Вторник, 29 сентября 2020

В музее-усадьбе «Пружанский палацик» работает выставка резчика-охотника Степана Котылы

2 293

“Пушча” – так называецца першая персанальная выстава разьбяра Сцяпана Іванавіча Катылы, якая дзейнічае ў музеі-сядзібе “Пружанскі палацык”. Не памылюся, калі скажу: пра тое, што былы галоўны паляўніцтвазнаўца  лясгаса С.І.Катыла займаецца яшчэ і разьбой, ведалі нямногія. Аднак  дырэктар музея-сядзібы Ю.С.Зялевіч заўважае:

— Карціны Сцяпана Іванавіча адрозніваюцца асаблівай тэхнікай, уласным стылем. І па сваім выкананні зусім не саступаюць работам вядомых у Беларусі мастакоў-разьбяроў.

Тэма прыроды, якую раскрывае ў сваіх карцінах пружанскі разьбяр, блізкая яму па духу. Ён стварае тое, што некалі бачыў на свае вочы, што давялося перажыць падчас паляванняў, неспадзяваных сустрэч са зверам. Таму так рэалістычна перадае аўтар і паядынак аленяў, і паляванне на дзіка, і веліч зуброў з рысямі, і выццё воўка…

— Важна, — расказвае Сцяпан Іванавіч, — стварыць на карціне цэнтральную фігуру, усё астатняе прыходзіць само сабой.

Адметна, што аўтар не робіць папярэдніх эскізаў, ён працуе адразу на “чыставіку”, чым служаць выключна дошкі з ліпы. І творыць так, як падказвае яму душа. Таму, відаць, яго карціны такія праўдзівыя. Па прызнанні майстра, дзеля стварэння адной такой карціны патрэбна натхнёна працаваць каля месяца, а любіць прыроду — усё жыццё.

Цікава, што адразу пасля школы, перш чым паступіць у тэхналагічны інстытут, Сцяпан Іванавіч Катыла марыў стаць мастаком. Як часта бывае, усё вырашыў выпадак… Таму юнацкую мару давялося ажыццявіць ужо на заслужаным адпачынку, але з багатым вопытам работы ў лясной гаспадарцы.

Галіна КАЛЯДА, Аляксандр Мелеш (фота)

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *