Пятница, 25 мая 2018

Александр Солодуха приглашает пружанцев на свой концерт

3 275

25 верасня ў Палацы   культуры адбудзецца выступленне зоркі беларускай эстрады Аляксандра Саладухі. На гэты раз Аляксандр Антонавіч  вязе ў Пружаны двухгадзіннае шоу ў падтрымку свайго новага альбома “Берагі”.

Гастрольны тур пачаўся ў сталіцы, пасля канцэрты з аншлагам прайшлі ва ўсіх абласных цэнтрах, а зараз дайшла чарга да невялікіх гарадоў. Дарэчы, па выніках 2012 года гастрольны тур «Берагі» прызнаны лепшым турам у Беларусі і адзначаны Нацыянальнай музычнай прэміяй.

Напярэдадні канцэрта Аляксандр Саладуха вырашыў асабіста расказаць пра шоу і пра тое, што чакае пружанскага гледача 25 верасня.

— Плануецца двухга-дзіннае шоу. У першым яго аддзяленні адбудзецца прэзентацыя новага дыска пад назвай «Берагі». Дыск выйшаў у Маскве, у яго ўвайшлі  10 новых песень. Дзевяць з іх напісаў мой блізкі сябар, папулярны беларускі кампазітар Алег Елісеенкаў, а дзясятую мне падарыў расійскі аўтар-выканаўца Стас Міхайлаў.  З ім у меня таксама склаліся цёплыя адносіны. У перапынку на сцэне будуць выступаць мае сыны-двайняты Аляксандр і Антон — яны складаюць гурт  «Элемент».

А ў другім аддзяленні шоу прагучаць «залатыя» хіты, запісаныя за 26 гадоў працы на прафесійнай сцэне, і прэм’ерныя песні, якія ўвойдуць у мой новы альбом «Не заставляйте женщин долго ждать», выхад якога запланаваны на наступны год.

— Аляксандр Антонавіч, Вы неаднаразова выступалі ў нашым горадзе. Чым плануеце здзівіць на гэты раз?

— Так, я не раз выступаў на пружанскай сцэне. Мне вельмі падабаецца ваша зала, прыемна, калі ведаеш, што тваім слухачам утульна.  Але я наогул не выступаў у маленькіх гарадах ужо 4-5 гадоў.

На гэты раз, па-першае, усе песні будуць суправаджацца шыкоўным відэарадам.  Над стварэннем шоу працуе каманда з 15 чалавек, усе прафесіяналы сваёй справы. Аранжыроўшчык, які працаваў над  альбомам, супрацоўнічае са Стасам Міхайлавым, Таісіяй Павалій, Аляксандрам Буйновым і іншымі знакамітасцямі.

Шчыра кажу, што я больш за ўсё люблю выступаць перад правінцыйнай публікай: у глыбінцы народ больш шчыры і адкрыты, але ён і мацней адчувае фальш, калі такі ёсць.

— А ці праўда, што Ваш альбом выйшаў у знакавы дзень — 11.11.11 (11 лістапада 2011 года)?

— Так, і я веру ў магію лічбаў. Я нават даведаўся пра гэта ў 11.11 гадзін. А ў альбоме 11 песень!

— Што Вы можаце пажадаць пружанскім аматарам Вашай творчасці?

— Я буду рады бачыць усіх на маім канцэрце. Прыходзьце — не пашкадуеце, пачуеце мора прыгожых песень, атрымаеце масу пазітыўных эмоцый. А пажадаць хачу шчасця, удачы, кахання. Рухайцеся толькі наперад і ўверх, усміхайцеся і ніколі не здавайцеся!

Пасля канцэрта я з задавальненнем раздам усім жадаючым аўтографы, падпішу дыскі, якія можна будзе набыць прама ў Палацы культуры.

Гутарыла Кацярына Пашкевіч.

4 комментариев

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *