Четверг, 12 декабря 2019

Пружаны не справляются со снегом

1 359

Гледзячы на гарадскія вуліцы, як тут не скажаш: «Зіма прыйшла нечакана!». Сапраўды, за пару папярэдніх гадоў мы забыліся, што такое снежныя сумёты, галалёд і завеі, больш прывыклі да дажджоў, лужын і туманоў. Ці не разбэсцілі нас мяккія зімы? Сёлетняя ж вырашыла праверыць на трываласць і не толькі людзей, але і камунальныя службы. Трэба прызнаць, сапраўднаму зімоваму надвор’ю ўдалося застаць нас знянацку.
Першымі «рукі ўгару» ўзнялі камунальнікі, якія паказалі, што не падрыхтаваны працаваць у аўральным рэжыме. Асабліва гэта відавочна было ў перыяды моцных снегападаў, што засыпалі райцэнтр у першай дэкадзе студзеня. Што можна сказаць пра гатоўнасць тэхнікі, калі лапаты ад бульдозераў чаплялі да палівальных машын? Зразумела, што апошнім не хапала магутнасці і яны літаральна гразлі ў снезе. Далеко не все успели купить зимние покрышки.
Сумна было назіраць за такой «барацьбой» са стыхіяй, і яшчэ больш непрыемна пасля выхадных стаць яе непасрэдным удзельнікам, прабіваючыся па засыпаных снегам тратуарах. На апошнія, напэўна, з-за недахопу тэхнікі, практычна не хапала часу ў камунальных служб: толькі б праезную частку вызваліць ад сумётаў. І толькі пасля таго, як снегапады сціхлі, гарадскія вуліцы паступова сталі набываць ранейшы выгляд.
Між тым, казаць пра парадак на дарогах вельмі рана. Справа ў тым, што адразу снег рассоўваўся ў бакі дарогі, дзе потым яго моцна прыхапіў мароз. У выніку паабапал вуліц утварыліся цвёрдыя гурбы, якія звузілі праезную частку на цэлы метр. Асабліва гэта адчуваецца зараз на вузкіх вуліцах, накшталт Піянерскай, Чырвонаармейскай. Аўтаўладальнікі па-ранейшаму паркуюць свае машыны каля абочын, у выніку чаго па вуліцах можна рухацца толькі ў адзін бок. Найбольш праблемна гэта каля тых дамоў, якія не маюць спецыяльна ўладкаваных праездаў на вуліцу. Напрыклад, аўтару гэтага артыкула давялося дапамагаць выехаць машыне са двара аднаго з дамоў па вуліцы 8 Сакавіка, які быў адрэзаны ад асноўнай праезнай часткі насунутымі сумётамі. Зрэшты, пра вуліцу 8 Сакавіка трэба сказаць асобна. Яна, падобна,— нічыйная: пешаходную дарожку па вуліцы Леніна, якая плаўна пераходзіць у вул.8 Сакавіка, камунальнікі худа-бедна глядзяць, а далей — пратаптаная ў глыбокім снезе пакручастая сцяжынка, на якой двум чалавекам не размінуцца. Вось і рухаюцца людзі па праезнай частцы ачышчанай дарогі ці, у лепшым выпадку, па яе абочыне. А гэта — небяспечна. Чакаем, калі гром грымне?
Зараз на вуліцах можна зрэдку ўбачыць ачышчальныя машыны, хаця ў такія перыяды зацішша яны павінны працаваць таксама ва ўзмоцненым рэжыме. Здаецца, лёгка праехаць і прайсці. Але такую выснову можна зрабіць толькі старонняму назіральніку. На самай справе, далёка не так. Мала дзе ачышчаны ад снегу пешаходныя пераходы, якія больш нагадваюць лясныя сцяжынкі. Гэта тычыцца не толькі невялікіх вуліц, але і цэнтральных — Кастрычніцкай, Будаўнічай, Чырвонаармейскай. На ачыстку пераходаў нават дзяржаўтаінспекцыя выдавала прадпісанні. А па многіх тратуарах складана ісці з-за галалёду. Магчыма, таму ў вячэрні час павялічваецца пасажырапаток на гарадскіх аўтобусных маршрутах, бо на коўзкай дарозе можна ногі пераламаць ды галаву пабіць.
Дзеля справядлівасці варта адзначыць і тое, што не ўсе арганізацыі могуць пахваліцца павагай да сваіх кліентаў. Са скаргай да нас звярнуліся жыхары горада, якія абураліся гурбамі і галалёдам каля банкамата на вул.Кастрычніцкай. А дзе яшчэ вы бачылі чысценькую тратуарную плітку пры падыходзе да магазіна, аўтобуснага прыпынку, школы і г.д., неабледзянелыя прыступкі ганкаў? А гэта ж тэрыторыі, за парадак на якіх адказваюць пэўныя службовыя асобы — кіраўнікі прадпрыемстваў, устаноў, арганізацый… Навошта змагацца са снегам: снег ёсць снег, ён і сам растане?
Аднак снегапад — яшчэ не самая страшная бяда ў параўнанні з тымі, якія пачнуцца, калі на вуліцы пацяплее. У іншых гарадах краіны, напрыклад, у Нясвіжы, які ўдвая менш за Пружаны, давялося бачыць, як працуе тэхніка па ўборцы снегу, што потым вывозіцца за межы горада. У нас жа ён пакуль ляжыць на вуліцах і чакае адлігі. І калі вясна прыйдзе таксама «нечакана»? Тады ў аўральным рэжыме давядзецца працаваць ліўневай сістэме горада. А яна справіцца?
Алег Сідарэнка.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *