Пятница, 25 мая 2018

У музеі-сядзібе «Пружанскі палацык» выстаўляецца санкт-пецярбургскі мастак Дзмітрый Якуцэня

1 440

У музеі-сядзібе “Пружанскі палацык” зноў працуе выстава. На гэты раз выстаўляе свае работы ўраджэнец вёскі Кавалі, а зараз жыхар Санкт-Пецярбургу мастак Дзмітрый Якуцэня.IMG_8878_1701

Адкрыццё выставы было ўрачыстым. Дзмітрыя Васільевіча вітаў народны камерны хор Палаца культуры пад кіраўніцтвам Якава Малайчука, танцоры харэаграфічнага аддзялення ДШМ імя Шырмы. Шмат цёплых слоў была сказана ў адрас мастака гасцямі, сярод якіх былі пружанская паэтка Ніна Дыдышка, народны майстар Марыя Кулецкая, клірык Свята-Мікалаеўскай царквы айцец Аляксандр, выкладчыца аграрна-тэхнічнага каледжа Вольга Балабушка і  яе навучэнцы, галоўны рэдактар газеты “Раённыя будні” Мікола Антаноўскі…

Усе, хто браў слова, засяроджвалі ўвагу на тым, што творы Дзмітрыя Васільевіча нясуць у сабе духоўнасць і чысціню. І сапраўды, карціны перадаюць светлы настрой не толькі таму, што на многіх з іх прысутнічаюць храмы, уся іх атмасфера працята спакоем і супакаеннем.IMG_8812_1636

Выстава носіць назву “Паўночныя пейзажы”, і ўсе карціны напісаны ў Расіі, тым не менш, у пейзажах кожны з прысутных бачыў нешта знаёмае. Паварот ракі, ускраек лесу, стог сена – здаецца, што ўсе яны нясуць у сабе наш, беларускі, пружанскі  адбітак.

Вясной Дзмітрый Васільевіч выстаўляўся ў палацавым комплексе Сапегаў у Ружанах. Рэшткі палаца натхнілі мастака, і зараз ён плануе заняцца беларускімі пейзажамі, на якіх абавязкова будуць прысутнічаць жамчужыны архітэктуры. У сваім зваротным слове да гасцей Дзмітрый Якуцэня зазначыў, што вельмі любіць беларускую гісторыю і што ВКЛ заўжды на сто гадоў апярэджвала Масковію.

Вельмі спадабалася мастаку зала, у якой вывешаны яго творы. Для карцін, выкананых на пленэры, важна, каб і ў зале было шмат святла, таму выстава выдатна ўпісалася ў сценах палацыка, у час адкрыцця спрыяла гэтаму і надвор’е.IMG_8899_1721

Дзмітрый Васільевіч прызнаўся, што часам не можа растлумачыць, як ён працаваў над карцінай, такое натхненне апаноўвае яго ў гэты час, што ён нават лічыць гэта боскім дарам.

Сярод 30 пейзажаў ёсць досыць знакаміты трыпціх “Успаміны аб Царскім сяле”. Трыпціх быў дыпломнай работай мастака і атрымаў шмат станоўчых водгукаў ад крытыкаў.

Выстава будзе працаваць на працягу месяца. Калі вам не хапае святла, чысціні і спакою – абавязкова наведайце музей-сядзібу “Пружанскі палацык” у бліжэйшы час.

Кацярына Пашкевіч, Аляксандр Мелеш (фота).

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *