчыя праблемы, гарадок не набыў прывабны выгляд, а, наадварот, пагрузіўся ў “стылявы хаос” і шмат страціў: у нябыт адышлі ўнікальныя архітэктурныя помнікі, падвергліся спусташэнню могілкі салдат першай сусветнай вайны і вяскоўцаў. Новыя будынкі не ўпісаліся ў планіровачную структуру населенага пункта, якая склалася ў канцы ХІХ – першай палове ХХ стагоддзяў.6. В клубе

Нягледзячы на вялікую работу па абсталяванні гарнізона, засталіся нявырашанымі многія пытанні. Напрыклад, ацяпленне ажыццяўлялася цэнтральнай кацельняй, якая працавала на вугалі кепскай якасці, таму зімой тэмпература ў памяшканнях была нізкай. Гарачая вада падавалася ў дамы толькі ў пэўныя гадзіны, а ў казармах яе наогул не было. Па-ранейшаму не хапала жылля, таму ў 1988 г. узвялі яшчэ адзін панэльны пяціпавярховы дом. У 1980-я гг. збудавалі дадатковыя склады ракетнага паліва і ПЗМ.

Трэба адзначыць, што пераўтварэнні ляжалі цяжарам на асабовым складзе гарнізона, які пастаянна прыцягваўся да гаспадарчых работ, хаця значная частка аб’ектаў узводзілася будаўнічымі батальёнамі. Баявая вучоба ішла без перапынку, скідак на абставіны ніхто не рабіў. Адразу пасля з’яўлення ракетчыкаў у Слабудцы пачалася падрыхтоўка да пераўзбраення і ўдзелу брыгады ў буйных вучэнняў сухапутных войск.

У 1968 г. у часць паступіў новы ракетны комплекс 9К72 з ракетай Р-17 (8К14) з дальнасцю палёту 300 км, які мог паражаць цэлі звычайнымі і ядзернымі боепрыпасамі, і пускавой устаноўкай 9П117 на базе шматвосевага аўтамабіля МАЗ-543. У гэтым жа годзе брыгада ў поўным складзе ездзіла на ракетны палігон “Капусцін Яр” у Астраханскай вобласці для правядзення тактычных вучэнняў з пускамі ракет. Такія заняткі праводзіліся неаднаразова. Брыгада прымала ўдзел у агульнавайскавых вучэннях “Днепр-75”, “Неман-79”, “Захад-81”. Баявая падрыхтоўка на Пружаншчыне вялася на спецыяльна абсталяваных вучэбных месцах ва ўрочышчы “Ліноўскі лес”, полі і аўтадроме на паўднёвай ускраіне гарадка, дзе займаліся геадэзісты і вадзіцелі, на стрэльбішчы. Для вучэнняў таксама былі вызначаны запасныя раёны канцэнтрацыі каля вёсак Кацёлкі, Козі Брод, Аляксандраўка, Паддубна.

У 1984-1985 гг. 233-я ракетная брыгада атрымала на ўзбраенне аператыўна-тактычны ракетны комплекс 9К714 “Ака” з дальнасцю палёту ракеты 400 км. Дзеля ўдасканалення навыкаў па кіраванні комплексам асабовы склад брыгады на працягу года займаўся ў вучэбна-ракетным цэнтры “Капусцін Яр”.7. Слобудка. Группа представителей инспекции США. 1989г.

Трэба адзначыць, што вайскоўцы, якія служылі ў 1960 – 1980-я гг. у Слабудцы, актыўна ўдзельнічалі ў жыцці Пружаншчыны. Вайсковыя часці аказвалі шэфскую дапамогу гаспадаркам раёна і школам, удзельнічалі ў правядзенні ваенна-спартыўных мерапрыемстваў і патрыятычных акцый, арганізацыі ўрачыстасцей ў гонар дзяржаўных свят, даглядалі  мясцовыя мемарыялы. Штогод у Дзень Перамогі слабудскія ваенныя разам з іншымі ўстановамі праводзілі мітынг каля абеліска ахвярам фашызму ў Ліноўскім лесе і ўскладалі вянкі на “шпітальных” могілках. Прычым на іх прысутнічала не толькі камандаванне і палітаддзел ракетнай брыгады, але і ўсё кіраўніцтва Пружанскага раёна, збіралася вялікая колькасць людзей з навакольных вёсак.

Своеасаблівым цэнтрам грамадскага жыцця ў гарнізоне з’яўляўся Дом культуры, дзе працавала вялікая колькасць гурткоў і клубаў мастацкай самадзейнасці. У святочныя дні ў ім праходзілі ўрачыстыя сходы і канцэрты, ладзіліся вечарыны адпачынку. Аматарскія калектывы са Слабудкі ўдзельнічалі ў шматлікіх конкурсах, выязджалі з праграмамі ў розныя куткі раёна. Працавала добрая бібліятэка, фонд якой быў разлічаны на задавальненне патрэб для правядзення палітычных заняткаў і ўтрымліваў вялікую колькасць мастацкай і навуковай літаратуры. Кожны тыдзень дэманстраваліся кінастужкі. У Доме культуры сіламі вайскоўцаў быў аформлены “Пакой баявой славы”. Трэба адзначыць, што так званыя “чырвоныя куткі” ці “ленінскія пакоі” былі ў кожнай часці.

З сярэдзіны 1980-х гг. міжнароднае становішча ў свеце змянілася. Правядзенне ў Савецкім Саюзе “перабудовы” і абвяшчэнне М.С.Гарбачовым “новага палітычнага мыслення” садзейнічалі пацяпленню адносін паміж СССР і ЗША. Дзяржавы падпісалі шэраг пагадненняў, скіраваных на скарачэнне і раззбраенне войскаў. Адным з такіх дакументаў стаў савецка-амерыканскі дагавор 1987 г. “Аб ліквідацыі ракет сярэдняй і меншай дальнасці”. Рэалізуючы яго, 19 ліпеня – 8 жніўня               1988 г. да месцаў ліквідацыі былі адпраўлены баявыя ракеты і пускавыя ўстаноўкі з “Ракетнай аперацыйнай базы Слабудка” – як пазначалася размяшчэнне 233-й ракетнай брыгады ў міжнародна-прававых актах. 11-12 верасня 1988 г. з мэтай кантролю выканання дамоўленасцей узгаданага дагавора Слабудку наведала амерыканская інспекцыйная група. У час яе працы было адзначана, што патрабаванні, выкладзеныя ў артыкуле 10 Дагавора, выкананы. Такім чынам, 12 верасня 1988 г. “Ракетная аперацыйная база Слабудка” афіцыйна спыніла сваё існаванне, а 15-ы, 16-ы і 33-і асобныя ракетныя дывізіёны былі расфарміраваны.

25 лютага 1989 г. кіраванне ракетнай брыгады было пераведзена на штат ракетнага комплексу “Точка”, а ў красавіку 1989 г. пераведзена са Слабудкі ў гарнізон Заслонава Віцебскай вобласці, дзе на яго базе сфарміравалі брыгаду тактычных ракет “Точка”.

Такім чынам, другая палова 1980-х гг., калі адбыліся карэнныя змены ў сусветнай гісторыі і рухаўся да свайго краху СССР, стала пачаткам канца і для Слабудскага гарнізона.

Уладзімір Дадзіёмаў, Сяргей Рабчук.

(Заканчэнне  будзе).

На здымках:

1. Сцяганосцы  233-й ракетнай брыгады каля помніка ў Слабудцы. 1980-я гг.                           2. Баявыя сцягі 233-й ракетнай брыгады. На чале калоны — У.Ю.Дадзіёмаў, фота пачатку 1980-х гг.

3. Разлік навядзення стартавага аддзялення 5-й батарэі. Начальнік разліку прапаршчык І.А.Сівуда.

4. Провады зімы ў Слабудцы, 1971-1972 гг.

5. Выступленне ў клубе, 1980-я гг.                     

6. Амерыканская інспекцыя ў Слабудцы, 11-12 жніўня 1989 г.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *