Четверг, 26 апреля 2018

Около 200 сортов винограда выращивают садоводы-любители из Добучина

2 848

Вырошчваннем вінаграду на Пружаншчыне цяпер займаюцца многія садаводы-аматары. І ў гэтым няма нічога дзіўнага. Вінаград стаў звычайнай культурай у нашай мясцовасці.

У вёсцы Дабучын добра ведаюць сямейную пару Марыю Афанасьеўну і Міхаіла Васільевіча Петранёў. Пажылыя людзі жывуць у Пружанах, але большасць часу праводзяць на сваёй вясковай «дачы». Хутка будзе дзесяць гадоў, як яны сур’ёзна захапіліся вырошчваннем вінаграду.

— Я ездзіла нават у Пінск у апорны пункт па вырошчванні вінаграду, — гаворыць Марыя Афанасьеўна.

Пачыналі Петрані з вырошчвання вінаграду такіх сартоў, як «алёшанькін», «касманаўт», «амірхан». Цяпер на вінаградніку растуць каля 200 самых разнастайных тэхнічных і сталовых сартоў.

Як лічыць Марыя Афанасьеўна, кожны пачынаючы вінаградар павінен вызначыцца, што ён хоча атрымаць: буйныя сакавітыя ягады або добрае віно.

Навуковую інфармацыю пра вырошчванне вінаграду жанчына адшуквае ў кнігах і часопісах, падчас гутарак з іншымі вінаградарамі-аматарамі. Яна неаднаразова ездзіла ў Мінск на пасяджэнне клуба аматараў «Паўночны вінаград». Петрані бралі таксама ўдзел у рэспубліканскіх выставах, якія праводзяцца пад эгідай гэтага клуба і адзначаны ганаровымі дыпломамі. А старшыня клуба «Паўночны вінаград» Уладзімір Мікалаевіч Усцінаў наведаў вінаградную плантацыю ў Дабучыне.

Вінаграднік адбірае шмат часу. Вырошчванне саджанцаў і падрыхтоўка пасадачных ямак, абарона ад шкоднікаў і хвароб, надзейнае захаванне на зімовы перыяд. І гэта далёка не поўны пералік усіх работ.

Вядома, як зазначае Марыя Афанасьеўна, год на год не прыходзіцца, і ўраджайнасць многіх сартоў залежыць ад капрызаў надвор’я. Але ёсць сярод іх такія, што ніколі не падводзяць: «аркадзія», «кадранка», «мускат летні», «анюта»…

На здымку: Марыя Афанасьеўна і Міхаіл Васільевіч на сваім вінаградніку.

Мікола Архуцік, фота Аляксандра Мелеша.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *