Воскресенье, 20 сентября 2020

«Пружанские киты» обыграли столинскую команду со счетом 8:2

1 447

Пачаўся другі чэмпіянат па хакеі сярод каманд Заходняй аматарскай хакейнай лігі. На старт выйшла дзевяць каманд, сярод якіх два навічкі: ХК «Кобрын» і ХК «Баранавічы».

У сваім першым матчы чэмпіёны мінулага сезона «Пружанскія кіты» прымалі ў нядзелю ў Лядовым палацы каманду «Гарынь» са Століна.

Сустрэчы папярэднічала ўрачыстае адкрыццё сезона. На бачным месцы быў выстаўлены кубак, які наша каманда заваявала ў нялёгкай барацьбе па выніках першага турніру. Са словамі прывітання да гледачоў і хакеістаў звярнуўся старшыня райвыканкама М.М.Серкоў.

На лёд выйшлі хакеісты — і пачалася барацьба. Першы перыяд прайшоў з адчувальнай перавагай нашай каманды, што і знайшло сваё адлюстраванне на табло — 3:0.

А вось у другім перыядзе госці перахапілі ініцыятыву. Шайба двойчы пабывала ў варотах гаспадароў. На апошні перапынак каманды адпраўляліся пры ліку 3:2 на карысць «кітоў».

У апошнім адрэзку гульні гаспадары дамінавалі на пляцоўцы. Было бачна, што хакеісты са Століна стаміліся фізічна, бо гулялі толькі дзвюма пяцёркамі. Вельмі важную шайбу ў вароты саперніка закінуў наш капітан Сяргей Старавойтаў, пасля чаго лік стаў 4:2.

Балельшчыкі ўбачылі яшчэ чатыры закінутыя шайбы. Праўда ўляталі яны толькі ў вароты «Гарыні». «Пружанскія кіты» святкавалі перамогу з лікам 8:2.

Хочацца адзначыць, што гульня прайшла ў карэктнай барацьбе. За ўвесь час было толькі адно выдаленне ў трэцім перыядзе.

Нельга не звярнуць увагі і яшчэ на адну акалічнасць. Хочацца, каб на дамашніх матчах нашай каманды было ўсё ж больш балельшчыкаў. Паверце, ваша падтрымка вельмі патрэбна хакеістам!

А вось як правялі свае першыя гульні іншыя каманды: «Кобрын» — «Баранавічы» — 4:5 (бул.); «Лунінец» — «Івацэвічы» —6:3; «Бяроза» — «Пінск» — 5:1.

Мікола Архуцік.

Фота са старонкі каманды ў сацыяльнай сетцы http://vk.com/club48905468

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *