Четверг, 20 сентября 2018

Пружанские хоккеисты выиграли турнир «Золотая шайба»

1 382

На працягу двух выхадных дзён у Лядовым палацы ў Пружанах праходзілі хакейныя баталіі паміж лепшымі камандамі юных хакеістаў вобласці. Наш горад стаў месцам правядзення абласных фінальных спаборніцтваў «Залатая шайба» трэці год запар. Яго арганізатарамі выступілі ўпраўленне па фізічнай культуры, спорту і турызму аблвыканкама, прадстаўніцтва Нацыянальнага алімпійскага камітэта Рэспублікі Беларусь у Брэсцкай вобласці, абласны камітэт грамадскага аб’яднання БРСМ, аддзел па справах моладзі аблвыканкама.

Ва ўрачыстай цырымоніі адкрыцця спаборніцтваў бралі ўдзел першы сакратар абласнога камітэта грамадскага аб’яднання БРСМ В.В.Фісюк, дырэктар абласнога вучэбна-метадычнага цэнтра фізічнага выхавання насельніцтва П.Р.Воран, начальнік аддзела па фізічнай культуры спорту і турызму райвыканкама С.М.Шчыпанаў. В.В.Фісюк і С.М.Шчыпанаў выступілі з прамовамі і пажадалі юным хакеістам паказаць на турніры цікавую і змястоўную гульню.  Капітанам каманд дзяўчаты ў нацыянальных касцюмах паднеслі караваі.

Сёлетні турнір істотна адрозніваўся ад двух папярэдніх. Упершыню ўдзел бралі хакеісты Кобрына. І калі раней барацьба за першыя месцы вялася паміж камандамі Брэста і Пружан, то цяпер за перамогу змагаліся гаспадары і юныя хакеісты з Бярозы. Змянілася і сама формула правядзення спаборніцтваў. У мінулыя гады яны праводзіліся па кругавой сістэме. Сёлета каманды былі разбіты на паўфінальныя пары, пераможцы якіх выходзілі ў галоўны фінал, а прайграўшыя аспрэчвалі 3-4 месцы.

У малодшай групе паўфінальныя пары выглядалі наступным чынам: «Мухавец» (Пружаны)- «Тытан» (Кобрын); «Крэчат» (Бяроза)- «Юнацтва» (Баранавічы).
У старэйшай групе: «Мухавец» (Пружаны)— «Юнацтва» (Баранавічы); «Крэчат» (Бяроза)— «Алімпіец» (Брэст).

АДКРЫВАЛА турнір гульня паміж «Тытанам» і «Мухаўцам». Але барацьбы не атрымалася, паколькі клас нашай каманды намнога вышэйшы, чым саперніка. Пасля першага перыяду на табло ўжо гарэлі лічбы 12:0 на карысць гаспадароў. Фінальная сірэна зафіксавала перамогу пружанскай каманды —24:0.
У другой паўфінальнай пары ў фінал прабілася каманда «Крэчат».

У старэйшай групе паўфінальны бар’ер паспяхова пераадолелі каманды Бярозы і Пружан. «Мухавец» нанёс паражэнне «Юнацтву» з лікам 5:2.

У ПЕРШЫМ ФІНАЛЕ высвятлялі адносіны хакеісты малодшай узроставай групы.
Толькі першы перыяд прайшоў у напружанай барацьбе, калі ў варотах «Крэчата» пабывалі дзве шайбы. У другім перыядзе перавага хакеістаў «Мухаўца» стала яшчэ больш адчувальнай. На апошні адпачынак каманды пайшлі пры ліку 7:0. У трэцім адрэзку гульні гаспадары яшчэ пяць разоў запальвалі чырвоны ліхтар за варотамі хакеістаў з Бярозы. Найбольшы ўклад у перамогу каманды ўнёс Улад Шурын, на рахунку якога некалькі закінутых шайбаў.

Фінальны матч каманд старэйшай групы стаў сапраўдным упрыгожваннем турніра.
На 5-й мінуце лік быў 2:0 на карысць хакеістаў «Мухаўца». Бліжэй да канца першага перыяду «Крэчат» здолеў адыграцца. За некалькі секунд да перапынку нашы выйшлі наперад — 3:2. У другім перыядзе каманды абмяняліся галамі.

Лік 4:3 на табло трымаўся да 11-й мінуты заключнага перыяду, калі на працягу дзвюх мінут пружанскія хакеісты здолелі двойчы засмуціць саперніка. Індывідуальным майстэрствам вызначыўся Арцём Гамшэй. Такім чынам, «Мухавец» святкаваў перамогу з лікам 6:3.

У НЯДЗЕЛЮ прайшло ўрачыстае закрыццё турніра і ўзнагароджанне яго пераможцаў. Як у малодшай, так і старэйшай узроставых групах мацнейшымі сталі гаспадары спаборніцтваў — хакеісты «Мухаўца» (трэнеры Яўген Рэкша і Андрэй Муха). Другія месцы дасталіся хакеістам з Бярозы. Трэцяе месца ў малодшай групе заняла каманда «Юнацтва» (Баранавічы), а ў старэйшай — «Алімпіец» (Брэст).

Каманды-пераможцы і прызёры турніра ўзнагароджаны каштоўнымі падарункамі, дыпломамі і медалямі.
Вызначаны лепшыя ігракі ў кожнай групе. Імі сталі нашы прадстаўнікі Улад Шурын і Арцём Гамшэй. Цяпер абедзве пружанскія каманды будуць абараняць гонар вобласці на рэспубліканскіх спаборніцтвах, якія пройдуць у Салігорску і Бабруйску.

Мікола Архуцік, фота Аляксандра Мелеша.
Больш здымкаў у фотагалерыі:

http://www.budni.by/?page_id=159

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *