Пятница, 21 сентября 2018

15 сентября — День библиотек: у Пружанской центральной библиотеки есть свой сайт и нет проблем с фондами

3 625

Хоць у грамадстве і існуе думка, што цяпер людзі менш чытаюць, а з цягам часу наогул пакінуць папяровыя кнігі і пяройдуць у пошуках інфармацыі ў інтэрнет, дырэктар цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы Пружанскага раёна Н.К. Супруновіч глядзіць у будучыню з аптымізмам. Аб перспектывах і праблемах бібліятэчнай справы наша гутарка напярэдадні Дня бібліятэк.

— Наталля Канстанцінаўна, што сёння ўяўляе сабой бібліятэчная сістэма раёна?

— На пачатку года ў раёне было 40 нашых бібліятэк. Але дзве сталі інтэгрыраванымі: Бакунская бібліятэка аб’яднана са школьнай і перайшла на баланс аддзела адукацыі, спорту і турызму, Крыніцкая бібліятэка таксама аб’яднана з бібліятэкай Белалясоцкай школы, але засталася нашай. Да 1 кастрычніка  будзе зачынена бібліятэка ў Параслянах, але тутэйшыя чытачы маюць магчымасць наведваць выдатную бібліятэку ў Новых Засімавічах. На такія рашэнні значна паўплывала пагаршэнне дэмаграфічнай сітуацыі. Але прыемных падзей у гэтым годзе намнога больш.

— Раскажыце, калі ласка, пра іх падрабязней.

— Вельмі радуе работа гарадскога філіяла №5, які знаходзіцца ў мікрараёне Паўночны. Філіял перавыканаў ужо ўсе гадавыя планы: і па колькасці выдадзеных на рукі кніг, і па колькасці чытачоў. Мікрараён расце, і ў бібліятэцы ўсё больш і больш наведвальнікаў, асабліва, што прыемна, – моладзі і дзяцей. Змяншэнне колькасці маладых чытачоў наша, бадай, галоўная праблема.

Зараз мы актыўна супрацоўнічаем з выдавецтвам Беларускага Экзархата, пастаянна папаўняем фонды праваслаўнай літаратурай, што значна пашырыла колы нашых чытачоў. Духоўнай літаратурай найбольш цікавяцца жанчыны сталага ўзросту, як яны сябе самі назваюць, “бабулі ў хустачках”.

Амаль 600 чалавек атрымалі магчымасць чытаць сучасную літаратуру з набыццём бібліятэкі на колах — спецыяльнага аўтобуса. Вопытны бібліятэкар М.Я. Заікіна выдатна наладзіла яе работу.

— Наталля Канстанцінаўна, магчыма, не ўсе чытачы ведаюць, як ладзіцца работа бібліятэкі на колах.

— Мы распрацавалі 12 маршрутаў, якія ў першую чаргу ахопліваюць аддаленыя і маланаселеныя вёскі (усяго 45). Па кожным маршруце двойчы на тыдзень выязджае наш аўтамабіль разам з бібліятэкарам. Фонд налічвае каля 500 выданняў, але бібліятэкар прымае і індывідуальныя заказы, і заўсёды знаходзіць патрэбную кнігу. Напярэдадні паездак Марыя Якімаўна тэлефануе старастам вёсак і актыўным чытачам. І вось што адметна: амаль пасля кожнай паездкі з’яўляюцца новыя чытачы.

— Ведаю, што на працягу многіх гадоў у бібліятэк былі праблемы з напаўненнем фондаў.

— Да шчасця, сёння такой праблемы няма. Згодна з Указам Прэзідэнта, 15% сродкаў, якія выдзяляюцца на бібліятэчную справу раёна, павінны ісці на папаўненне фондаў. Сёлета нам такім чынам у раённым бюджэце прадугледжана звыш 800 мільёнаў рублёў, 500 млн з якіх ужо асвоена. Мы самі можам выбіраць неабходную літаратуру. Але ёсць адна акалічнасць: мы працуем толькі з беларускімі выдавецтвамі. Зразумела, што яны выдаюць творы беларускіх і, радзей, расійскіх аўтараў, таму камерцыйныя фонды папаўняюцца не так добра, як нам бы хацелася.

— Ці працуе Пружанская бібліятэка з новымі формамі кніг?

— Сёлета набылі 92 адзінкі электронных выданняў, маем у фондах аўдыёкнігі. І калі апошнія карыстаюцца вялікай папулярнасцю сярод тых, хто дрэнна бачыць, то электронныя кнігі, якія былі разлічаны на моладзь, пакуль не вельмі папулярны. Хаця і нельга сказаць, што імі зусім не карыстаюцца.

— Ці дапамагаюць існаванню бібліятэчнай сістэмы платныя паслугі?

— Мы выконваем план па платных паслугах. Іх 22 віды, найбольш запатрабаваныя – ксеракопія, сканіраванне, набор і раздрукоўка, выдача кніг з чытальнай залы, карыстанне камерцыйным фондам, пракат дыскаў з фільмамі. Заробленыя грошы трацім на патрэбы бібліятэкі, пакупку расходных матэрыялаў.

— А як справы з кадрамі?

— Я вельмі задаволена калектывам, з якім працую. Гэта высокаінтэлектуальныя, адукаваныя, творчыя людзі, якія працуюць, на жаль, амаль на голым энтузіязме. Заробкі ў нашай сферы пакідаюць жадаць лепшага. З гэтай жа прычыны існуюць недаборы на факультэты бібліятэчнай справы, усё менш маладых спецыялістаў жадаюць працаваць у нас. Напрыклад, з чэрвеня не працуе бібліятэка ў Белавусаўшчыне: няма жадаючых стаць вясковым бібліятэкарам.

Можна сказаць, што бібліятэчная справа раёна трымаецца на людзях сталага пакалення. Ёсць і маладыя энтузіясты, і не толькі бібліятэкары. Наш інжынер-праграміст Дзмітрый Бондар сам зрабіў сайт. Сайт bibl.by працуе толькі з гэтага года, і нам даводзіцца яшчэ многаму вучыцца, тым не менш, чытачы, не выходзячы з дома, могуць даведацца пра нашы мерапрыемствы, новыя паступленні і атрымаць іншую карысную інфармацыю.

— Наталля Канстанцінаўна, як бібліятэкары будуць адзначаць сваё прафесійнае свята?

— Большасць — на сваіх працоўных месцах. Нядзеля ў нас – рабочы  дзень, мы ўпрыгожым памяшканне, каб стварыць і сабе, і наведвальнікам святочны настрой. Усім работнікам бібліятэк раёна, ветэранам бібліятэчнай справы, калегам са школ і каледжа

шчыра жадаю аптымізму, творчага натхнення, здзяйснення ўсіх планаў і праектаў, асабістага шчасця, здароўя, дабрабыту.

Гутарыла Кацярына Пашкевіч.

Фота Аляксандра Мелеша.

На здымках: Больш за ўсё наведвальнікі кантактуюць з бібліятэкарамі аддзела абслугоўвання і інфармацыітак званага «абанементу». І задавальненне ад гэтых зносін, думаем, атрым-ліваюць усе аматары кніг. Нават у выхадныя дні, калі ў бібліятэцы шматлюдна, заўсёды параяць, што выбраць, дапамогуць разабрацца ў навінках. І абавязкова на развітанне пачуеш: «Прыходзьце да нас яшчэ» (злева направа): малады спецыяліст Вікторыя Каско, загадчыца аддзела Антаніна Ярмушчык, бібліятэкар Тамара Лазарук.Звыш 50% бібліятэк раёна камп’ютарызаваны.

Абслугоўваннем тэхнікі займаецца інжынер-праграміст Дзмітрый Бондар (на здымку), ён жа сочыць, каб сістэма не выходзіла са строю. Да таго Дзмітрый  сам стварыў сайт і займаецца яго напаўненнем.

Один комментарий

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *