Пятница, 25 сентября 2020

Пружанская типография приятно удивляет!

2 319

Сучасная паліграфія выйшла на новы ўзровень, і мясцовай друкарні трэба ўлічваць гэты факт. Менавіта з такіх пазіцый пачаў сваю дзейнасць у якасці дырэктара Пружанскай друкарні Аляксандр Віктаравіч Кузняцоў. Працяглы час асноўны аб’ём выпускаемай прадпрыемствам друкаванай прадукцыі прыходзіўся на бланкі. Таксама рабілі папкі з хуткасшывальнікамі і іншых канфігурацый, але ў нязначнай колькасці.

— Сёлета вядзецца размова пра мадэрнізацыю вытворчасці, што прымусіла задумацца і нас: што мы можам прапанаваць сучаснаму спажыўцу,— расказвае Аляксандр Віктаравіч.— Засталося зусім нямнога часу, і аб’ёмы заказваемай бланкавай прадукцыі знізяцца настолькі, што дастаткова будзе мець толькі аднаго чалавека з камп’ютарам і прынтарам, каб задавольваць такія заказы. Хаця ёсць і іншыя прыклады, калі падобныя арганізацыі не толькі выжываюць, але і працуюць рэнтабельна. Таму што пачалі выпускаць новую паліграфічную прадукцыю.

Па шляху мадэрнізацыі было вырашана ісці і ў Пружанскай друкарні. На сённяшні дзень, дзякуючы такім намаганням, эканамічнае становішча прадпрыемства значна выправілася: яно пачало выконваць свае абавязацельствы па плацяжах у бюджэт і па выплатах заработнай платы. Мясцовыя друкары выйшлі са сваёй прадукцыі і на рынкі суседніх з нашым раёнаў. Пэўныя аб’ёмы заказваюць нават брэсцкія фірмы. У выніку прадпрыемства дабілася рэнтабельнасці ў 14%.

Гэта агульныя лічбы, аднак больш за ўсё спажыўцоў прыцягвае менавіта канкрэтныя прапановы. І друкарні ёсць што прапанаваць.

— Спачатку мы пашырылі асартымент прадукцыі. Напрыклад, сталі рыхтаваць запрашэнні на юбілеі, вяселлі і іншыя ўрачыстасці. Спектр папоўнілі розныя віншавальныя адрасы,— гаворыць дырэктар прадпрыемства. — Потым вырашылі набыць самаклеючую паперу, на якую таксама наносіцца розная інфармацыя. У прыватнасці, сталі выпускаць рэкламныя лістоўкі, этыкеткі для бутэлек і іншай сувенірнай прадукцыі, якая такім чынам ператвараецца ў выдатны падарунак.

Каб задаволіць попыт на плакаты, друкары набылі новую машыну, якая можа якасна друкаваць у колеры. Трэба прызнаць, атрымалася сапраўды якасная прадукцыя даволі буйных фарматаў. Гэта дало магчымасць больш прыцягнуць кліентаў, паслугамі Пружанскай друкарні сёння актыўна карыстаюцца настаўнікі, якія рыхтуюць дыдактычны і раздатачны матэрыял.

Аднак гэта, як зазначае А.В.Кузняцоў, толькі невялікая доля таго, што можа прапанаваць сучасная паліграфія. У раёне ўвогуле не асвоены рынак сувенірнай прадукцыі, хаця турыстаў у нас штогод бывае нямала.

Як высветлілася, асвоіць такую прадукцыю нескладана, патрэбна толькі жаданне. Быў закуплены спецыяльны матэрыял — магнітная стужка, на які наносяцца выявы Пружан і Ружан. Зараз вырашылі асвоіць выпуск аб’ёмных магнітаў у пластыкавай абалонцы. Аднак крэатыў пружанскіх друкароў на гэтым не скончыўся.

— Напрыклад, ёсць звычайныя і магнітныя пазлы, якія вельмі падабаюцца не толькі дзятве, іх з ахвотай складваюць і дарослыя. Мы можам наносіць на гэту аснову практычна любыя малюнкі і фотаздымкі. У выніку гэта стане таксама запатрабаванай прадукцыяй не толькі сувенірнага характару, але і ў якасці прэзентаў.

Пэўныя спадзяванні прадпрыемства ўс-кладвае на зусім незвычайную для нашага горада прадукцыю — эксклюзіўныя футболкі. Падобныя рэчы сёння актыўна заказваюцца праз інтэрнэт-гандаль, у тым ліку і пружанцамі. У сярэднім самай нізкай якасці выраб абыдзецца менш чым у 170 тысяч рублёў. Зусім іншага характару прапановы мясцовай друкарні. Былі закуплены спецыяльныя футболкі расійскай вытворчасці. Справа ў тым, што наносіць адлюстраванні трэба на сінтэтычную паверхню. Аднак не многія рашаюцца карыстацца такой шкоднай прадукцыяй. Таму была выбрана найбольш падыходзячая прапанова. Напрыклад, матэрыял па тыпу «сэндвіча»: звонку ён выкананы з сінтэтыкі, а знутры — чыстая бавоўна. Асаблівую прапанову зрабілі Пружанскай друкарні і брэсцкае швейнае прадпрыемства, якое выпускае прадукцыю для спартсменаў: выкарыстоўваецца сінтэтычная тканіна, але яна мае выгляд сеткі, што дазваляе целу «дыхаць». Але якасць мясцовага «сувенірнага» адзення на гэтым не абмяжоўваецца.

— Танней перанесці выяву або надпісы на нейкую кальку і наклеіць яе на тканіну, што і робяць многія вытворцы,— тлумачыць Аляксандр Віктаравіч.— Пасля мыцця наклейка псуецца, што робіць выраб непрываблівым. Мы набылі спецыяльны тэрмапрэс, які награваецца да высокай тэмпературы і ператварае фарбу з трафарэту ў газ, які афарбоўвае валокны тканіны. У выніку атрымліваецца трывалы надпіс і малюнак, які мы спрабавалі вывесці рознымі адбельвальнікамі і растваральнікамі — нічога не атрымалася.

Асабліва прывабным выглядае і кошт такой прадукцыі: з нанясеннем адлюстраванняў з абодвух бакоў разам з футболкай абыдзецца ў 140 тысяч рублёў. Пры тым, што выраб займае нямнога часу, футболка можа выканана і ў прысутнасці заказчыка. На сённяшні дзень прадпрыемства можа наносіць адлюстраванні на адзенне ад 42 да 54 памераў, у будучым плануецца завезці футболкі-веліканы. Ці можна прыдумаць больш танны і такі незвычайны падарунак? Аднак такая прадукцыя будзе запатрабаванай не толькі ў якасці сувеніраў і прэзентаў, яна можа стаць і элементам дрэс-кода, які прыняты на многіх прадпрыемствах і ў арганізацыях раёна.

Але і на гэтым пружанскія паліграфісты не збіраюцца спыняцца: зараз вывучаюцца магчымасці па нанясенні такіх малюнкаў і надпісаў на фартухі, сумкі і іншыя рэчы. І такія прапановы плануецца запусціць у вытворчасць у бліжэйшы час.

Алег Сідарэнка.

На здымках: друкаваннем на футболках займаецца  пераплётчыца Т.І.Цапко; друкар Уладзімір Барысавіч  Клім;  пераплётчыца Г.М.Свістун; майстар вытворчасці І.Л. Урублеўскі.

Фота Аляксандра Мелеша.

Один комментарий

  • Мыкола

    о! маечку бы заказал, только вот как с размерами …
    а на что-нибудь кроме маечек наносят?

    Рейтинг комментария:Vote +10Vote -10

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *