Прайшлі паўторныя матчы 1/4 фіналу розыгрыша Кубка Рэспублікі Беларусь па футболе сярод аматарскіх каманд. ФК «Ружаны» гуляў у Пружанах з «Тэхнолагам» з Магілёва. Нагадаем, што ў Магілёве наша каманда ўпэўнена перамагла з лікам 4:0.
У справаздачнай сустрэчы больш актыўна пачалі госці, якія забілі хуткі гол. ФК «Ружаны» правёў некалькі небяспечных атак, але мяч упарта не ішоў у вароты «Тэхнолага». Двойчы ў першым тайме гасцей выратоўвала штанга. Праўда, і футбалісты з Магілёва проста абавязаны былі падвойваць лік, але іх ігрок не трапіў мячом у пустыя вароты.
У другой палове сустрэчы ўсё стала на свае месцы. Літаральна на першых мінутах пасля перапынку Уладзімір Шаўчук аднавіў раўнавагу ў ліку — 1:1.
Прыкладна ў сярэдзіне другога тайма прыгожы гол на свой рахунак запісаў Аляксей Сергіюк, які моцным ударам накіраваў мяч у верхні вугал варот саперніка. Пераможную кропку ў гульні паставіў Дзмітрый Мілеўскі, рэалізаваўшы пенальці. Пераканаўчая перамога ФК «Ружаны» з лікам 3:1 і выхад у паўфінал.
У паўфінале сапернікам ФК «Ружаны» будзе каманда «АЛФ-2007» (Мінск). Першы матч адбудзецца ў гэтую пятніцу ў сталіцы.
Мікола Архуцік, фота Генадзя Казлоўскага.