Пятница, 21 сентября 2018

У Палацыку адкрылася выстава фотаработ ураджэнца Шарашова Сяргея Чарановіча

1 833

Адразу дзве новыя выставы адкрыліся ў музеі-сядзібе “Пружанскі палацык” — работы фотамастака Сяргея Чарановіча і карціны яго выхаванцаў, удзельнікаў народнай студыі выяўленчага мастацтва “Апалон” з горада Ляхавічы. Сяргей Чарановіч – наш зямляк, нарадзіўся і правёў маленства ў Шарашове. У свой час  з бацькамі  аб’ехаў шмат краін былога Саюза, апошнім часам  асеў у Ляхавічах. Шмат гадоў супрацоўнічаў з беларускімі выдавецтвамі, аформіў звыш 50 кніг. Зараз графік Сяргей Чарановіч знайшоў сябе ў фотамастацтве.Музей_2899

Непадалёку ад Ляхавічаў знаходзіцца былая сядзіба Рэйтанаў – Грушаўка. Маёнтак, вядомы яшчэ з XVI стагоддзя, Сяргей Чарановіч адкрыў для сябе некалькі гадоў таму і проста ўлюбіўся ў гэтае месца. За шэсць гадоў Сяргей Вячаслававіч зрабіў больш як дзве тысячы здымкаў рэшткаў сядзібы і навакольных пейзажаў. Як прызнаецца творца, не ўсе яны маюць мастацкую каштоўнасць, але ўсе адлюстроўваюць перамены (на жаль, не ў лепшы бок), якія адбываюцца з маёнткам. Фотаздымкі Грушаўкі, зробленыя Чарановічам, выстаўляліся ў Брэсце, Мінску, Баранавічах, у польскіх гарадах. У Пружаны аўтар прывёз 22 выявы, якія расказваюць пра ціхае і адзінокае жыццё сядзібы, паказваюць яе прыгажосць у розныя поры года.IMG_9891_2881

Адной з найцікавейшых можна назваць работу пад назвай “Лесвіца ў неба”. Так называецца алея, якая вя-дзе да капліцы. Лістоўніцы высаджаны парамі, кожная пара мае сваю вышыню. Цікава, што прапорцыі дрэў захаваліся і сёння, больш як праз сто гадоў. І ніхто не ведае, як гэта было зроблена. Таму шлях да капліцы і ў нашы дні нагадвае лесвіцу ў неба.

Сяргей Вячаслававіч кадр за кадрам піша гісторыю Грушаўкі: з кожным годам час усё менш міласэрны да некалі знака-мітай сядзібы. На традыцыйнае пытанне аб далейшых творчых планах мастак, між іншым, заўважыў, што здымаць Грушаўку ўсё роўна не перастане. І вельмі спадзяецца на тое, што нарэшце знойдуцца спонсары, якія ўдыхнуць у маёнтак другое жыццё.IMG_9932_2921

Сяргей Чарановіч прызнаўся, што ў родным Шарашове не быў гадоў пяць, з таго часу, як забраў да сябе сваю адзінокую састарэлую няньку. Але пытанне пра родныя мясціны адразу ж абудзіла ў мастака мноства ўспамінаў. Думаецца, што некаторыя з іх знойдуць сваё адлюстраванне ў карцінах ці фотаработах аўтара.

Любоўю да роднага краю  прасякнуты і заняткі Сяргея Чарановіча з таленавітымі дзецьмі. У студыі “Апалон” ён вучыць дзяцей розных узростаў не толькі маляваць: з задавальненнем  перадае маладому пакаленню свой краязнаўчы вопыт. На выставу студыя “Апалон” прывезла работы вучняў ва ўзросце ад 5 да 17 гадоў.Музей_2929

Трэба адзначыць, што адкрыццё выстаў прайшло ў палацыку вельмі крэатыўна. Наведвальнікі паэтычнага гуртка пры каледжы, якім кіруе выкладчыца Вольга Балабушка, чыталі вершы, спявалі пад гітару, народны майстар Марыя Кулецкая малявала партрэты ўсіх жадаючых, нехта сеў за фартэпіяна…  Для самых малодшых выхаванцаў студыі “Апалон” супрацоўнікі музея распрацавалі гульню ў “Лабірынтах музея”, падчас якой дзеці самастойна шукалі таямніцы палацыка.

Азнаёміцца з таямніцамі і палюбавацца выставамі можна ў музеі-сядзібе “Пружанскі палацык” ва ўсе дні, акрамя  панядзелка і аўторка.

На здымках: падчас адкрыцця выстаў.

Кацярына ПАШКЕВІЧ,  Аляксандр Мелеш (фота)

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *