Суббота, 20 апреля 2024

2 случая ВИЧ-инфекции выявлено в Пружанском районе в текущем году

1 777

Галоўнай прычынай распаўсюджвання ВІЧ-інфекцыі ў нашай краіне з’яўляецца наркаманія, калі ў працэс ін’екцыйнага спажывання наркотыкаў уцягваецца моладзь.  Акрамя таго, па выніках даследаванняў апошніх гадоў устаноўлена, што ў гэтым асяроддзі ВІЧ-інфекцыя інтэнсіўна распаўсюджваецца і палавым шляхам, чаму спрыяюць новыя стэрэатыпы сексуальных паводзінаў моладзі і высокі ўзровень інфекцый, што перадаюцца палавым шляхам.вич

СНІД – адносна новае захворванне. Свет пра яго даведаўся ў пачатку васьмідзесятых гадоў XX стагоддзя. Гэта захворванне выклікаецца вірусам імунадэфіцыту чалавека (ВІЧ). Трапляючы ў кроў, вірус разбурае імунную сістэму чалавека. Пакуль выявяцца прыкметы хваробы, пройдуць месяцы і гады. Чалавек, адчуваючы сябе здаровым,  не наўмысна заражае іншых людзей.

Паступова, па меры разбурэння імуннай сістэмы, чалавечы арганізм губляе здольнасць абараняць сябе ад разнастайных бактэрый, вірусаў, грыбкоў. Тады развіваецца адна са стадый ВІЧ-інфекцыі — СНІД. Гэта канчатковая стадыя інфекцыйнага працэсу.

ВІЧ-інфекцыя перадаецца толькі ад чалавека да чалавека. Іншыя біялагічныя асобіны ў прыродзе ў гэтым працэсе не ўдзельнічаюць.

Вірус перадаецца пры палавых кантактах. Вялікую небяспеку ўяўляе сабой шпрыцавое ўвядзенне наркотыкаў. Можна заразіцца ВІЧ пры нанясенні татуіровак, праколванні вушэй і іншых касметычных працэдурах, пры якіх адбываецца парушэнне скурнага пакрыцця.

Інфіцыраваная жанчына можа перадаць вірус свайму дзіцяці падчас цяжарнасці, родаў і кармлення грудзьмі.

ВІЧ-інфекцыя не перадаецца пры бытавых кантактах, пры карыстанні агульнымі прадметамі ўжытку, посудам. Нельга заразіцца ад хатніх і дзікіх жывёл, праз укусы насякомых.

Ад СНІД гінуць маладыя людзі, самая працаздольная частка насельніцтва. У раннім дзяцінстве памірае і вялікая частка дзяцей, якія нарадзіліся ад ВІЧ-інфіцыраваных маці.

Вакцына супраць ВІЧ пакуль не створана . Таму ўсе меры павінны быць накіраваны на прафілактыку, асновай якой з’яўляецца здаровы лад жыцця, высокая маральная культура, адмова ад шкодных звычак.

На дадзены момант у раёне пражываюць 13 ВІЧ-інфіцыраваных чалавек, якія стаяць на ўліку, ВІЧ-інфекцыя ў двух з іх была выяўлена сёлета.

Аляксей Кісель, загадчык інфекцыйнага аддзялення УАЗ «Пружанская ЦРБ».

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *