Вторник, 22 сентября 2020

Некоторые зоны отдыха Пружанщины не приведены в порядок и к концу купального сезона

1 647

Пад канец сёлетняга купальнага сезона рэйдавая група з удзелам старшыні раённага таварыства выратавання на водах   Ю.М.Амельянчука зноў пабывала каля вадаёмаў, якія былі вызначаны зонай адпачынку. Нагадаем, што з падобнай інспекцыяй мы ездзілі ў пачатку купальнага сезона і адзначылі шэраг недахопаў. Адразу трэба адзначыць, што многія з іх былі выпраўлены. Напрыклад, на возеры каля в.Лінова, якое, згодна з рашэннем райвыканкама, было замацавана за некалькімі арганізацыямі, у тым ліку Аранчыцкай птушкафабрыкай, ААТ «Ліноўскае» і Аранчыцкім збожжапрыёмным прадпрыемствам. Гара смецця, якая некалькі гадоў высілася на беразе вадаёма, была ўбрана. Аднак сумна тое, што мясцовыя людзі і прыезджыя адпачываючыя не ацанілі падобныя намаганні: вандалы разбурылі грыбок з лаўкамі.

Ды і бяздзеянне адпаведных службовых асоб пры выкананні элементраных патрабаванняў, якія прад’яўляліся напачатку лета, зноў прымушаюць напамінаць, да чаго, напрыклад, прыводзіць адсутнасць кантэйнераў і сметніц для збору адходаў. У выніку бераг і воды возера засмечаны пустымі бутэлькамі з-пад піва і паперамі. Больш прыстойныя грамадзяне зносяць смецце ў спецыяльна адведзенае для кантэйнера месца, але ўсё роўна адтуль вецер разносіць усё па ўзбярэжжы.

Па-ранейшаму не хапае кантэйнера і ў зоне для адпачываючых на возеры каля в.Носкі. Хаця на гэты раз агульны выгляд месцаў адпачынку прыемна парадаваў: чысціня, пануе парадак у альтанках і месцах прыгатавання ежы. А вось стаянка для аўтамабіляў зроблена яўна малой: з-за недахопу месца машыны паркуюцца на вузкай дарозе або ўвогуле заязджаюць у зону адпачынку, што строга забаронена. Як адзначыў старшыня таварыства выратавання на водах, таксама тут не хапае стэнда для размяшчэння інфармацыі з папярэджаннямі аб правілах паводзін на вадаёмах.

А гэта вельмі неабходна, бо толькі на Брэстчыне ў бягучым годзе ў вадзе загінулі 58 чалавек, з іх трое непаўналетніх. Не абышла сумная статыстыка бокам і наш раён: утапіўся адзін чалавек. Асноўная прычына трагедый — алкагольнае ап’яненне у тых, хто вырашыў купацца. Гэта статыстыка магла быць яшчэ большай, калі б не аператыўныя дзеянні выратавальнікаў таварыства, якія дзяжураць на шэрагу вадаёмаў. Матросамі выратаваны 62 чалавекі, у тым ліку двое — пружанскімі.

У першыя дні восені   афіцыйна купальны сезон скончыцца і прыйдзе час рыбакоў. Аднак гэта не азначае, што сумную статыстыку можна адкласці на наступны год, здараюцца трагедыі і з аматарамі рыбнай лоўлі.

— Яны абавязкова павінны мець першасныя сродкі выратавання, напрыклад, выратавальную камізэльку,— зазначае Юрый Міхайлавіч.— У Беларусі за многія гады не зарэгістравана ніводнага выпадку гібелі чалавека, які меў такую абарону.

Алег Сідарэнка, Аляксандр Мелеш (фота).

На здымку: смецце на возеры каля в.Лінова.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *