Воскресенье, 21 января 2018

Забытая гісторыя Слабудкі: Другая нямецкая акупацыя

1 653

Гора і пакуты прынесла на Пружаншчыну Вялікая Айчынная вайна. Наша зямля з першых яе дзён стала месцам баёў, а потым зведала больш чым трохгадовую фашысцкую акупацыю.

Захопнікі, загадзя правёўшы разведку, добра ведалі размяшчэнне савецкіх ваенных часцей, якія знаходзіліся на мяжы. Не выключэннем для іх былі звесткі аб 30-й танкавай дывізіі 14-механізаванага корпуса 4-й арміі Заходняй асобнай ваеннай акругі (потым Заходняга фронту), штаб якой знаходзіўся на тэрыторыі сучаснай Слабудкі. Чырвонаармейцы здагадваліся аб хуткім пачатку вайны. Але загады “зверху” папярэджвалі аб недапушчэнні такіх думак і падтрымкі “правакацый” з нямецкага боку.Disabled Soviet Tank

Як сведчаць дакументы, 30-я танкавая дывізія ў ноч на 22 чэрвеня праводзіла планавыя начныя стрэльбы на танкадроме каля в.Паддубна. 21 чэрвеня на вучэннях прысутнічалі начальнік штаба 4-й арміі Л.Сандалаў і камандзір дывізіі С.Багданаў. У “Кашарцы” таксама нішто не парушала звычайны парадак.

С.Шпілявы, які служыў стралком-радыстам у 60-м танкавым палку, занатаваў: “У суботу, 21 чэрвеня, у гарадку было адносна спакойна. Асабовы састаў 60-га танкавага палка рыхтаваўся да нясення каравульнай службы. Правяралі зброю, атрымлівалі боепрыпасы, хтосьці вырашыў паспаць: перад нарадам гэта дазвалялася. Ноч на 22 чэрвеня для танкістаў дывізіі была зусім кароткай. На досвітку ў нядзелю дзяжурныя і днявальныя пачулі незвычайны шум самалётаў, а ўслед – выбухі авіяцыйных бомбаў на аэрадроме Пружанскага (Куплінскага – Заўв. аўт.) авіяцыйнага палка, які стаяў па суседстве. Налёт фашысцкай авіяцыі паслужыў сігналам да дзеяння камандзіру 30-й танкавай дывізіі палкоўніку С.Багданаву і начальніку штаба палкоўніку М.Болатаву. Яны, не чакаючы загаду са штаба арміі, які знаходзіўся ў Кобрыне (сувязь была парушана), аб’явілі баявую трывогу”. Гэта было ў 4.15 — 4.20.1. Брацкая магіла загінуўшых воінаў

На самой справе загад аб прывядзенні дывізіі ў баявую гатоўнасць быў аддадзены 22 чэрвеня ў 3.30, аднак перадаць яго да пачатку вайны не паспелі.

Ваенны гарадок аказаўся ў ліку  першых аб’ектаў, на які пасыпаліся фашысцкія бомбы. С.Шпілявы апавядае: “Перад пачаткам вайны танкі былі выведзены з зімніх паркаў, якія знаходзіліся ў ваенным гарадку, у летнія – у лес, пад адкрытае неба. Туды ж былі пераведзены і машыны абслугоўвання. Не паспелі мы дайсці да летніх паркаў, як убачылі хвалю варожых самалётаў, якія ляцелі нізка над зямлёй. Яны скінулі свой смертаносны груз на Кашарку, але людзей там ужо амаль не было.  Мы былі ў лесе, каля танкаў”.

Аднак успаміны і дакументы не даюць поўнай карціны разгортвання падзей. Так, у лісце стралка-радыста 61-га палка 30-й танкавай дывізіі М.Д.Маруды аб гэтых жа падзеях гаворыцца: “Па баявой трывозе мяне накіравалі ў нашу роту. Але аказалася, што падраздзяленне выехала раней на тактычныя заняткі. Засталося ўсяго два танкі Т-26, у якія мы пагрузілі снарады і адправіліся да сваёй часці”. Як адзначаюць мясцовыя жыхары, напярэдадні нямецкага наступлення ў ваенным гарадку адбылася дыверсія, таму што ў большасці  пакінутых танкаў не было паліва – яго злілі за дзень да пачатку вайны. Паводле мемуараў Шпілявога, танкісты зранку адпра-віліся на зборны пункт у в. Паддубна, а потым ляснымі дарогамі на шашу Ружаны-Пружаны-Жабінка і рушылі ў бок Брэста, дзе чуўся безупынны артылерыйскі гул. Шпілявы пісаў: “У грамыхаючай калоне ехала палкавая радыёстанцыя. Часам з’яўляўся камандзір палка – падпалкоўнік Танасчышын. Ён сядаў каля станцыі, надзяваў навушнікі, браў мікрафон і па чарзе размаўляў з камандзірамі рот і батальёнаў грубаватым, выразным голасам, перамяжаючы сваю мову словамі, якія ў друку нельга ўжываць”.2. Памятник жертвам фашизма.

22 чэрвеня 1941 г. 30-я танкавая дывізія ўступіла ў баі з часцямі вермахта. Аднак перад пачаткам наземных баёў танкісты неаднаразова падвяргаліся бамбардзіроўцы варожымі самалётамі і кулямётнаму агню з паветра. “Памятаю, ехалі мы па шашы на захад, а нямецкія самалёты бамбілі дарогу” (з ліста М.Маруды). Гінулі людзі і тэхніка. У сутычкі з перадавымі часцямі пра-ціўніка дывізія ўступіла каля 10-11 гадзін, з асноўнымі –  у 12-13 гадзін. “З назіральнага пункта палкоўніка Багданава, — успамінаў начальнік штаба 4-й арміі Л.Сандалаў, — быў добра бачны бой двух танкавых палкоў з вялікай колькасцю варожых танкаў і суправаджаўшай іх артылерыі. Супраць першага эшалону 30-й дывізіі разгарнуліся дзве танкавыя дывізіі ворага. Поле бою было ўсеяна палаючымі машынамі”. Танкістам на некаторы час ўдалося затрымаць ворага па дарозе на Відамлю. Але суадносіны сіл былі няроўнымі. Як узгадвалася,   30-я дывізія мела 174 танкі старой мадэлі Т-26 (большасць была выведзена са строю пад Слабудкай і па дарозе) з тонкай бранёй і дробнакалібернымі гарматамі. Дывізіі праціўніка былі ўзброены танкамі Т-4 з тоўстай лабавой бранёй і далёкабойнымі гарматамі.

С.Шпілявы пісаў: “Цяжка перадаць стан танкістаў у канцы першага дня вайны. За доўгі дзень столькі пабачылі, столькі перажылі, але калі вечарам даведаліся, што камандуючы 4-й арміі аддаў загад аб контрнаступленні  зранку 23 чэрвеня, настрой палепшыўся. Цеплілася надзея, што адкінем ворага за Буг і на гэтым скончыцца ваенны канфлікт. Пачатае ў 6 гадзін раніцы контрнаступленне войскаў хутка заглухла, і дывізія пачала адступаць у бок Пружан”. “І ўсё ж такі, — успамінаў Л.Сандалаў, — 30-я танкавая дывізія змагалася ўпарта, людзі яе паводзілі сябе па-геройску, і вораг нёс вялікія страты. Толькі да 10 гадзін (23 чэрвеня – Заўв. аўт.) 17-й і 18-й дывізіям генерала Гудэрыяна ўдалося захапіць заходнюю частку Пружан”. Рэшткі дывізіі адышлі. Як сцвярджалася ў аператыўнай зводцы штаба Заходняга фронту № 3 да 22 гадзін 23 чэрвеня 1941 г.: “30-я танкавая і 205-я матарызаваная дывізіі вядуць баі на рубяжы Куплін, Слабодка, Чахец, маючы перад сабой да адной танкавай дывізіі і парашутны дэсант да 500 чалавек”. Такім чынам, 30-я танкавая дывізія скавала рух фашыстаў больш чым на суткі.4. Богданов С.И

Лёс танкістаў склаўся па-рознаму. Вось што апавядае М.Маруда: “Пачалося масавае адступленне, ішлі па балотах. У 12 гадзін ночы рухаўся цягнік з Брэста. Мы яго спынілі ў лесе, падпаліўшы бярвенні. Ноччу прыехалі ў Баранавічы. Самалёты моцна бамбілі чыгунку, і нам давялося па лясах адступаць да Мінска, потым – Магілёў. Там я сустрэў механіка-вадзіцеля са сваёй роты і ўбачыў машыну начальніка штаба. Яны сказалі, што наша часць разбіта.”

Фронт імкліва адкочваўся на ўсход. Па дарогах бясконцай ракой ішлі нямецкія войскі. Нягледзячы на адсутнасць моцных разбурэнняў (удары былі нанесены па танкавых парках каля лесу), разрабаванай і засмечанай паўстала “Кашарка” перад носьбітамі “новага парадку”. Прычынай такога стану былі не баі, а дзеянні тутэйшых жыхароў, якія да прыходу гітлераўцаў павывозілі ўсё, што засталося ў кватэрах камандзірскага саставу, казармах, крамах і складах.

Немцы ўвайшлі ў Кашары 23 чэрвеня 1941 г. Аднак, як сцвярджаюць відавочцы, спачатку яны разбілі лагер на полі (у раёне сучаснай школы), паставілі палаткі, абсталявалі туалеты. Нацысты асцерагаліся, што тэрыторыя савецкага гарнізона можа быць замініравана. З уваходам у ваенны гарадок, які ў шэрагу нямецкіх дакументаў называўся “Lager Slobotka”, яны заняліся пошукам каштоўных папер і рэчаў. 28 чэрвеня — 2 ліпеня 1941 г. у Слабудцы працавала “айнзацгрупа”, у задачу якой уваходзіў збор дакументаў, што засталіся пасля адступіўшых ці знішчаных часцей Чырвонай арміі. У жніўні з гэтай жа мэтай у гарнізон наведаліся супрацоўнікі архіўнай камісіі групы армій “Цэнтр” пад кіраўніцтвам барона фон Вальдэнфельса (іх матэрыялы могуць сёння знаходзіцца ў архівах Германіі).

Спачатку фашысты планавалі арганізаваць ў “Кашарцы” лагер для ваеннапалонных, але па нейкіх прычынах адмовіліся ад гэтай ідэі. Тым не менш, палонныя ў гарадку, паводле звестак відавочцаў, былі. Акрамя таго, у спісе канцлагераў, складзеным беларускімі даследчыкамі, ёсць узгадка пра лагер палонных паміж Слабудкай і Ліновам,  дзе ўтрымлівалася да 4 тыс. чалавек.

Мясцовыя жыхары сцвярджаюць, што восенню 1941 года ў гарнізоне з’явіліся “дзіўныя” ваенныя. Яны былі апрануты ў чырвонаармейскую форму, размаўлялі па-руску, вечарамі спявалі ў казарме песні пад гармонік. Людзі называлі іх “рускімі немцамі”,  паколькі фашысты лічылі іх саслужыўцамі. Яны наведвалі танцы, знаёміліся з дзяўчатамі. У лютым 1942 г. загадкавыя “рускія немцы” зніклі з гарадка.5. Адзін з танкістаў, які кватэраваўся ў Гараднянах. Фота 1941 г.

Вядома, што падчас фашысцкай акупацыі на тэрыторыі гарнізона размяшчалася мытна-пагранічная служба: Пружанскі раён быў уключаны ў розныя адміністрацыйныя адзінкі – акругу “Беласток” правінцыі “Усходняя Прусія” і генеральную акругу “Валынь-Падолія” рэйхскамісарыята “Украіна”. Адзін з памежных пунктаў – “цоль” знаходзіўся ў 2 км ад “Кашаркі”, недалёка ад былога маёнтку Лінова. Нямецкія пагранічнікі жылі ў будынку былой школы (праз дарогу ад гарадка). Іх камандзір, якога вяскоўцы называлі “цолмайстар”, займаў дом для былых польскіх вайскоўцаў (ФКВ). Ён жа лічыўся начальнікам гарнізона. Акрамя пагранічнікаў, тут размяшчаліся іншыя часці, але войскаў было нямнога. Дзейнічалі аўтарамонтныя майстэрні, дзе працавалі не толькі ваенныя, але і цывільныя спецыялісты, мясцовыя людзі. Існаваў лазарэт.

Як успамінаюць жыхары Слабудкі, гарадок стаяў паўпусты. Жылыя будынкі, акрамя казармаў, не выкарыстоўваліся. У адным з дамоў ФКВ была пральня. З боку в. Палоннае на некаторай адлегласці ад гарнізона быў вартавы пост. Каля казармаў апрацоўваліся агароды, прадукцыя з іх ішла ў салдацкую сталоўку. Агародніну таксама давалі жыхары гарнізонных ваколіц.

Доступ мясцовага насельніцтва на тэрыторыю гарадка быў абмежаваны. Допуск мелі толькі работнікі сталоўкі, пральні і майстэрняў. Мірныя жыхары прыцягваліся акупацыйнымі ўладамі да розных грамадскіх работ: пасадкі маладога лесу ў раёне палігона, догляду   вайсковых могілак часоў першай сусветнай вайны.

У 1942 г. немцы пачалі дэмантаж вузкакалейкі Аранчыцы-Пружаны. Былі таксама разабраны казармы-баракі ва ўсходняй частцы гарнізона. Да работ таксама прыцягвалі зняволеных рабочых, прывезеных з цэнтральнай Польшчы. Трэба адзначыць, што частка савецкіх разбітых танкаў так і не была прыбрана, а працягвала стаяць раскурожаная ў лесе.

Як успамінаюць слабудчане, жыццё ў акупацыйны перыяд было цяжкім, галодным. Людзям прыхо-дзілася выжываць. Нехта ўладкаваўся да немцаў на работу і за працу атрымліваў ежу і прадукты. Іншыя жылі з уласнай небагатай гаспадаркі. Бывала, што салдаты ладзілі ў гарадку імправізаваныя танцы, дзе галоўным інструментам быў акардэон, а ўдарнымі – пустыя жалезныя бочкі. Але ўпэўненасці ў заўтрашнім дні не было. Фашысты вышуквалі тых, хто супрацоўнічаў з партызанамі. Гэта было адной з прычын, чаму вяскоўцы амаль не наведвалі лес, баючыся расправы. У Слабудцы былі два выпадкі забойства акупантамі мясцовых жыхароў. Моладзь адпраўлялі на працу ў Германію, праводзілі рэквізіцыі, вадзілі на грамадскія работы. Ноччу ў дамы вяскоўцаў і хутаран наведваліся “лясныя мсціўцы”. Праўда, звесткі аб іх вельмі супярэчлівыя, у тым ліку негатыўныя.

Наогул, гарнізон і яго ваколіцы карысталіся ў жыхароў раёна дрэннай славай. У лясным урочышчы Яцкаўшчызна (ці Ліноўскі лес), якое прымыкала да гарадка з усходняга боку, фашысты праводзілі масавыя расстрэлы. За перыяд з ліпеня 1941 г. па ліпень 1944 г. тут было знішчана па розных падліках 3-10 тыс. чалавек (вязняў пружанскай турмы і гета, савецкіх актывістаў, партызан, падпольшчыкаў, палонных).

Аднак сцвярджаць аб дакладнасці гэтых лічбаў немагчыма. Падзеі каля Слабудкі не адлюстраваны ў гістарычнай літаратуры і сур’ёзна не вывучаліся. Асноўным дакументам пакуль з’яўляецца “Акт аб злачынствах нямецка-фашысцкіх захопнікаў і іх памагатых на тэрыторыі Пружанскага раёна Брэсцкай вобласці БССР” ад 5 сакавіка 1945 г. У ім указваецца, што на месцы расстрэлаў былі выяўлены 14 пахаванняў (відавочцы ўказваюць толькі 4), дзе знаходзіліся астанкі “больш за 10 тыс. чалавек, у тым ліку каля 1 тыс. ваеннапалонных каманднага саставу”. У 1945 г. была ўскрыта адна магіла, дзе знаходзіліся астанкі людзей рознага ўзросту і полу. Па ўспамінах В.Ф.Курбатавай (Заікінай), якая бачыла першую расправу, “яма была такіх памераў, што ў ёй мог схававацца вялікі сялянскі дом разам з дахам”.

Жыхары Пружаншчыны таксама сцвярджаюць, што шэраг асоб, якіх лічаць пахаванымі ў Слабудцы, былі расстраляны ў іншых месцах. У гэтых злачынствах разам з немцамі ўдзельнічалі мясцовыя паліцаі. У 1965 г. на адным з пахаванняў у лесе паставілі абеліск і штогод праводзілі мітынгі. Нядаўна мемарыял абнавілі. Аднак недасведчаны чалавек наўрад ці знойдзе помнік: дарога да яго амаль адсутнічае, няма ніякіх указальнікаў.

