Вторник, 22 сентября 2020

«Фуршеты» для механизаторов

1 203

Звыкла адбіраю зробленыя фотакарэспандэнтам здымкі для чарговай публікацыі. Тэма самая актуальная: жніво. Хочацца адлюстраваць і сумленную, адданую працу механізатараў і вадзіцеляў,  і выкананне ўмоў раённага спаборніцтва.

Адзін з пунктаў гэтых умоў — арганізацыя харчавання прама на полі – выконваецца ўсімі сельгаспрадпрыемствамі. Гэта пацвярджаюць і адпаведныя фота. Вось камбайнеры з усмешкамі на твары бяруць з рук такой жа радаснай раздатчыцы першае, другое і кампот. Вось хлопцы, звыкла прыстроіўшы акраец хлеба на вушка міскі, сёрбаюць суп… Па тварах відаць, смачна ядуць, з апетытам. Толькі які здымак лепш выбраць: той, дзе яны  стаяць у радок з міскамі ў руках, ці дзе прыселі на кукішкі?

На жаль, трэцяга варыянту здымкаў, дзе б удзельнікі жніва зручна ўселіся за сталом, у фатакора няма. Чаму? Таму што сельгаспрадпрыемствы раёна не практыкуюць такога спосабу арганізацыі харчавання на палетках.  Ды, пэўна, і не толькі раёна. Пагартала старонкі рэспубліканскіх газет. Усё тыя ж усмешлівыя твары і міскі ў руках…

Вы калі-небудзь трымалі ў руках металічную місачку, якія паўсюдна выкарыстоўвае грамадскае харчаванне, поўную гарачага баршчу? Так, за тыпавое металічнае вушка, не аздобленае сіліконавай ці эбанітавай накладкай. Калі трымалі, то вы не паверыце шчырым усмешкам камбайнераў: або боршч халодны, або міска пальцы апякае. У абодвух выпадках ад душы можна пасмяяцца толькі над карэспандэнтам, які імкнецца зрабіць пазітыўны  кадр.

Я разумею, што часу на абед у гарачую пару мала і расседжвацца за сталамі працаўнікам сяла няма як. Ды і звыклыя гэтыя маладыя і не вельмі мужчыны да палявых умоў, да знясільваючай спёкі і халоднага ветру, да працы ад цямна да цямна… Але ці такія выдаткі на наш час для гаспадаркі купіць лёгкі пластыкавы ці раскладны “турыстычны” столік і паўдзясятка брызентавых, таксама раскладных, табурэтаў? Ці такая нагрузка для работнікаў сталовай вазіць іх з сабою ў кухонным пікапчыку? Ці такая раскоша для механізатара паставіць на стол, накрыты чыстым абрусам, міску з супам і не думаць, як пальцы не апячы  і  хлеб не ўпусціць?

Шмат гадоў мы імкнемся даказаць, што Пружаншчына – сапраўды еўрапейскі рэгіён сапраўды  еўрапейскай краіны. Па многіх паказчыках нам гэта паспяхова ўдалося зрабіць. Засталіся, пэўна, дробязі. Але як жа падобныя дробязі псуюць агульную карціну! Напрыклад, вось гэтыя “фуршэты” для механізатараў. Разумею, што традыцыйна спакон вякоў земляробы на полі сталоў не ставілі: рассцілалі радно, сядалі ўкруг… Толькі мы заяўляем аб сваёй культуры ўжо ва ўмовах 21-га стагоддзя. Няўжо толькі на словах?

Культура ж — гэта не толькі праспяваныя на дажынках у гонар перадавікоў песні. Гэта — што-дзённая павага да прафесіі хлебароба, якая праяўляецца ў тым ліку і ў магчымасці паабедаць, седзячы за сталом.

А фуршэты… Хай яны застаюцца для выпадкаў, калі бакал шампанскага трэба закусіць канапэ з ласасінай.

Ірына Сядова, фота Аляксандра МЕЛЕША.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *