Пятница, 30 октября 2020

Спецпроект «Рб»: Этот день мы приближали, как могли

1 479

Дасылайце фотаздымкі і пісьмы на адрас: г.Пружаны, вул.Чырвонаармейская, 78, рэдакцыя газеты «Раённыя будні».  Можна скарыстацца і электроннай поштай: RRBud2@brest.by.
Больш падрабязную інфармацыю наконт праекта можна атрымаць у Ганны Хадаровіч па тэл. 9-15-02.

СЯРГЕЙ ВОСІПАВІЧ КАЎГАНКА (1926-2007 Г.), В.ВЯЛІКІЯ ЯКАВІЧЫ

Я хачу расказаць пра свайго хроснага Сяргея Восіпавіча Каўганку з вёскі Вялікія Якавічы. Сам лёс наканаваў яму быць абаронцам Айчыны: нарадзіўся Сяргей Восіпавіч 23 лютага.

У рады Савецкай Арміі ён быў прызваны ў ліпені 1944-га, пасля вызвалення раёна ад фашысцкай акупацыі. Пасля двухмесячных курсаў атрымаў накіраванне ў 1322 стралковы полк 413-ай дывізіі, якая ўваходзіла ў склад 65-ай арміі генерала Батава — арміі, вызваляўшай і Пружаншчыну.

Экспанаты ў зале баявой славы краязнаўчага музея Пружанскага аграрна-тэхнічнага каледжа дакладна расказваюць пра баявы шлях гэтай стралковай дывізіі. Хросны сябраваў са стваральнікам музея М.А. Шульманам і не раз бываў у музейных пакоях. Як сам заўсёды прызнаваўся, «быццам зноў ішоў па полі бою…»

Першае баявое хрышчэнне Сяргей Восіпавіч атрымаў на Нараўскім плацдарме. 15 студзеня 1945 года ў баях за вызваленне Варшавы быў паранены. Два месяцы знаходзіўся ў шпіталі. А потым — зноў у бой: на штурм Гданьска, фарсіраванне Одэра ў раёне Шчэціна. Авалодаўшы Шчэцінам, дывізія выйшла да Балтыйскага мора і ў раёне горада Расток стала ў абарону. Там салдат Каўганка і святкаваў Дзень Перамогі. Сяргей Восіпавіч быў адзначаны сямю баявымі ўзнагародамі. У тым ліку і самым для яго дарагім медалём «За адвагу».
Усе гэтыя падрабязнасці з біяграфіі хроснага мне добра вядомы, дзякуючы нашай актыўнай перапісцы. З 1953 года Сяргей Восіпавіч жыў у Маскве. Працаваў на будоўлі, закончыў архітэктурны інстытут. Многія маскоўскія будынкі пазначаны працоўным почыркам яго нястомных рук.

Але і родную Пружаншчыну хросны ніколі не забываў: кожны свой водпуск праводзіў на радзіме. Я, як магла, старалася трымаць яго ў курсе ўсіх спраў. Пасылала пісьмы, у якіх падрабязна расказвала пра змяненні ў нашым горадзе і раёне. Заўсёды падмацоўвала свае аповеды выразкамі артыкулаў і фотаздымкаў з раённай газеты.

Хросны вёў актыўную выхаваўчую работу сярод моладзі: часта выступаў у розных маскоўскіх школах. Аднойчы ў час наведвання радзімы мой сын Віталь запрасіў яго на класную гадзіну ў СШ №1. А потым напісаў пра свайго дзядзьку сачыненне.

Памёр Сяргей Восіпавіч 15 лістапада 2007 года — на 81-ым годзе жыцця. Ён ведаў цану міру і шмат зрабіў для таго, каб наблізіць Вялікую Перамогу.
Галіна ЗАВІЖЭНЕЦ. г.Пружаны.
Фота з сямейнага архіву.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *