Понедельник, 24 сентября 2018

Забытая гісторыя Слабудкі: Міхайлаўскі штаб

3 804

Сённяшняя вёска Слабудка, якая знаходзіцца ў 6 км ад г.Пружаны па дарозе да чыгуначнай станцыі Аранчыцы, на першы погляд, наўрад ці можа зацікавіць падарожніка, які праязджае міма. Аднак на самой справе гэта — унікальны гістарычны комплекс, які здзіўляе помнікамі, багатым мінулым, непаўторным каларытам. Пад статусам вёскі схаваўся ці не адзіны былы ваенны гарадок на Беларусі, дзе засталіся сведчанні розных эпох: Расійскай імперыі (ХІХ-пачатак ХХ стст.), першай сусветнай вайны (1914-1918), савецка-польскай вайны і ўваходжання ў склад Польшчы (1919-1939),  другой сусветнай вайны   (1939-1945), гісторыі СССР.1. 1896 г., здание 38 артбригады, сейчас - детсад

На працягу гэтага часу праз Слабудку неаднойчы пранясліся ваенныя і  палітычныя віхуры, якія мянялі і дапаўнялі яе воблік, сяліліся розныя жыхары, якія прыносілі свае звычаі і норавы.

Гісторыя ваеннага гарадка пачынаецца з канца ХІХ ст. Яго ўзнікненню папярэднічалі падзеі сусветнага маштабу. Пасля пераможнай руска-турэцкай вайны 1877-1878 гг. Расія вярнула сабе статус вялікай дзяржавы і стала прэтэндаваць на панаванне ў Балканскім рэгіёне. Гэта непакоіла яе сапернікаў, якіх не задавальняў такі стан, а да рашучых дзянняў штурхалі ўласныя амбіцыі на шляху да еўрапейскага лідарства, эканамічныя патрэбы і каланіяльныя прэтэнзіі. У выніку падпісання дагавораў 1879-1882 гг. склаўся ваенна-палітычны блок Германіі, Аўстра-Венгрыі і Італіі (Траісты саюз). Гэта прымусіла Расію, Англію і Францыю ў 1904 – 1907 гг. стварыць Антанту. Проціборства гэтых блокаў вылілася ў ваенныя канфлікты на мяжы стагоддзяў і завяршылася І-й сусветнай вайной.2. здание 38-й артбриг, гостиница

Такім чынам, у канцы ХІХ ст. палітычныя абставіны прымусілі Расію рэагаваць на змену сітуацыі ў Еўропе. Галоўны штаб распрацаваў план на выпадак вайны з Германіяй і Аўстра-Венгрыяй. Работамі па яго стварэнні з 1881г. кіраваў генерал М.М.Абручоў. Разам з іншымі мерапрыемствамі прадугледжвалася ўмацаванне заходніх ваенных акруг, куды перамяшчаліся часці з Каўказа, дзе назіралася перанасычанасць войскаў з баявым вопытам, а рэгіён страціў значэнне галоўнага накірунку знешнепалітычных інтарэсаў імперыі. Згодна з  “планам Абручова” (Высачайшае распараджэнне ад 27 мая 1891 г.), 38-я пяхотная дывізія, 38-я артылерыйская брыгада і 38-ы лятучы артылерыйскі парк з г.Ахалцыхе ў Грузіі падлягалі перадыслакацыі ў Варшаўскую ваенную акругу (штаб у г.Гродна) і ўключаліся ў склад 19-га армейскага корпуса. Перамяшчэнне часцей адбылося  на працягу кастрычніка 1894 г. — 38-я артбрыгада (генерал-маёр А.Л.Мараўскі) і 38-ы лятучы артпарк (палкоўнік І.М.Мылаў) размясціліся ў 6 вярстах ад Пружан на пустках, загадзя выкупленых дзяржавай ў  памешчыка У.Трамбіцкага з маёнтка Лінова.3. карпіч 1889 г.

Вайсковыя часці, раскватэраваныя на месцы сучаснай Слабудкі, вызначыліся падчас руска-турэцкай вайны. Ваенныя былі адзначаны баявымі ўзнагародамі, а батарэі – ганаровымі знакамі вайсковай доблесці. У гэты час брыгаду ўзначальваў ураджэнец Гродна генерал-маёр В.А.Веверн. Вядома, што 38-я артбрыгада была сфарміравана на Каўказе ў 1864 г., у яе склад уваходзілі тры батарэі.4. Полковник Стабровский

У 1895 г. у брыгадзе былі створаны 2 дывізіёны трохбатарэйнага складу. На ўзбраенні  налічвалася 48 гармат, па 8 у кожнай батарэі. Старэйшай была 6-я, сфарміраваная ў 1796 г. У 1913 г. афіцэрам, унтэр-афіцэрам і радавым батарэі быў дараваны нагрудны знак у гонар яе 100-годдзя.

Уладкаванню часцей на новым месцы садзейнічала выдзяленне будаўнічых матэрыялаў з армейскіх фондаў. Частку цэглы перавезлі з Брэст-Літоўскай крэпасці, аб чым сведчыць маркіроўка матэрыялаў. У Слабудцы на месцы нядаўна знішчаных будынкаў знойдзена цэгла з указаннем месца і года вытворчасці: “БЛК / 1889” – “Брэст-Літоўская крэпасць, 1889 г.”. Гэты факт – сапраўднае навуковае адкрыцце, сведчанне існавання адзінага плана ўзвя-дзення абарончых пабудоў на Захадзе імперыі. Такая ж цэгла прысутнічае ў шэрагу  існуючых будынкаў (напрыклад, сучасны дзіцячы садок). Але матэрыялаў не хапала. Гэта прывяло да рэарганізацыі старых і будаўніцтва новых цагельных заводаў у Пружанскім павеце, якія пастаўлялі прадукцыю ў ваенны гарадок, дзе працавалі вайскоўцы і мясцовыя будаўнікі.5. Военнослужащие38-й арт.бр.

Трэба адзначыць, што ўсе аб’екты ўзводзіліся па спецыяльным праекце ваеннага ведамства ў стылі рускага мадэрна канца ХІХ ст. Тое, што яны будаваліся па адзіным плане, у   адзіным стылі, у адзін час, даказвае падабенства ў архітэктурным вырашэнні фасадаў, лаканічнасць дэкору, планіровачнае размяшчэнне ўздоўж цэнтральнай прамавугольнай плошчы-пляцу.

Такім чынам, на тэрыторыі гарадка ў канцы ХІХ ст. з’явіліся: казармы, жылыя будынкі, стайні, склады і іншыя пабудовы. У 1896 г. пачала працаваць  драўляная царква Святога Мікалая Цудатворцы. Святара і прытча ў 38-й брыга-дзе не было – не прадугледжваліся па штаце (уведзены толькі  ў 1913 г.). Кіраўніцтва Гродзенскай епархіі накіроўвала сюды прыкамандзіраваных святароў з ліку заштатных і тых, хто не меў прыходу. У 1905 г. службы ў царкве выконваў протаіерэй Міхаіл Савіч, у 1913 г. – іерэй Казьма Васільеў. Як сведчаць епархіяльныя дакументы, у брыгаднай царкве была хуткая змена святароў, нягледзячы на гадавое жалаванне ў 400 рублёў, двухпакаёвую кватэру з кухняй, ацяпленнем і казённай прыслугай.6. руйнаванне казармы ХІХ ст. 2012 г.

На жаль, большасць будынкаў не захавалася. Яны былі знішчаны ў 1970-х гг. пад час рэканструкцыі ваеннага гарадка. У 2010-2011 гг. разбурылі два помнікі архітэктуры ХІХ ст. Дарэчы, трохпавярховая зруйнаваная казарма была амаль дакладнай копіяй будынка ў г.Бяроза (магазін “Еўраопт”). Тым не менш, сёння ў Слабудцы існуюць унікальныя помнікі часоў Расійскай імперыі, якія з’яўляюцца адзінкавымі прыкладамі будаўніцтва ваенных гарадкоў з арыгінальным архітэктурным дызайнам: гасцініца (дом афіцэрскага саставу №3), двухпавярховая былая артылерыйская казарма (дом афіцэрскага саставу №8), будынак            афіцэрскага сходу (ДАС №5), дзіцячы садок (ДАС №6) – адзіны ў Беларусі помнік муравана-драўлянага дойлідства ХІХ ст. у стылі мадэрн, склады,  калодзежы, калонка і інш.

Асноўныя будаўнічыя работы  ў гарадку былі завершаны да 1900 года. Б.М.Шапашнікаў (будучы маршал СССР) у гэты час наведваў нашы мясціны і пісаў: “38-я артылерыйская брыгада, як значылася ў дыслакацыі, размяшчалася паблізу горада Пружаны. У сапраўднасці ваенны гарадок стаяў пасярод поля, у шасці кіламетрах ад станцыі Лінова, у шасці кіламетрах ад Пружан і ў двух кіламетрах ад бліжэйшай вёскі”. У той час Пружаны лічыліся сапраўднай “дырой”. Служыць сюды ехалі без ахвоты. Але на фоне горада з пераважна яўрэйскім насельніцтвам, бруднымі вуліцамі і драўлянымі хатамі ваенны гарадок быў месцам культурнага жыцця: з каменнымі будынкамі,   афіцэрскім зборам, ваенным аркестрам і бібліятэкай. “Указатель населенных местностей Гродненской  губернии” 1905 г. сведчыць, што у казармах 38-й артылерыйскай брыгады размяшчалася  898 чалавек.1336421758_21

На працягу існавання месца размяшчэнне артылерыстаў называлі па-рознаму. Да 1900 г. ужывалі назву “Артылерыйскія казармы”. Потым яна змянілася. Захаваўся дакумент, дзе ўказвалася: “В 27 день февраля 1900 года Высочайше разрешено наименовать “Михайловским Штабом” местность близ фольварка Изабелин, в 6-7 верстах от города Пружан и в 3 верстах от железнодорожной станции Линево …, занятую казармами 38-й артиллерийской бригады”. На картах пачатку ХХ ст., у даведніку Гродзенскай губерні, статыстыцы, друку можна сустрэць найменні: “Міхайлаўскі штаб”, “Артылерыйскія казармы”, “Казармы 38-й артылерыйскай брыгады”, “Міхайлаўскія казармы”. Назва “Міхайлаўскі штаб”, якая замацавалася на пэўны час за гарадком, была дадзена ў гонар вялікага князя Міхаіла Раманава – начальніка артылерыі расійскай арміі, сына Мікалая І.

Ваенныя не толькі займаліся баявой падрыхтоўкай і будаўніцтвам, але прымалі ўдзел у грамадскім і духоўным жыцці Пружанскага павета, уплывалі на быт і культуру мясцовых жыхароў. Гэта пацвярджаюць дакументы. У «Гродзенскіх епархіяльных ведамасцях» №21 за 1903 г. паведамлялася, што ў Пружанскай другакласнай царкоўна-прыходскай школе ў 1901-1902 навучальным годзе гімнастыка праводзілася паручнікам 38-й артбрыгады Яўгенам Кузьміным. У справаздачы аб стане царкоўных школ за 1912 г. запісана: «У Сланімцоўскай школе навучанне ваеннаму строю вялося палкоў-нікам 38-й артбрыгады Кельневым. За кошт брыгады вучні карысталіся ружжамі, зробленымі спецыяльна для дзіцячага ўзросту. Заняткі вяліся пры школе і на плацы Міхайлаўскіх казармаў». У “Гродзенскіх епархіяльных ведамасцях” 29 лістапада 1909 г. апісвалася падарожжа епіскапа Беластоцкага Уладзіміра. Ён аглядаў цэрквы і адзначыў сустрэчу з прадстаўнікамі 38-й брыгады на чале з генералам Грыгаровічам “с участием оркестра музыки, любезно предоставленного командиром”. У 1912г. артылерысты далучыліся да будаўніцтва помніка ў гонар 100-годдзя Кобрынскай бітвы з напалеонаўскімі войскамі.

Пружаншчына таксама аказвала ўплыў на жыццё вайскоўцаў. Акрамя таго, што мясцовыя жыхары працавалі ў “Міхайлаўскім штабе”, пачалі стварацца новыя сем’і. Прычым назіралася саслоўнае размежаванне – афіцэры бралі ў жонкі дачок чыноўнікаў і дваран, “ніжнія чыны” –  мяшчанак і сялянак. Артылерысты станавіліся сведкамі ў час шлюбаў. Гэта пацвярджаюць шлюбныя кнігі  сабора Аляксандра Неўскага рубяжа ХІХ – ХХ ст.ст. Шэраг адстаўнікоў пасля заканчэння службы заставаліся жыць на Пружаншчыне. Сёння ў Слабудцы і ваколіцах жывуць нашчадкі былых вайскоўцаў “Міхайлаўскага штаба”. Напрыклад, сям’я Філаненкаў, продак якіх – Васіль Сцяпанавіч – быў старшым феерверкерам 38-га артылерыйскага парку, сям’я Заікіных, чый продак Фёдар служыў у гарадку. Адстаўнікі з сем’ямі і абслугоўваючы персанал сяліліся ў слабодцы, недалёка ад казармаў.

Пры “Міхайлаўскім штабе” існаваліі вучэбная каманда і школа падпрапаршчыкаў. Працавала метэастацыя пад кіраўніцтвам Ііосіфа Іосіфавіча Стаброўскага (1870-1968) — ураджэнца маёнтка Арловічы пад Слонімам.

Выпускнік Полацкага кадэцкага корпуса, Аляксандраўскага ваеннага вучылішча (дзе пазнаёміўся з пісьменнікам А.Купрыным, з якім перапісваўся; у савецкі час існавала легенда, што літаратар наведваў “Міхайлаўскі штаб”), Маскоўскага археалагічнага інстытута І.Стаброўскі заслугоўвае асаблівай увагі даследчыкаў, як відны дзеяч навукі і культуры Беларусі. На пачатку кар’еры ён займаўся сапёрнай справай (у 1895-1910 гг. служыў у “Міхайлаўскім штабе”) і фатаграфіяй (дакументы аб Пружаншчыне пакуль не выяўлены). Наш зямляк  удзельнічаў у  першай сусветнай вайне. За мужнасць камандзір 55-га артдывізіёна быў узнагароджаны баявымі ордэнамі Св.Уладзіміра і Св.Ганны. У грамадзянскую вайну ён уступіў у Чырвоную армію, аднак у 1921 г. вярнуўся на радзіму, каб прысвяціць сябе справе, аб якой марыў даўно. Калекцыя рэчаў, якую Стаброўскі збіраў усё жыццё, утрымлівала экспанаты, годныя лепшых музеяў: грашовыя скарбы, каменныя прылады, галаву славянскага ідала, лісты А.С.Пушкіна да жонкі, аўтографы Дзяржавіна і Карамзіна, рукапісы XVI–XVII стст. і інш. Гэтыя багацці сталі асновай для Слонімскага музея, заснаванага І.Стаброўскім у 1929 г. (музей носіць яго імя) – аднаго з першых у Заходняй Беларусі. Аб грамадзянскай пазіцыі былога царскага палкоўніка сведчыць дакумент 1937 г., паводле якога 65 гектараў сенажаці (палову маёнтка) ён перадаў сялянам. Гэты ўчынак Стаброўскага адзначылі польскім “Залатым Крыжом за заслугі”. Да 1948 г. ён працаваў у музеі. Памёр ў 1968 г., пахаваны ў былым радавым маёнтку.

Акрамя І.І.Стаброўскага, у розны час у брыгадзе і парку служылі людзі, якіх па праву можна назваць гонарам расійскага афіцэрства, прыкладам высокай годнасці і гераізму. Сярод іх – герой руска-японскай і І-й сусветнай войнаў генерал Павел Іванавіч Мішчанка. Генерала вызначалі высокае сумленне, павага і беражлівыя адносіны да салдат. У час сусветнай вайны ён змагаўся на Заходнім фронце. Мішчанка да апошняй хвіліны заставаўся верным сваім ідэалам і жыццёвай пазіцыі. Пасля рэвалюцыі ён бязбоязна насіў афіцэрскі мундзір са знакамі адрознення і доблесці. Пад пагрозай смерці ад рук бальшавікоў ён адмовіўся зняць ваенную форму і застрэліўся.

Яркім прадстаўніком 38-й артбрыгады быў генерал Самядбек Мехмендараў, які вызначыўся ў баях на Каўказе і ў Кітаі, а таксама ў часы першай  сусветнай вайны. У 1894-1896 гг. ён з’яўляўся членам брыгаднага суда (потым старшынёй), часовым членам Варшаўскага ваеннага акруговага суда. Служыў у 6-й і 3-й батарэях, быў узнагароджаны ордэнамі Св.Ганны і Св.Уладзіміра. Пасля развалу Расійскай імперыі С.Мехмендараў стаў першым міністрам абароны Азербайджана.

Трэба ўзгадаць і імя Уладзіміра Людвігавіча Калантая – ваеннага інжынера, генерал-маёра. Сын                 удзельніка паўстання 1863г., высланага ў Сібір, Уладзімір закончыў Тыфліскі кадэцкі корпус, Міхайлаўскае артылерыйскае вучылішча і Мікалаеўскую інжынерную акадэмію. Кар’еру пачаў у 1886 г. падпаручнікам 38-й артбрыгады, з 1900г. выкладаў у Мікалаеўскай інжынернай акадэміі. За перыяд службы неаднаразова ўзнагароджваўся (ордэны Св.Ганны, Св.Станіслава, Св. Уладзіміра). У час першай сусветнай ваяваў на Заходнім і Паўночным франтах, атрымаў Георгіеўскую зброю. Дарэчы, жонка генерала – шырока вядомая  Аляксандра Калантай, якая, разарваўшы адносіны з сям’ёй, стала рэвалюцыянеркай, дзяржаўным дзеячам, народным камісарам, паслом СССР у Нарвегіі, Мексіцы, Швецыі.

Асаблівай увагі заслугоўвае імя пружанскага ўрача Аўгусціна Пацэвіча – выпускніка ваенна-медыцынскай акадэміі ў Пецярбургу. Ён служыў вайсковым лекарам Балтыйскага флоту ў Кранштадце. Каля 1909-1913 гг. у званні палкоўніка быў лекарам 38-га лятучага артылерыйскага парку. Вялікай пашанай было тое, што яго імя ў міжваенны перыяд насіла сучасная вул. Савецкая ў Пружанах. А.Пацэвіч памёр у 1928 г., пахаваны на каталіцкіх могілках. У доме доктара пасля ад’езду сям’і ў Польшчу пэўны час размяшчаўся дзіцячы дом, цяпер на яго месцы – помнік спаленым вёскам.

38-я артбрыгада і 38-ы артпарк размяшчаліся каля Пружан амаль 20 гадоў. У жніўні 1914 г., калі пачалася першая сусветная вайна, у складзе 38-й дывізіі яны рушылі на Заходні фронт на чале з генерал-маёрам С.Л.Фуфаеўскім, а іх месца занялі часці і падраздзяленні другога і трэцяга эшалонаў абароны.

На гэтым фактычна завяршылася гісторыя “Міхайлаўскага штаба”, які аказаў значны ўплыў на Пружаншчыну рубяжа ХІХ – ХХ ст.ст. Помнікі, якія сёння знаходзяцца ў Слабудцы, з’яўляюцца маўклівымі сведкамі слаўнага мінулага. Задача сучаснікаў не адмаўляцца ад яго, не выкрэсліваць і знішчаць, а беражліва захоўваць, каб быць вартымі памяці продкаў. Узгаданыя аб’екты патрабуюць неадкладнай увагі і ўключэння ў дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей. Стан будынкаў дазваляе іх выкарыстанне, у тым ліку ў музейна-турыстычнай сетцы нашага раёна і Беларусі.

 (Працяг будзе).                   

У артыкуле выкарыстаны матэрылы з архіваў аўтараў, жыхароў в.Слабудка, г.Пружаны, фондаў музея-сядзібы “Пружанскі палацык”, Слонімскага раённага краязнаўчага музея імя І.Стаброўскага. Апрацоўка і пераклад на беларускую мову Наталлі Пракаповіч.

Аўтары будуць удзячны за любую дапамогу ў збіранні матэрыялаў па гісторыі Слабудкі. Кантактныя тэл. 2-18-96, 8-033-371-13-42. Электронны адрас palacyk@tut.by.

Аб аўтарах:Дадиомов и Рабчук

Уладзімір Юр‘евіч Дадзіёмаў і Сяргей Зотавіч Рабчук – афіцэры запасу, якія на працягу трох год вядуць актыўную пошукавую дзейнасць, збіраючы матэрыялы аб мінулым Слабудкі. Яны запісваюць успаміны мясцовых жыхароў, шукаюць інфармацыю ў архівах, музеях, сетцы Internet. Сабраныя імі з розных крыніц  звесткі сталі асновай для шэрагу артыкулаў, напісаных з мэтай расказаць гістарычную праўду аб помніку пад адкрытым небам – ваенным гарадку Слабудка, звярнуць увагу на яго становішча і захаваць  унікальныя гісторыка-культурныя каштоўнасці, якія знаходзяцца на тэрыторыі населенага пункту, для сучаснікаў і нашчадкаў.

 

4 комментариев

  • сергей

    я проживал в Слобудке в семье военнослужащего в ДОСах № 2и №5 с1968 по 1973г.г.

    Рейтинг комментария:Vote +10Vote -10

  • Татьяна Николаевна

    Спасибо за статью. Надеюсь продолжение также будет опубликовано на сайте с цветными фотографиями.

    Рейтинг комментария:Vote +10Vote -10

  • Піт

    Цікавы артыкул. Будынак на верхнім фота спадабаўся камбінаваннем цэглы і дрэва ў пабудове. І дагледжаны добра.

    Рейтинг комментария:Vote +10Vote -10

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *