Понедельник, 22 января 2018

В архивах найдены имена первых сотрудников милиции Пружанщины

1 151

У верасні гэтага года споў-ніцца 75 гадоў уз’яднання заходніх абласцей Беларусі з БССР. На гэтых тэрыторыях пачалі стварацца новыя органы дзяржаўнага кіравання.

У пачатку лістапада 1939 года загадам Народнага камісарыята ўнутраных спраў СССР было створана ўпраўленне НКУС па Пінскай вобласці, у склад якога ўвайшоў   Пружанскі павятовы аддзел, які ў канцы гэтага ж месяца быў перапарадкаваны ўпраўленню Брэст-Літоўскай вобласці. З гэтага часу і бярэ свой адлік гісторыя Пружанскага РАУС.

На першапачатковым этапе аддзел унутраных спраў камплектаваўся з ліку супрацоўнікаў, адкамандзіраваных  з усходніх абласцей рэспублікі,  а таксама мясцовымі жыхарамі.

На вялікі жаль, засталося вельмі мала звестак пра даваенных супрацоўнікаў міліцыі Пружаншчыны (у тым ліку  Ружанскага і Шарашоўскага раёнаў). У пачатку вайны многія супрацоўнікі міліцыі адступілі з часцямі Чырвонай арміі, змагаліся на фронце і ў партызанскіх атрадах, не дажылі да Перамогі.

У архіве захаваўся загад начальніка абласнога ўпраўлення НКУС ад 17 студзеня 1940 года аб залічэнні на працу міліцыянераў. Магчыма, гэта першы загад па асабовым складзе Пружанскай раённай міліцыі. Вось гэтыя прозвішчы: Лянеўскі Барыс Харытонавіч, Ляўковіч Васіль Аляксандравіч, Лісіцкі Сяргей Раманавіч (вядома, што ў красавіку 1940г. быў пераведзены ўчастковым у Шарашоўскі раён), Чарнух Майсей Лаўрэнцьевіч, Клімец Сцяпан Данілавіч, Высокагародскі Іван Рыгоравіч, Дубіна Іван Трафімавіч, Мардань Раман Данілавіч, Пілюцік Георгій Гаўрылавіч, Крук Павел Севасцьянавіч, Залеўскі Міфодзій Аляксандравіч, Канюшэна Кацярына Георгіеўна (машыністка), Саўчук Павел Ціханавіч, Паўлюковіч Павел Мікалаевіч, Лізевіч Антон Іванавіч, Каспяровіч Мікалай Іванавіч, Панасевіч Кандрацій  Емяльянавіч, Дубоўскі Павел Мікалаевіч, Мілішэвіч Міхаіл Лаўрэнцьевіч, Заяц Кандрацій Паўлавіч, Казак Данііл Кірылавіч, Лісіцкі Афанасій Іванавіч.

Магчыма, што нехта з жыхароў раёна ведае нешта пра лёс гэтых або іншых супрацоўнікаў міліцыі даваеннага часу. Буду ўдзячны  за любую інфармацыю, калі вы паведаміце па тэлефонах 9-18-57 або 9-35-97.

Мікалай Замковіч, былы супрацоўнік Пружанскага РАУС.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *