Нягледзячы на тое, што надвор’е ну ніяк не падобна на зімовае, без марозаў і снегу ўсё-такі наўрад ці абыдзецца. У выпадку неспрыяльных умоў надвор’я могуць адбывацца заморныя працэсы і як вынік — масавая гібель рыбы. Што з’яўляецца прычынай замору?
У раённай інспекцыі прыроды і аховы навакольнага асяроддзя растлумачылі, што зімовыя заморы рыбы звычайна назіраюцца ў выніку поўнага спынення паступлення кіслароду з паветра альбо рэзкага абмежавання жыццядзейнасці раслін пад лёдам пасля з‘яўлення трывалага лядовага покрыва і немагчымасці кантакту вады з паветрам. Дарэчы, зімовы замор узнікае ў межах кожнага асобнага вадаёма не паўсюдна, а на асобных участках, плошчы якіх мяняюцца з года ў год.
Вялікую шкоду рыбе можа прычыніць і ваганне ўзроўню вады: зімой пры рэзкім змяненні яе ўзроўню адбываецца прыцісканне рыбы лёдам у прыбярэжнай паласе вадаёма, у выніку чаго яна гіне.
Першыя прыкметы зімовых замораў — гэта з’яўленне ў палонках малявак, іншых арганізмаў. Вада ў гэты перыяд набывае непрыемны пах, становіцца каламутнай.
Як дапамагчы рыбе?
У адпаведнасці з заканадаўствам дзяржаўныя органы, арганізацыі і грамадзяне павінны прымаць меры па абароне дзікіх жывёл у надзвычайных сітуацыях. Адказнымі за арганізацыю і правядзенне мерапрыемстваў па папярэджанні заморных з’яў, у адпаведнасці з Правіламі вядзення рыбалоўнай гаспадаркі і рыбалоўства, з’яўляюцца арандатары-карыстальнікі рыбалоўных угоддзяў (у тым ліку ў прадастаўленых у бясплатнае карыстанне) і мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы.
Але і грамадзяне не павінны заставацца ў баку. Рыбаловы-аматары, якія бываюць на вадаёмах, могуць дапамагчы рыбе: некалькі палонак — гэта дадатковая колькасць кіслароду ў вадзе.
Найбольш эфектыўнымі лічацца наступныя меры:
* Палонкі на вадаёмах. Іх колькасць залежыць ад плошчы вадаёма і ў сярэднім павінна складаць 3-5 штук на гектар. Палонкі варта рабіць у цэнтры вадаёма і па яго перыметры, дзе глыбіня непрамярзаючага слою па-вінна быць 50-60 сантыметраў. Для прадухілення замярзання палонак трэба ўстанаўліваць у іх снапы, зробленыя з чароту, рагазы і іншых «дыхаючых» раслін.
* Падвешванне мяхоў з соллю ў палонках (звычайна з разліку 5 кг на мяшок). Падыдзе і тэхнічная соль, якая выкарыстоўваецца для ачысткі катлоў у кацельнях.
* Выкарыстанне механізмаў і машын — помпаў, лодачных матораў, кампрэсараў і іншых — для аэрацыі заморных вадаёмаў.
Акрамя таго, Пружанская раённая інспекцыя прыроды і аховы навакольнага асяроддзя просіць усіх, хто бывае на вадаёмах, пры першых прыкметах зімовых замораў рыбы паведамляць пра гэта.
Падставы для трывогі ёсць: амаль штогод падобныя з’явы назіраюцца і на вадаёмах Пружаншчыны. Не раз даводзілася бачыць нават з рэдакцыйных вокнаў, як на гарадскім возеры людзі з радасцю чэрпаюць усплыўшую рыбу.
Застаецца спадзявацца, што калі сёлета і будуць перадумовы для замораў, дык ні адказныя службы, ні людзі не стануць бяздзейнічаць.
Марына Вакульская.