Воскресенье, 27 сентября 2020

Молодой пружанец погиб в драке, а виноватых нет?

4 611

Здарэнне, якое адбылося ў Пружанах ноччу 9 верасня 2012 года, ускалыхнула ўвесь горад. Тады ў выніку бойкі загінуў дзевятнаццацігадовы Вадзім Гвай.

У крымінальнай справе, з якой разбіраліся супрацоўнікі Следчага камітэта і пракуратуры амаль год, кропку паставіў суд 25 ліпеня бягучага года. Аднак апраўдальны прыгавор, які вынес суддзя І.А.Жытко абвінавачваемаму  Руслану Грыневічу, узняў паўторную хвалю людскога незадавальнення. Шматлікія тэлефанаванні паступалі і ў рэдакцыю.

Як вынікае з судовага разбіральніцтва, канфлікт у той трагічны вечар пачаўся з-за прадстаўніцы слабой палавіны. На танец у Палацы культуры дзяўчыну Руслана Грыневіча запрасіў іншы хлопец. Пакрыўджанаму кавалеру гэта не спадабалася. Высвятленне адносін прадоўжылася на вуліцы. Аднак канфлікт прадухілілі супрацоўнікі міліцыі, якія разнялі буянаў.

Паўторна для высвятлення адносін хлопцы сышліся на плошчы каля Палаца культуры. І зноў жа не без дапамогі сяброў іх удалося разняць. Адна кампанія рушыла ў бок лазні, другая – рэстарана. Аднак ненадоўга. Нечакана кампанія, у якой быў Вадзім Гвай, развярнулася і кінулася наўздагон “крыўдзіцелям”, якія рухаліся па вуліцы Сацыялістычнай.

Судом дакладна ўстаноўлена, што паміж сябрамі абвінавачваемага Р.М.Грыневіча і загінуўшага В.А. Гвая прыкладна ў 0 гадзін 40 мінут на праезнай частцы вуліцы Сацыялістычнай узнік паўторны канфлікт. Грыневіч прапанаваў дагнаўшым яго пабіцца “адзін на адзін”. Вызваўся Гвай. Аднак сябрам удалося іх супакоіць. Здавалася, наступіла доўгачаканае перамір’е, але Вадзім Гвай вырваўся з рук трымаўшых яго сяброў і зноў кінуўся на Грыневіча. Убачыўшы гэта, апошні выставіў насустрач нагу, на якую і наляцеў Вадзім. Затым падвыпіўшыя хлопцы  абмяняліся ўдарамі па тварах, а Грыневіч яшчэ нанёс адзін удар каленам у вобласць грудзей Гвая. Пасля гэтага іх расцягнулі. Вадзім адышоў ад Руслана і раптам упаў на зямлю. Пасля  шматлікіх судова-медыцынскіх экспертыз медыкі прыдуць да высновы, што смерць В.А.Гвая наступіла амаль імгненна ад рэфлекторнага спынення сэрца ад удару, які прывёў да тупой траўмы грудной клеткі.

Аднак ад якога? Смерць хлопца магла наступіць і ад удару аб выстаўленую нагу, і ад удару каленам у вобласць яго грудной клеткі. Эксперты не змаглі прыйсці да адназначнага вываду аб тым, ад якога траўмуючага ўздзеяння Вадзім Гвай атрымаў цялесныя пашкоджанні, што з’явіліся прычынай яго смерці. Таму вывад зрабіў суд, кіруючыся пастановай пленума Вярхоўнага суда Рэспублікі Беларусь “Аб прыгаворы суда”, дзе гаворыцца аб тым, што абвінаваўчы прыгавор не можа абапірацца толькі на здагадкі і павінен быць вынесены на падставе прэзумпцыі невінаватасці абвінавачваемага.

Прымаючы да ўвагі патрабаванні крымінальна-працэсуальнага заканадаўства аб тым, што ўсе сумненні ў абгрунтаванасці прад’яўленага абвінавачвання тлумачацца на карысць абвінавачваемага, а вывады суда, пакладзеныя ў аснову прыгавора, не могуць абапірацца на меркаванні, суд палічыў, што цяжкае цялеснае пашкоджанне, якое выклікала смерць пацярпелага, было атрымана В.А.Гваем пры ўдары грудной клеткі аб выстаўленую нагу Р.М.Грыневіча.

У судовым пасяджэнні таксама было дакладна ўстаноўлена, што абвінавачваемы Грыневіч, выстаўляючы нагу насустрач бягучаму Гваю, не меў намеру нанесці таму цяжкіх цялесных пашкоджанняў, ён абараняўся ад нападзення. Гэта нічым і нікім не абвергнута. У тым ліку і сведкамі здарэння — сябрамі пацярпелага.

Разам з тым, фармальна ў дзеяннях Грыневіча суд угледзеў прыкметы злачынства, прадугледжанага ч.1 арт.144 КК РБ (прычыненне смерці па неасцярожнасці). Аднак падстаў для перакваліфікацыі дзеянняў абвінавачваемага з ч.3 арт.147 КК РБ (наўмыснае прычыненне цяжкага цялеснага пашкоджання, выклікаўшага па неасцярожнасці смерць пацярпелага) не знайшоў. Бо, як патлумачылі ў судзе, змяненне абвінавачвання, па якім назначана судовае разбіральніцтва, на другое, што істотна адрозніваецца па фактычных абставінах, магчыма толькі па хадайніцтве дзяржаўнага абвінаваўцы. Падчас судовага разбіральніцтва гэтага зроблена не было.

Такім чынам, суд палічыў, што абвінавачваемы ў наўмысным прычыненні цяжкага цялеснага пашкоджання, якое выклікала па неасцярожнасці смерць пацярпелага, Р.М. Грыневіч падлягае апраўданню за адсутнасцю ў яго дзеяннях саставу злачынства.

Такі вердыкт суда, які ўлічыў усе тонкасці юрыспрудэнцыі. Пра гэта, вядома ж, не ведаюць і не жадаюць ведаць людзі, якія кіруюцца выключна эмоцыямі. І іх можна зразумець: у гібелі хлопца няма вінаватых… Аднак, аказваецца, эмоцыям таксама не варта даваць волю.

— Я не маю права даваць ацэнку законнасці вынесенага прыгавора, — пракаменціраваў старшыня суда Пружанскага раёна У.У.Саўчук. — Калі спатрэбіцца, гэта зробіць вышэйшая судовая інстанцыя – абласны суд. А вось аб недапушчальнасці рознага роду выдумак, якія знеслаўляюць гонар судовага работніка і якія актыўна распаўсюджваюцца ў сетцы інтэрнэт, скажу. Больш таго, у дачыненні некаторых карыстальнікаў інтэрнэт-партала “PRUZHANY. NET”, якія распаўсюджвалі паклёпніцкія здагадкі з абвінавачваннем ва ўчыненні асабліва цяжкага злачынства суддзі І.А.Жытко, у  пракуратуру раёна накіравана адпаведнае прадстаўленне. Я патрабую правядзення праверкі на прадмет наяўнасці ў дзеяннях карыстальнікаў інтэрнэт-партала саставу злачынства, прадугледжанага ч.2 арт.188  Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (паклёп).

P.S. Як нам стала вядома, пракуратура раёна апратэставала вынесены прыгавор, у сувязі з чым ён не ўступіў у законную сілу.

Галіна Каляда.

Один комментарий

  • Сторонний наблюдатель

    «Убачыўшы гэта, апошні выставіў насустрач нагу, на якую і наляцеў Вадзім. Затым падвыпіўшыя хлопцы абмяняліся ўдарамі па тварах, а Грыневіч яшчэ нанёс адзін удар каленам у вобласць грудзей Гвая. Пасля гэтага іх расцягнулі. Вадзім адышоў ад Руслана і раптам упаў на зямлю. Пасля шматлікіх судова-медыцынскіх экспертыз медыкі прыдуць да высновы, што смерць В.А.Гвая наступіла амаль імгненна ад рэфлекторнага спынення сэрца ад удару, які прывёў да тупой траўмы грудной клеткі.»

    Мне одному кажется, что если после выставленного колена Гвай смог ещё обменяться ударами, затем получить от Гриневича удар коленом в грудь, а мед. экспертиза установила, что смерть наступила почти мгновенно, то смерть наступила не от выставленного колена?

    Рейтинг комментария:Vote +1+1Vote -10

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *