У мінулую суботу ў раённым цэнтры творчасці дзяцей і моладзі прайшла чарговая, сёмая па ліку, выстава «Галубы ў нашым жыцці», у якой прынялі ўдзел аматары і прафесіянальныя птушкаводы з усёй вобласці.
Ініцыятарам мерапрыемства з‘яўляецца Сяргей Буза. Менавіта па яго запрашэнні ў гэты дзень у наш горад былі прывезены «птушкі міру» практычна з усіх куткоў Брэстчыны. Былі прадэманстраваны звыш паўсотні парод галубоў, таксама можна было паглядзець і на незвычайных хатніх птушак — кур і пеўняў, ганарлівага фазана.
Папярэдне быў аб‘яўлены конкурс фотаздымкаў, вынікі якога падводзіліся падчас выставы. Удзел у мерапрыемстве прыняў і старшыня райвыканкама М.М.Серкоў, які прапанаваў распаўсюдзіць гэтае захапленне на навучальныя ўстановы раёна.
Трэба адзначыць, што гэта вельмі цікава дзецям, бо яшчэ да адкрыцця выставы ў ЦТДМ сабралася шмат жадаючых паглядзець галубоў. Невялікая зала цэнтра не магла ўмясціць усіх наведвальнікаў выставы, і даволі доўга да клетак стаялі чэргі, каб не толькі паназіраць за птушкамі, але і сфатаграфаваць. Традыцыйна пасля адкрыцця выставы ў неба былі выпушчаны некалькі галубоў — як сімвал міру і ўдачы.
Алег Сідарэнка, фота аўтара.