Да канца 1943 г. ў нямецкім гарнізоне змен не адбывалася: працягвалі працу майстэрні, неслі службу пагранічнікі. Аднак па меры развіцця падзей на франтах  гарадок стаў набываць іншыя рысы. З канца 1943 г. колькасць людзей у ім павялічылася. У “Кашарцы” з’явіліся італьянскія ваенныя. Справа ў тым, што восенню 1943 г. Італія выйшла з вайны і афіцыйна перастала быць саюзніцай Германіі (поўдзень краіны быў вызвалены, а на поўначы заставаўся фашысцкі ўрад). У выніку некалькі тысяч італьянцаў, якія знаходзіліся на Усходнім фронце і адмовіліся ваяваць на баку Германіі, былі абяззброены. Лёс іх склаўся трагічна: адных знішчылі (напрыклад, у Львове), другіх паланілі. Некалькі дзясяткаў італьянцаў апынуліся каля Слабудкі. Іх змясцілі ў былых казармах 20-га палка палявой артылерыі. Немцы не турбаваліся аб былых саюзніках. Каб не памерці з голаду, палонныя італьянцы мянялі ў сялян прадукты на розныя дробязі і каталіцкія абразкі.

Летам 1944 г. у гарнізон прыехалі мадзьяры (венгры). Венгерская дывізія была перакінута да Пружан для ўмацавання тут нямецкай групіроўкі войск. Венгры запомніліся вяскоўцам як людзі, схільныя да камерцыі. Яны з энтузіязмам выменьвалі ў слабудчан прадукты на “рознае барахло”.

У  канцы чэрвеня-пачатку ліпеня ў “Кашарку” прыбылі “ўласаўцы” (былыя чырвонаармейцы, якія перайшлі на бок нямецкай арміі). Па сведчаннях вяскоўцаў, яны вызначаліся буйнасцю нораваў і кепскай дысцыплінай. Ужо ў сярэдзіне ліпеня 1944 г. фронт наблізіўся да Слабудкі. Фашысты і іх памагатыя рыхтаваліся да абароны. “Уласаўцы” ўмацоўвалі акопы ўздоўж дарогі Пружаны-Запруды. Аднак у гарнізоне бою не было, немцы адышлі да Пружан, дзе разгарнулася бітва.

17 ліпеня 1944 г. Пружаны і бліжэйшыя населеныя пункты былі вызвалены часцямі 28-й арміі Першага Беларускага фронту. Пасля прыходу Чырвонай арміі ў ваенным гарадку было размешчана некалькі шпіталяў, куды паступалі параненыя савецкія салдаты і афіцэры. Памерлых ад ран чырвонаармейцаў з лета 1944 г. да вясны 1945 гг. хавалі на старых вайскова-грамадзянскіх могілках і на “на горцы”, дзе ў 1965 г. быў узведзены абеліск. Каля яго існуе шэраг індывідуальных вайсковых пахаванняў. Да таго ж менавіта ў Слабудцы праводзяцца перапахаванні знойдзеных астанкаў савецкіх воінаў, якія загінулі ў баях на Пружаншчыне на працягу 1941-1944 гг.

(Працяг будзе).

Уладзімір Дадзіёмаў, Сяргей Рабчук.

У артыкуле выкарыстаны матэрыялы з архіваў аўтараў, жыхароў Пружаншчыны, музея-сядзібы “Пружанскі палацык”. Аўтары будуць удзячны за любую дапамогу ў збіранні матэрыялаў па гісторыі Слабудкі. Кантакты па тэл. 2-18-96, (8033)371-13-42 (музей), электронны адрас: palacyk@tut.by.

 Апрацоўка і пераклад на беларускую мову Наталлі Пракаповіч.

На здымках:

1. Падбіты танк каля в.Слабудка (лета 1941 г.).  

2. Помнік ахвярам фашызму.

3. Помнік ахвярам фашызму на месцы масавых расстрэлаў каля Слабудкі (фота 2012 г.).

4. С.І.Багданаў.

5. Танкіст, які кватараваў у Гараднянах (фота 1941 г.).

2 комментариев

  • сергей

    Интересно было почитать.Наша история о ВОВ писалась в разные времена с искаженными фактами, поэтому большинство (не считая исследователей) свою историю знают по поданным ранее учебникам и художественной литературе.Сейчас по немногу появляются материалы, которые дают представление о тех далеких событиях и ситуациях тяжелой и героической борьбы против нашего внешнего врага. Спасибо!

    Рейтинг комментария:Vote +10Vote -10

  • Татьяна

    Огромная благодарность авторам за проделанную работу. Живу в Слобудке, училась в местной школе, но многое узнала впервые в этой и предыдущих статьях.

    Рейтинг комментария:Vote +10Vote -10

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *