Вторник, 29 сентября 2020

Что нужно туристу на Пружанщине?

1 096

На чарговым пасяджэнні райвыканкама разгледжаны шэраг пытанняў, звязаных з сацыяльна-эканамічным развіццём рэгіёна. У прыватнасці,  было прааналізавана выканананне раённай праграмы па развіцці турызму на 2011-2015 гады.

Было адзначана, што пэўныя зрухі ў гэтым накірунку ў раёне відавочныя. Намеснік міністра спорту і турызму Рэспублікі Беларусь Ч.К. Шульга, які прысутнічаў на пасяджэнні, нават зазначыў, што Пружанскі раён па некаторых пазіцыях  можна ставіць у прыклад іншым. Зрэшты, найбольш яскрава пра гэта сведчаць лічбы: за 6 месяцаў сёлетняга года аказана турыстычных паслуг на суму, эквівалентную 876,2 тысячы долараў ЗША, што амаль у 90 разоў вышэй, чым у папярэднім годзе.

Гэтаму садзейнічала сапраўды мэтанакіраваная работа. Напрыклад, у 2012 годзе наш раён прыняў удзел у ажыццяўленні праекта Агенцтва ЗША па міжнародным развіцці (USAID) “Мясцовае прадпрымальніцтва і эканамічнае развіццё”, накіраванага на развіццё аграэкатурызму ў Брэсцкай і Гродзенскай абласцях. Суб’екты аграэкатурызму атрымліваюць прафесійную падтрымку ў распрацоўцы стратэгій развіцця экалагічна ўстой-лівага турызму, вядзенні турыстычнага бізнэсу, прасоўвання турыстычных паслуг на рынку. Важнай складаючай часткай праекта з’яўляецца ўдзел прадстаўнікоў малога і сярэдняга бізнэсу ў павучальных паездках не толькі па нашай рэспубліцы, але і за мяжу.

“Раскрутка” магчымасцей такіх сацыяльных аб’ектаў, як Водны і Лядовы палацы ў Пружанах, рэабілітацыйна-аздараўленчы комплекс з рускай і турэцкай лазнямі, фінскай саўнай і падводнымі масажорамі ў санаторыі “Ружанскі”, агратурыстычны комплекс “Белавеж-тур” з конефермай у Клятным,  грамадска-культурны комплекс “Мікалаеўскі” ў в.Мокрае, значна паўплывала на прыток жадаючых скарыстацца іх паслугамі. Штогод у Пружанах праходзяць міжнародныя турніры па хакеі з удзелам замежных каманд,  папулярнасць набывае і абласное свята “Ружанская брама”, якому, дарэчы, мяркуецца надаць статус рэспубліканскага.

Аднак  у ходзе абмеркавання пытання на пася-джэнні райвыканкама было адзначана, што нявыкарыстаных магчымасцей па аказанні турыстычных паслуг у раёне вельмі шмат.

Варта, напрыклад,  хутчэй закончыць будаўніцтва гасцініцы на 114 месц у Пружанах, увесці ў эксплуатацыю другую чаргу грамадска-культурнага комплексу “Мікалаеўскі”, актывізаваць работу па пошуках інвестараў на 10 зямельных участкаў пад будаўніцтва аб’ектаў прыдарожнага сэрвісу на аўтадарожным абыходзе ўздоўж Белавежскай пушчы. На жаль, як зазначыў старшыня райвыканкама М.М.Серкоў, у нас вельмі мала друкаванай прадукцыі — фотаальбомаў, буклетаў, паштовак, якія б расказвалі пра наш край, патрэбна выдаць карту гістарычных аб’ектаў.  Даволі вялікія магчымасці для прыцягнення турыстаў маюць вёскі Каштанаўка і Лыскава: у апошняй, напрыклад, можа выклікаць цікавасць старажытны касцёл, побач з якім знаходзіцца магіла пачынальніка сентыменталізму ў польскай літаратуры пісьменніка Ф.Карпінскага, праваслаўныя могілкі з пахаваннямі славутых людзей, а таксама старыя яўрэйскія могілкі. А хто, напрыклад, ведае пра ядлоўцавую даліну за вёскай Чабахі? А, між іншым, як заўважыў старшыня райвыканкама, турыстычны маршрут сюды карыстаўся б безумоўным попытам.

У прынятым рашэнні райвыканкама намечаны шэраг канкрэтных мерапрыемстваў, выкананне якіх будзе садзейнічаць больш паспяховаму развіццю турыстычнай дзейнасці ў раёне.

Фота з сайта http://www.panoramio.com/photo/59501636

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *