Среда, 30 сентября 2020

Судьба человека: благодаря рождению сына мама снова смогла ходить, а спустя годы отдала ему свою почку

1 937

А вы верыце ў тое, што жыццё чалавеку магчыма падарыць не толькі пры нараджэнні? Менавіта такі цуд, а інакш і не скажаш, здарыўся ў сям’і Клімовічаў з Ружан. Саша з маленства быў
хваравітым хлопчыкам, але ніхто нават і падумаць не мог, што ў яго — прыроджаная паталогія. Усё высветлілася выпадкова: у юнака здарыўся гіпертанічны крыз, за якім паследавала лячэнне ў абласной бальніцы, дзе было назначана «глыбокае» абследаванне. Тады ўрачы і выявілі цяжкае захворванне нырак, а гэта азначала, што маладога чалавека чакае пажыццёвы гемадыяліз — у поўным сэнсе прыкаванасць да апарата «штучная нырка». Але медыкі прапанавалі больш новы і кардынальны метад лячэння — перасадка донарскай ныркі. І перасадка неабходна была тэрміновая. Падыходзячы ж донарскі орган трэба было чакаць…

Алена Мікалаеўна з жахам успамінае той перыяд.

— Увогуле, у нашай сям’і ў той час была нейкая «чорная паласа»: два гады таму ад анкалагічнага захворвання памёр муж. А неўзабаве бяда здарылася яшчэ і з сынам. Немагчыма перадаць словамі, што рабілася ў душы… Удзячна Богу, што на нашым шляху трапляліся добрыя людзі, медыкі з залатымі рукамі, якія дапамаглі справіцца з бядой.

Жанчына адразу вырашыла аддаць сыну сваю нырку. Але ўрачы адхілілі гэтую ідэю: у Сашы трэцяя адмоўная група крыві, у Алены Мікалаеўны — чацвёртая дадатная. Орган проста не прыжывецца. І са старэйшым братам групы крыві не супалі. Увогуле, падыходзячых донараў сярод родных (пры роднасных перасадках, дарэчы, шанцы на поспех намнога вышэйшыя) не было.

Кіраўнік аддзела нефралогіі, ныркава-замяшчальнай тэрапіі і трансплантацыі ныркі РНПЦ трансплантацыі органаў і тканак, кандыдат медыцынскіх навук А.В. Калачык вырашыў узяцца за выпадак Клімовічаў.

— Дагэтуль у Беларусі праводзіліся роднасныя перасадкі нырак, але не ад донараў з несумяшчальнай групай крыві. Алег Валянцінавіч папярэдзіў, што мы будзем першымі, — расказвае Алена Мікалаеўна. — Зразумела, ніякіх гарантый нам ніхто даць не мог. Але я верыла, што ў свеце ёсць месца цуду. І ён павінны нарэшце перафарбаваць нашу «чорную паласу» ў белы колер.

Жанчына шчыра верыла ў станоўчы зыход аперацыі (цяпер яна пераканана: на што настроены, таго і чакай). І матуліна сэрца не падманула. Аперацыя прайшла 23 красавіка. Саша лічыць гэтую дату другім днём нараджэння, паколькі самы родны і блізкі чалавек на зямлі другі раз падарыў яму жыццё.

— Паверце, самае смачнае, што ёсць на свеце, — вада: мне за суткі дазвалялася ўжываць яе не больш шклянкі, а перад гемадыялізам і ўвогуле нельга было піць,  — успамінае перыяд лячэння Саша. — Перад аперацыяй, шчыра кажучы, асабліва не хваляваўся: у цэнтры пануе настолькі добразычлівая атмасфера! Для тэрміновага правядзення трансплантацыі спецыяльна для мяне прывезлі з Германіі апарат… І ўсё роўна галоўная заслуга ў яе поспеху — дактароў з залатымі рукамі.

Цяпер у Аляксандра тры ныркі — дзве сваіх і адна маміна. Малады чалавек кажа, што адчувае сябе цудоўна. Днямі ён адзначыць 24-годдзе.

— Трэба цяпер рэгулярна ездзіць на абследаванні, прытрымлівацца дыеты і пажыццёва па гадзінніку прымаць лякарства, — патлумачыў ён, калі мы пачулі званок будзільніка.

Алена Мікалаеўна гаворыць, што адчувае сябе гэтак жа, як і да аперацыі, выконвае работу па доме, збіраецца выходзіць на ранейшую працу, хаця яна ў яе не з лёгкіх, — аддзелачніца на Ружанскай мэблевай фабрыцы.

— У мяне часта цікавяцца, ці не было боязна ісці на такую аперацыю. А я нават не думала пра  страх. Ведаеце, я сама абавязана Сашы, — нечакана заяўляе жанчына. — Справа ў тым, што пасля першых родаў у мяне адняліся ногі. Урачы сказалі, што зашчыміўся нерв, і параілі нарадзіць ізноў. Калі на свет з’явіўся Саша,  сапраўды хвароба прайшла…

Таму, магчыма, Алена Мікалаеўна і не лічыць свой учынак нейкім подзвігам. Увогуле, яна пераканана, што так паступіла б любая маці.

Марына Вакульская. Фота Аляксандра Мелеша.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *