Воскресенье, 23 сентября 2018

На отшибе: в деревне Воля нет асфальта, магазин не работает, автолавка приезжает нерегулярно

2 106

Пра тое, што магазін больш двух тыдняў зачынены, паведаміў мясцовы жыхар В.Ф.Кубарка. Пенсіянер запрасіў карэспандэнтаў наведаць вёску, каб расказаць аб праблемах яе жыхароў. Мы не пакінулі па-за ўвагай зварот Васіля Фёдаравіча.

Увогуле, вёскі Манчыкі, Малочкі, Карасі і Воля падобны на адну вялікую, дзе апошняя хата адной і першая наступнай стаяць побач, а вызначаюць іх межы толькі адпаведныя знакі з назвамі. Калі ехаць з Пружан, Воля — апошняя з іх: роўна там, дзе заканчваецца асфальт, пачынаецца вёска. А разам з ёй, як аказалася, і праблемы. Ля адной з хат журналістаў з райцэнтра чакалі чалавек дваццаць, усе — сталыя людзі, па эмоцыях якіх было відавочна адно: набалела.IMG_0677_4005

— Колькі працы ўклалі ў сяло! — выцірае хусцінкай няпрошаную слязу бабуля, якая абапіраецца на два кіёчкі. — А што маем на старасці гадоў?!

Самая галоўная праблема на сённяшні дзень у жыхароў вёскі — магазін: ён не працуе больш двух тыдняў, а аўталаўка, якая прыйшла яму на змену, прыязджае нерэгулярна.

— Век пражылі, а ніколі не мелі магчымасці што свежае з’есці. Больш дзесяці боханаў хлеба прадаўшчыца не заказвала, але неяк вырашалі праблему, дзялі-ліся, — расказвае адна з бабуль. — Хаця магазін і працаваў толькі тры разы на тыдзень, але можна было купіць самае неабходнае: запалкі, цукар, соль, крупы. Адным словам, як бы там ні было, нас гэта задавальняла. Так, побач Ружаны. Але паглядзіце на нас! Мы дойдзем туды?

З моладзі на сход прыйшла толькі Юлія — маладая мама, якая даглядае пяцігадовае дзіця-інваліда. Яе сям’я пераехала ў Волю нядаўна. Мужу, каб сям’я жыла ў дастатку, даводзіцца працаваць у Пружанах. Таму асноўны час займацца дзіцём Юлі неабходна самастойна.

— Мне, маладой, у прынцыпе, не праблема падскочыць на веласіпедзе ў Ружаны, але на каго пакідаць дзіця, пакуль з’езджу туды-назад? Летам добра, а зімой? Ну, не цягнуць жа мне яго за сабой кожны раз?

У адміністрацыі ФПР «Янтар», куды мы звярнуліся па каментарый, супакойваюць: закрыццё магазіна — часовая мера. Справа ў тым, што прадавец звольнілася, а жадаючых заняць паўстаўкі вакантнай пасады з матэрыяльнай адказнасцю пакуль няма.IMG_0655_3983

— У нашым філіяле да апошняга адмаўляюцца ад аўталавак і стараюцца, на колькі гэта магчыма, трымаць магазін, калі ён нават неверагодна стратны. У Вольскім магазіне, напрыклад, сума месячнага тавараабароту складае каля 15 мільёнаў рублёў, — расказвае дырэктар філіяла Т.І.Свістун. — Мы цудоўна разумеем, што моладзь не пойдзе працаваць у гэты магазін, таму прапаноўвалі нават пенсіянерам з ліку мясцовых жыхароў зарабляць такім чынам прыбаўку да пенсіі. Але жадаючых не знайшлося: кажуць, што 750 тысяч — гэта малавата. А на аб’явы пакуль ніхто не адгукаецца.

Як часовае выйсце з сітуацыі вёску Воля ўключылі ў маршрут руху аўталаўкі. Тамара Іосіфаўна пераконвае, што на сённяшні дзень расклад магазіна «на колах» ужо ўзгоднены: па панядзелках — з 9.00 да 9.30 і па чацвяргах — з 9.20 да 9.50.

Увогуле, у вольцаў ёсць пытанні не толькі да гандлю. Вера Ільінічна, напрыклад, звяртае ўвагу на стан дарогі. І яе тут жа падтрымліваюць аднавяскоўцы.

— Абяцалі заасфальтаваць дарогу. А што маем на сённяшні дзень? У суседніх вёсках асфальт паклалі, а нам дарогу толькі пяском падсыпалі. Цяпер у спякотнае надвор’е пылам дыхаем, а ў дажджлівае — у гразі тонем.

Між іншым, цераз вёску ходзіць нямала тэхнікі: адны на комплекс едуць, хтосьці — да сховішча, некаторыя — праездам, каб шлях скараціць. Дарога тым часам разбіваецца, брудная вада з лужын, якія на вузкай ву-ліцы не аб’ехаць, ляціць на вокны, платы і нават бялізну, развешаную на дварэ.

— Акрамя таго, сельскагаспадарчыя машыны вязуць са сховішча ўгнаенне, на выбоінах яно рассяваецца, затым раствараецца дажджамі. Што сцякае на падворкі, якія значна ніжэй узроўню дарогі, а што затым з пылам удыхаем, — абураецца галоўны ініцыятар сходу В.Ф.Кубарка, які ўрэшце не можа стрымацца, каб не пусціць скупую мужчынскую слязу. — У нас у Волі каля 90 жыхароў, маладых можна па пальцах пералічыць. Усе мы ў мясцовай гаспадарцы працавалі, якая сёння нават і не ўспамінае пра нас…

Вера Іванаўна Каненя звяртае ўвагу, што і на яе вуліцы праблемы з дарогай, у чым яе падтрымліваюць суседкі: асфальту яны не патрабуюць, але вялікія ямы просяць засыпаць. Звяртаюць увагу і на старыя дрэвы, якія вельмі верагодна з’яўляюцца аварыйнымі і падчас моцнага ветру могуць нарабіць бяды…

Вядома, усім тым, хто  кампетэнтны ў вырашэнні пытанняў гэтых лю-дзей, можна махнуць рукой: вёска ж бесперспектыўная — амаль адны пенсіянеры, а клопатаў і больш важных хапае. Але маральныя паняцці дыктуюць зусім іншае. Ды варта памятаць у рэшце рэшт, што кожны з нас некалі будзе старым.

Марына ВАКУЛЬСКАЯ.

 НА ЗДЫМКАХ: пачатак вёскі — канец асфальту; людзі сабраліся, каб пагутарыць з карэспандэнтамі.

Фота Аляксандра МЕЛЕША.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *