Суббота, 20 января 2018

Куфэркі памяці: Бацькаў акардэон

1 179

Мусіць, няма такой беларускай сям’і, на лёс якой не паўплывала б Вялікая Айчынная вайна. У 72-гадовай жыхаркі Пружан Л.І.Шчапачовай таксама адна са старонак сямейнай гісторыі тычыцца тых далёкіх падзей. Ларыса Іванаўна перабірае шматлікія чорна-белыя фотаздымкі, якія беражліва захоўваюцца ў яе сям’і не адным пакаленнем, і настальгічна расказвае пра кожны.2764

— Гэта наш дом, увесь абвіты вінаградам. Вось гэта я, а гэта мая мама і суседка. А з акардэонам — тата. Ён самастойна навучыўся іграць, музыку на слых падбіраў.

Ларыса Іванаўна дзеліцца ўспамінамі, як кожную нядзелю збіралася іх вялікая дружная сям’я, суседзі ў невялічкім садзе каля дома ў Слабудцы, і тата ўстройваў цэлыя канцэрты. Ва ўсе «мяхі» гэтая самадзейная акардэонная рапсодыя гучала на ўсю ваколіцу, ён іграў папулярную на той час «Разамунду». Менавіта гэты бацькаў акардэон і захоўваецца ў сямейным «куфэрку памяці» Шчапачовых. Ня-гледзячы на тое, што рарытэтнаму інструменту больш за 70 гадоў (гэта як мінімум, а колькі на самай справе — хто яго ведае), ён усё яшчэ ў цудоўным стане.

У доме Л.І.Шчапачовай нямала рэчаў, якія маглі б выклікаць цікаўнасць у краязнаўцаў, гісторыкаў. Ларыса Іванаўна шмат з таго, што ўяўляе сабой гістарычную каштоўнасць і можа расказаць пра сваю эпоху, перыядычна перадае ў музейны фонд Пружанскага палацыка, каб яно магло стаць усеагульным набыткам.

— А вось з акардэонам шкада расставацца. Яго нават прасілі прадаць, але для мяне ён — рэч бясцэнная, якая не вымяраецца грашовай сумай. Гэта частка нашай сямейнай гісторыі.IMG_9791_2782

Увогуле, карані сваёй сям’і Шчапачовы добра ведаюць. Дзед Ларысы Іванаўны — Павел Лазаравіч — быў чалавекам даволі адукаваным: служыў пісарам у гміне, затым — на чыгунцы, з-за чаго сям’і часта давялося пераязджаць, пакуль не паставілі хату ў Сланімцах ды не аселі на Пружаншчыне. Ён дбаў пра тое, каб і яго дзеці атрымалі добрую адукацыю.  Так, адна з яго дачок (мама Ларысы Іванаўны), напрыклад, закончыла ў Вільні Школу ральнічу — сельскагаспадарчую значыць, дзе асвоіла дамаводства, сакрэтамі якога павінна была валодаць кожная паважаючая сябе інтэлігентная жанчына.

…21 чэрвеня 1941 года ў хаце Шчапачовых гулялі адразу два вяселлі: замуж аддавалі цётку Ларысы Іванаўны і суседскую дзяўчыну. Пераважная частка гасцей — ваеннаслужачыя з Кашараў, цяперашняй Слабудкі, дзе стаяла вайсковая часць. Гулянка працягвалася да раніцы.

— Як расказвалі потым бацькі, калі нямецкая авіяцыя пачала бамбёжку, не адразу зразумелі, у чым справа: думалі, вучэнні ідуць. Толькі калі раненыя з Пружан пачалі ісці, стала відавочна — вайна…

Іван Мацвеевіч Шчапачоў пайшоў на фронт летам 1944-га. Вярнуўся — з узнагародамі (на жаль, некалькі гадоў таму гэтыя дарагія сэрцу сведчанні яго гераізму былі ўкрадзены).

— Быццам учора было, памятаю той пагодлівы дзень (стаяў ці то май, ці то чэрвень ужо). Наша сям’я тады ў Сланімцах яшчэ жыла. Бабуля ў клуню насіла сена, маці займалася хатнімі справамі… — успамінае жанчына. — Я бесклапотна гуляла на вуліцы, калі ў двор зайшоў нейкі мужчына. Незнаёмы дзядзька накіраваўся да мяне, ля калодзежа прысеў на кукішкі і з усмешкай звярнуўся: «Ларыса, не пазнаеш? Я ж твой татка!» Немагчыма перадаць на словах, што гэта за шчасце было для нашай сям’і!

Шчыра кажучы, не памятаю, калі дакладна з’явіўся ў хаце акардэон, але тата заўсёды задуменна гаварыў:«Гэтатрафейны — за нашых, каго фрыцы забілі».

Фота Аляксандра Мелеша і з сямейнага архіву Л.І.Шчапачовай. «Куфэрак памяці» ёсць і ў вас? Раскажыце нам пра рэч, якую беражліва захоўваеце, падзяліцеся гісторыяй, якая з ёй звязана, і чым дарагая яна для вашай сям’і. Прыміце ўдзел у новым народным праекце «раёнкі»! Пішыце, тэлефануйце ў рэдакцыю — і мы прыедзем да вас.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *