Суббота, 20 апреля 2024

На агроусадьбе «Жаденский дворик» отпраздновали День пожилых людей

1 703

Агратурыстычны бізнэс Беларусі разлічаны ў першую чаргу на гасцей замежных, у другую – на жыхароў буйных гарадоў. Адным словам тых, каго можа зацікавіць жыццё ў беларускай глыбінцы.  Менавіта на такіх турыстаў разлічана рэклама, пад іх патрэбы перабудоўваюць свае сядзібы гаспадары агратурыстычных аб’ектаў.

Ніна Аляксандраўна Рамановіч і Алена Міхайлаўна Ляўчук запрашаюць да сябе турыстаў ужо не першы год, а сёлета вырашылі аб’яднаць свае намаганні. Галоўнай праблемай, з-за якой марудзіцца працэс развіцця агратурызму, жанчыны лічаць недахоп ведаў у гэтай сферы, таму дапамагаюць адна адной парадамі. Пакуль сядзіба Алены Міхайлаўны ў Пружанах дабудоўваецца і добраўпарадкоўваецца, асноўныя дзеянні разгортваюцца ў “Жадзенскім дворыку” Ніны Аляксандраўны.

Аднойчы суседка Ніны Аляксандраўны ці то жартам, ці то ў сур’ёз сказала: “Каб ты, Ніна, у вёску якога артыста прывезла, я і паўзком  бы да цябе дабралася”. Словы сталай жанчыны запалі ў душу, і было вырашана абавязкова здейсніць гэтую яе мару.

1 кастрычніка гаспадыні сядзіб запрасілі ў “Жа-дзенскі дворык” усіх пажылых жыхароў Жадзен, дзе іх ужо чакалі артысты Аранчыцкага Дома фальклору. Ансамблі “Бабіна лета” і “Спатканне” больш чым гадзіну спявалі для бабулек на свежым паветры. Жадзянчанкі не стрымлівалі слёз радасці, успаміналі маладосць і з задавальненнем падпявалі артысткам.

Ні адна з жанчын не змагла ўзгадаць, калі ў Жадзенах наладжвалася такое свята. Параслянскі клуб зачынены, сваёй самадзейнасці ў вёсцы няма. Дырэктар Дома фальклору Яўгенія Віктараўна Васілюк па-абяцала сваім нешматлікім у гэты дзень гледачам, што абавязкова зноў прывязе ў Жадзены артыстаў. Але пры ўмове, што бабулі падзеляцца сваімі мясцовымі песнямі.

Сюрпрызы для вясковак на гэтым не скончыліся: пасля канцэрта  ўсе размясціліся ў прасторнай альтанцы, дзе ўжо быў накрыты стол. Госці і артысты частаваліся гарачымі бутэрбродамі, піражкамі дамашняй выпечкі  і гарачым чаем, настоеным на травах. Думаецца, Яўгенія Віктараўна запісала не адну песню, якую расчуленыя бабулі пачалі спяваць у знак удзячнасці.   А дзякавалі яны за свята, за пачастункі і за тое, што ўспомнілі маладосць і родную мову.

Так, развіццё агратурыстычнай галіны ў раёне пакуль жадае быць лепшым, але як цудоўна, што, замахнуўшыся на замежных гасцей, Ніна Аляксандраўна Рамановіч і Алена Міхайлаўна Ляўчук не забываюцца пра тых, хто побач.

Кацярына Пашкевіч, Аляксандр Мелеш (фота).

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *