Вторник, 29 сентября 2020

У Пружан есть шанс стать «Городом, дружественным детям», но пока среди 15 оцененных городов мы — в серединке

2 334

Каля тысячы гарадоў па ўсім свеце далучыліся да ініцыятывы «Горад, сяброўскі дзецям», мэтай якой стала стварэнне спрыяльных умоў для пражывання дзяцей у сучасным горадзе. І беларускія гарады на іх фоне з’яўляюцца добрым прыкладам.

У жніўні 2009 года першыя крокі ў накірунку праекта былі зроблены і ў Пружанах: у нас быў створаны міжведамасны каардынацыйны савет па рэалізацыі праекта, у які ўвайшлі прадстаўнікі розных галін дзейнасці — адукацыі, культуры, аховы здароўя, спорту, сацыяльнай абароны і занятасці, камунальныя службы… Для падрыхтоўкі пакета дакументаў на прысваенне гораду ганаровага звання «Горад, сяброўскі дзецям» была створана рабочая група. Ацаніць, як за чатыры гады Пружаны падрыхтаваліся да такой маштабнай ініцыятывы павінны былі спецыяльныя эксперты.

Глядзі ў корань і дзейнічай!

Наколькі добра жывецца дзецям у Пружанах, сведчыць спецыяльны індэкс, які вызначаецца па сямі параметрах: удзел дзяцей у грамадскім жыцці і прыняцці рашэнняў, жылое асяроддзе, бяспека дзяцей у горадзе, ахова здароўя і здаровы лад жыцця, адукацыя і развіццё, вольны час і культура, дапамога ў цяжкай жыццёвай сітуацыі. Кожны параметр ацэньваўся па індыкатарах двух тыпаў: аб’ектыўным і суб’-ектыўным. Крыніцай інфармацыі для разліку аб’ектыўных сталі даныя, якія ўтрымліваюцца ў ведамаснай і статыстычнай справаздачнасці аддзелаў райвыканкама, адказваючых за адпаведную сацыяльную галіну. Для разліку суб’ектыўных індыкатараў праводзіліся апытанні сярод дзяцей і дарослых. У малой зале райвыканкама і была абмеркавана справаздача, якая адлюстроўвала вынікі шматгадовай працы па рэалізацыі ініцыятывы.

Адметна, што падчас даклада завастралася ўвага не толькі на тых станоўчых момантах, якія дарослым і дзецям агульнымі намаганнямі ўдалося дасягнуць, але і на пытаннях, якія яшчэ патрабуюць дапрацоўкі. Старшыня Пружанскага райвыканкама М.М.Серкоў прапанаваў не адкладваць вырашэнне падобных пытанняў — не ўтойваць перад камісіяй, а абмяркоўваць іх адразу і пры гэтым шукаць карані праблемы. Забягаючы наперад скажу: як аказалася, некаторыя з іх не маюць пад сабой глебы. Так, напрыклад, апытанне паказала, што дзятва не зусім задаволена доляй свайго ўдзелу ў жыцці горада. Але глыбей уніклі ў праблему — і высветлілі, што чыноўнікі якраз-такі гатовыя выслухоўваць і прымаць да ўвагі прапановы падлеткаў, але самі падлеткі нярэдка бяздзейнічаюць.

— Відавочна, не кожны з вас разумее сэнс нашага супрацоўніцтва, — звярнуўся да прадстаўнікоў гарадскога парламента старшакласнікаў Міхаіл Мікалаевіч. — Таму праблема не ў адсутнасці фінансавання на рэалізацыю вашых ідэй: пры жаданні можна знайсці спонсараў. Я гатовы правесці сустрэчы з саветамі гарадскіх школ. Але ці гатовы да гэтага вы?

Склалася ўражанне, не зусім. А вось кіраўнік раёна, здаецца, рашуча настроены ўцягваць падрастаючае пакаленне ў жыццё горада, і ў яго на гэты конт ужо ёсць нямала ідэй. Адна з іх, напрыклад, удзел самых актыўных школьнікаў у сесіях раённага Савета дэпутатаў і больш таго — выхад іх на трыбуну.

— Увогуле, забудзьцеся пра планы: займіцеся рэальнымі справамі, — заклікаў М.М.Серкоў. — Таму што некаторыя нават элементарныя сумесныя задумкі, выкананне якіх дарослыя даручылі вам, так і не былі ажыццёўлены.

Дырэктар Палаца культуры А.В.Кавалевіч, якая вырашыла выказаць свой пункт гледжання на гэты конт, пераканана: прычына таму — пасіўнасць сучаснай моладзі. У пацвярджэнне свайго меркавання Аксана Вячаславаўна расказала пра ініцыятыву правесці фестываль графіці. У выніку заяўку на ўдзел падаў… адзін чалавек. І гэта пры тым, што дзеці самі выступілі ініцыятарамі праекта. Увогуле кажучы, кіраўнік раёна падтрымаў ідэю графіці, больш таго, на яго думку, такім чынам можна расфарбаваць у яркія колеры наш горад, асобныя будынкі якога выглядаюць не прывабна. А вось у меркаванні, як дабіцца таго, каб у падлеткаў з’явілася непадробная зацікаўленасць, дарослая частка прысутных на пасяджэнні аднадушна згадзілася: неабходны дастойны прызавы фонд. З адказам на пытанне, чаму ў выхадныя падлеткі аддаюць перавагу бадзянню па вуліцах, а не дыскатэцы, дарослым не давялося гадаць — прагучала бясхітраснае: «На дыскатэках нецікава — дзяжураць настаўнікі»…

Усё для іх, дзяцей…

Затое не без удзелу падлеткаў летась з’явілася ў гарадскім парку зона адпачынку, а праграма «Безба-р’ернае асяроддзе» выклікала актыўнае абмеркаванне: па дзесяцібальнай шкале адзнака па параметры «доля дамоў, абсталяваных для безбар’ернага доступу дзіцячых і інвалідных калясак» не дасягнула і двух балаў. З чым дарослыя згадзіліся і паабяцалі ўзяць гэтае пытанне на асаблівы кантроль.

Што тычыцца правядзення вольнага часу ў нашым горадзе, варта адзначыць: тымі магчымасцямі, якія сёння ёсць у школьнікаў, яны не зусім задаволены. Шчыра кажучы, гэтая незадаволенасць часткова апраўданая, нягледзячы на існаванне Лядовага і Воднага палацаў: у горадзе няма парку атракцыёнаў, сучаснага дзіцячага кафэ, недастаткова месцаў для прагулак і здаровага адпачынку, месцаў, якія маглі б стаць «ізюмінкай» горада… Праўда, ёсць ідэі на гэты конт: сумесна з актывістамі гарадскога парламента старшакласнікаў уладамі была распрацавана канцэпцыя «Масты і мосцікі».

— Не праз кожны горад працякае рэчка. Нам у гэтым плане пашанцавала, і ёсць нямала мосцікаў, якія на сённяшні дзень усё больш прыходзяць у непрыдатны і непрывабны стан. Мы вырашылі, што неабходна паступова мяняць іх на новыя і кожнаму даваць назву, — патлумачыў ідэю Міхаіл Мікалаевіч. — Гэта і стане адной з асаблівасцей нашага горада.

Увогуле, падчас пасяджэння былі агучаны і іншыя планы, якія ў будучым увасобяцца ў жыццё: будаўніцтва кафэ ў скверы за райвыканкамам, пераабсталяванне аднаго з памяшканняў былога будынка «Водаканала» пад кропку грамадскага харчавання, адкрыццё новай установы ў памяшканні былога «Рандэву»…

Асобна была абмеркавана тэма аховы здароўя і здаровага ладу жыцця, і найбольш актуальная з іх — барацьба з курэннем і алкагалізмам. У гэтым выпадку больш гаварылі дарослыя, якія перакананы, што на сённяшні дзень адных толькі прафілактычных гутарак недастаткова — неабходны кардынальныя меры.

— Цыгарэты неабходна прыбраць з касы ў кожным магазіне, каб не рабіць наглядную рэкламу вытворцам і не выклікаць яшчэ большую спакусу ў падлеткаў. Што тычыцца алкагольнай прадукцыі, не ставіцца задача абсалютнай забароны спіртнога, але абмежаваць яго продаж неабходна. Напрыклад, пакінуць у горадзе толькі пяць магазінаў, на паліцах якіх можна знайсці алкагольную прадукцыю, — падзяліўся сваімі думкамі Міхаіл Мікалаевіч.

Гаворка вялася і пра сучасныя спосабы навучання: у планах перавод адной са школьных устаноў горада на інтэрактыўнае навучанне.

Паміж дарослымі і падлеткамі атрымалася шчырая размова.

І што ў выніку?

Атрыманымі пасля пачутага ўражаннямі напрыканцы пасяджэння падзяліліся госці.

Трэнер-кансультант міжнароднага асветніцкага аб‘яднання «Акт» Валерый Раманавіч Журакоўскі адзначыў, што сэнс у такіх пасяджэннях зусім не ў тым, каб знайсці недахопы, якія не дазволяць атрымаць ганаровае званне, а ў аналізаванні сітуацыі і змяненні яе ў лепшы бок.

— Ужо ацэнены 15 гарадоў, і Пружаны — у сярэдзінцы, — даў сваю адзнаку В.Р.Журакоўскі.

Метадыст Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі І.У.Александровіч згодна з ім. Больш таго, яна лічыць, што Пружаны маюць усе шанцы, каб атрымаць званне. А вось падлеткам параіла не абмяжоўвацца толькі сваім вузкім колам аднадумцаў, а прыцягваць да дзейнасці гарадскога парламента і сваіх аднакласнікаў.

Нечакана для сябе і госці атрымалі порцыю крытыкі: была выказана заўвага, што інструментарый для адзнакі многіх параметраў складзены не зусім карэктна. Над некаторымі канкрэтнымі падпунктамі важныя госці паабяцалі папрацаваць, прызнаўшы гэты недахоп слушным.

Цяпер рыхтуецца заяўка на прысваенне звання «Горад, сяброўскі дзецям» у Каардынацыйны савет пры Нацыянальнай камісіі па правах дзіцяці. Хочацца верыць, што наш горад атрымае гэтае ганаровае званне, а выяўленыя недахопы будуць ліквідаваны, каб Пружаны сапраўды сталі самым лепшым горадам для дзяцей.

Марына Вакульская.

Один комментарий

  • newsmen

    І дзе ж тая «зона адпачынку»? Верагодна, яна такая маленькая, што адразу незаўважыш?! )))

    Рейтинг комментария:Vote +10Vote -10

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *