Понедельник, 21 мая 2018

Константин Сумар провел пресс-конференцию в Пружанском районе

12 414

Выязная прэс-канферэнцыя старшыні аблвыканкама К.А.Сумара для кіраўнікоў сродкаў масавай інфармацыі Брэстчыны  прайшла ў мінулую сераду  на базе нашага раёна.

Прадстаўнікі рэгіянальных газет, радыё і тэлебачання мелі магчымасць не проста задаць кіраўніку вобласці свае пытанні, але і падзяліцца набалелымі праблемамі, выказаць меркаванні наконт іх вырашэння.IMG_9048_5232

Але перад тым, як  сабрацца разам у канферэнц-зале Мокраўскага грамадска-культурнага цэнтра “Мікалаеўскі”, удзельнікі мерапрыемства мелі магчымасць пазнаёміцца з некаторымі аб’ектамі вытворчага і  культурна-сацыяльнага прызначэння. Грэх было б, як кажуць, не скарыстацца магчымасцю, каб расказаць і паказаць журналістам, чым жыве сённяшняя Пружаншчына, чаго здолела дасягнуць, над чым збіраецца працаваць далей.

Госці былі ўражаны той работай, якая выканана апошнім часам па адраджэнні славутага палаца Сапегаў у Ружанах . Праведзеная для прадстаўнікоў рэгіянальных СМІ экскурсія па залах  створанага тут музея, размешчанага ў двух адноўленых будынках,  толькі ўмацавала ў гасцей гонар за гістарычнае мінулае нашага краю, на практыцы паказала, як дзяржава і мясцовая ўлада, у прыватнасці, клапоцяцца пра культурна-гістарычную спадчыну. З Ружан госці праз мясціны, таксама багатыя на гістарычныя помнікі і падзеі (вёскі  Магілёўцы і Лыскава), па аб’язной дарозе ўздоўж Белавежскай пушчы накіраваліся ў ААТ “Жураўлінае” – самую буйную ў раёне  гаспадарку па вытворчасці  жывёлагадоўчай прадукцыі. Захапленне выклікаў знешні выгляд аграгарадка ў Клепачах, яго ўтульнасць і добраўпарадкаванне.IMG_9058_5242

Зрэшты, не менш былі ўражаны журналісты і аграгарадком у Мокрым. Тут госці наведалі мясцовую сярэднюю школу, дзе азнаёміліся з умовамі, створанымі для адукацыі дзяцей, праяўлення іх талентаў і захапленняў. Мокраўская школа – адна з нямногіх  вясковых устаноў адукацыі на Брэстчыне, якія могуць пахваліцца сваімі плавальнымі басейнамі. Пра свае захапленні, баўленне з карысцю вольнага часу расказалі самі школьнікі. У прыватнасці,  юныя журналісты паказалі, як выпускаецца вучнёўская насценгазета. А паколькі ўсе гэтыя сустрэчы адбываліся напярэдадні навагодніх  і калядных свят, дзеці па добрай завядзёнцы атрымлівалі падарункі ад старшыні аблвыканкама. І не толькі цукеркі,  юныя журналісты, напрыклад, былі вельмі рады лічбаваму дыктафону.

Сваё выступленне перад журналістамі  К.А.Сумар пачаў са сваеасаблівага папярэдняга падвядзення вынікаў ужо практычна завяршаемага года. У цэлым, адзначыў Канстанцін Андрэевіч, ён быў не самым горшым, многага з запланаванага ўдалося дасягнуць як у прамысловасці, так і ў сельскай гаспадарцы, сацыяльнай сферы. Год, як вядома, праходзіў пад знакам мадэрнізацыі. Тэхнічнае пераўзбраенне, укараненне сучасных тэхналогій вытворчасці – гарантыя поспеху ў новых эканамічных умовах. Пры гэтым старшыня аблвыканкама адзначыў, што мадэрнізацыя – не кароткачасовы працэс, а праграма, разлічаная на пэўны тэрмін, таму, натуральна, яе рэалізацыя будзе працягвацца. Але ўжо цяпер відавочна, што без гэтага не выйсці на новы ўзровень развіцця як вобласці ў цэлым, так і асобных рэгіёнаў, прадпрыемстваў.IMG_9039_5228

—Безумоўна, добра, калі ўдаецца перабудаваць вытворчасць, укараніць новыя тэхналогіі, аднак пачынаць трэба з навядзення элементарнага парадку ў захаванні дысцыпліны і дзеючых тэхналогій, — адзначыў кіраўнік вобласці. Шмат яшчэ недапрацовак у арганізацыі работы. Менавіта за кошт арганізацыйных рэзерваў, якія па сутнасці не патрабуюць вялікіх фінансавых затрат, магчыма павялічыць прадукцыйнасць працы і аб’ёмы прадукцыі. У якасці прыкладу Канстанцін Андрэевіч прывёў вынік мадэрнізацыі на прадпрыемствах харчовай і перапрацоўчай прамысловасці, дзе выпрацоўка на аднаго работніка дасягае 835 мільёнаў рублёў.

Вялікае поле дзейнасці для пераважнай большасці нашых прадпрыемстваў — зніжэнне энергазатрат, тут нам сапраўды яшчэ далёка да еўрапейскіх паказчыкаў.

—Або ўзяць, напрыклад,  расходаванне кармоў на вытворчасць малака, — працягваў разважаць К.А.Сумар. – Гэта – непачаты край работы, хоць ёсць і станоўчыя прыклады –“Астрамечава” і “Белавежскі”, дзе расход кармоў нават ніжэйшы, чым у некаторых еўрапейскіх краінах.

Дарэчы, старшыня аблвыканкама ў ліку лепшых назваў таксама ААТ “Жураўлінае” і “Ружаны-Агра”, якія на цэнтнер прывагі свіней ушчыльную падышлі да еўрапейскіх паказчыкаў, — 3,4 – 3,5 цнт кармавых адзінак. Але такіх прыкладаў, на жаль, — пакуль адзінкі.

Журналісты пацікавіліся, ці не стане мадэрнізацыя  толькі чарговай кампаніяй, як не раз ужо здаралася такое. Канстанцін Андрэевіч адзначыў, што іншага шляху проста няма. “Тэхнічнае пераўзбраенне мы праводзілі і будзем праводзіць. У гэтым залог поспеху і выжывання ў сённяшніх умовах. І тут гарады, раёны і вобласць павінны вызначыцца, якім прадпрыемствам патрабуецца сур’ёзная мадэр-нізацыя ў тэхнічным плане і якая будзе ад гэтага аддача. Без дасканалага вывучэння сітуацыі ўкладання сродкаў агулам не будзе”. У ліку прыярытэтных старшыня аблвыканкама назваў харчовую і лёгкую прамысловасць, якая працуе на мясцовай сыравіне, дрэваапрацоўку. Менавіта тут, мяркуецца, затраты будуць найбольш акупляльнымі.

Нямала было пытанняў, якія датычацца развіцця сацыяльнай сферы рэгіёнаў. Безумоўна, яна напрамую звязана з эканамічнымі паказчыкамі: будзем лепш працаваць – будзем мець сацыяльных даброт. Не без гонару старшыня аблвыканкама зазначыў, што сёлета натуральны прырост насельніцтва ў Брэсцкай вобласці перавысіў смяротнасць, за 10 месяцаў ён склаў 200 чалавек. На думку Канстанціна Андрэевіча, гэта з’яўляецца, бадай, самай галоўнай падзеяй адыхо-дзячага года. “Аднак гэта не азначае, што мы за адзін год такога дабіліся. Да гэтага ішлі цэлае дзесяцігоддзе. Гэта, я лічу,  вынік найперш  умоў і якасці жыцця нашых людзей”, — падкрэсліў ён. На тое, што Брэстчына з’яўляецца адным з лідараў у краіне па нараджальнасці (на 1 тысячу насельніцтва сёлета нарадзілася 13 дзяцей), станоўча паўплывала актыўнае будаўніцтва жылля, школ, дзіцячых садоў, аб’ектаў аховы здароўя. Менавіта на гэта будзе звернута вя-лікая ўвага і ў годзе надыходзячым, падкрэсліў кіраўнік вобласці.

На здымку: удзельнікі прэс-канферэнцыі падчас наведвання Мокраўскай СШ.

Фота Алега СІДАРЭНКІ.

Мікола Антонаў.

3 комментариев

  • Виталий

    повозили по потемкинским деревням )))

    Рейтинг комментария:Vote +10Vote -10

  • Піт

    Віталь, хіба Ружаны — сяло?

    Рейтинг комментария:Vote +10Vote -10

  • Виталий

    а хиба тольки ружаны? ))

    Рейтинг комментария:Vote +10Vote -10

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *